Чэка-Бэка ды іншыя

№ 13 (1139) 29.03.2014 - 04.04.2014 г

У Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.Масленікава праходзіць выстаўка “Шлях” скульптара Андрэя Вераб’ёва. Аўтар праславутага “Агурка”, усталяванага ў Шклове, і некаторых іншых гарадскіх скульптур побытавай тэматыкі, тут ён паўстае глыбокім, удумлівым майстрам-філосафам, здольным на нечаканыя мастацкія фантазіі і нават “хуліганства”. Канцэпцыйнасцю прасякнута і кожная работа паасобку, і цыклы-серыі твораў, і ўся выстаўка ў цэлым, пачынаючы з увахода. “А дзе ў вас нармальныя дзверы?” — пытаюцца збянтэжаныя наведвальнікі, не рашаючыся зрабіць крок. Бо ўваход аформлены ў выглядзе вялізнай замочнай адтуліны, “дзірка для ключа” ў якой нагадвае абрысы чалавечай фігуры. Нішто сабе — гэткі “пралом”, які асацыюецца яшчэ і з камедыйнымі “праходамі” праз сцяну-плот-акно ў мульціках ды кіно! Насамрэч, гэта сапраўдны ключ да ўсёй экспазіцыі, якая ў поўнай меры можа быць названа (як і творчасць А.Вераб’ёва ўвогуле) нават антрапалагічнай, антропацэнтрысцкай, а таксама шмат у чым парадаксальнай. У цэнтры большасці работ — чалавек. Але як па-рознаму ён выглядае! Нават на аўтапартрэтах. Скульптара цікавіць не знешняе падабенства, а ўнутраная сутнасць, выяўленая праз багатыя асацыятыўныя шэрагі: аўтапартрэт — гэта крыж, кніга, рыцарскае забрала, кроплі-падцёкі са свечкі, маска (у самых розных сэнсах — ад тэатральнай да псіхалагічнай). “Аўтапартрэт, з якога ўсё пачыналася” (1983) яднае традыцыі драўлянай скульптуры з біблейскай тэмай. “Партрэт на 40-годдзе” (2009) — падобны адначасова на крыж, прывід, кляновы ліст, паветраны змей. Далоні выглядаюць як дзівосная каменная кветка — накшталт чароўнай купальскай, што вось-вось заззяе цёплым таямнічым агеньчыкам. Чалавечы пачатак — праз постаць ці твар — бачны ў выявах свечкі, распіле дрэва, галінках, у музычных інструментах, рыбацкім круку, люстэрку, лямпачцы. Яшчэ часцей сустракаюцца “падвойныя” партрэты: цэлая энцыклапедыя пацалункаў, шматлікія спалучэнні твараў і масак, варыяцыі на тэму “інь і янь”.

/i/content/pi/cult/473/10057/9-1.jpg

/i/content/pi/cult/473/10057/9-2.jpg

У гэтым сэнсе твор, інтрыгоўна названы “Чэка-Бэка”, — таксама ў чымсьці працяг “падвойных” партрэтаў. У адным з трох выставачных пакояў да столі на нітачцы падвешаны “партрэт” знакамітага “Чорнага квадрата” Казіміра Малевіча. А ў левым ніжнім куце — надпіс “Ч.Б.” белымі літаркамі. На зваротным баку — наадварот, белы квадрат з адпаведнымі чорнымі літаркамі. А ўсё разам — згаданая “Чэка-Бэка”, якая пры любым подыху паветра пачынае паварочвацца да гледача то адным, то другім сваім бокам. Невыпадкова гэтая работа суправаджаецца вывешаным на сцяне аўтарскім каментарыем, які пераконвае яшчэ і ў адметным літаратурным стылі аўтара. Яшчэ адной “Чэкай-Бэкай” становіцца згаданы вышэй уваход на выстаўку: звонку — белы, знутры, што бачна на выхадзе, — чорны.

Ды ўсё ж самае, бадай, яркае ўражанне пакінула дрэва, створанае з літар. Скульптурная кампазіцыя прызначалася да аднаго з Дзён пісьменства. Але там змясцілі толькі частку — хлопца з дзяўчынай, якія разам чытаюць кнігу, адну на дваіх. Добра, канешне, але гэты ўпісаны ў гарадскі ландшафт фрагмент — усё ж куды менш сімвалічны, чым убачанае мной “дрэва”. Ствол таго “дрэва” нагадвае калоссе (як тут не ўзгадаць яшчэ і “Дажынкі”), абвітае стужкамі. А на тых стужках — беларускамоўныя прыказкі-прымаўкі. Каб іх прачытаць, трэба вакол “дрэва” некалькі разоў абысці, узнімаючыся вачыма ўсё вышэй ды вышэй, да самай кроны, цалкам складзенай з літар. А на кожнай літары яшчэ і словы напісаны, што з яе пачынаюцца, — каларытныя, беларускамоўныя. Чым не дапаможнік па вывучэнні азбукі?

Трэба спадзявацца, літарнае дрэва калі-небудзь з’явіцца пасярод гарадскога пейзажу — можа, нават сталічнага. А канцэпцыйныя работы Вераб’ёва, хочацца верыць, можна будзе бачыць у яго родным Магілёве не раз на некалькі гадоў (мінулая такая выстаўка гэтага адметнага майстра была ажно ў 2002-м), а штодня — у ягонай галерэі. Скульптар даўно марыць, каб у яго была не толькі майстэрня, але і выставачная прастора. Нават на гэтай даволі разгорнутай выстаўцы, змешчанай у трох залах музея, да супрацоўнікаў і самога майстра падыходзяць наведвальнікі, пытаючыся, дзе яшчэ можна паглядзець яго творы.

— Я вельмі ўдзячны музею і яго супрацоўнікам, — кажа Андрэй Алегавіч, — што яны пайшлі мне насустрач і не толькі дапамаглі зладзіць выстаўку (а гэта заўсёды вялікая складаная праца — арганізацыйная ды мастацкая), але і пагадзіліся адкрыць выстаўку акурат у дзень майго нараджэння — 10 сакавіка. І гэта нягледзячы на тое, што па панядзелках у музеі традыцыйна выхадны дзень. Гэтая выстаўка ў мяне далёка не першая. Але калі раней у час такіх экспазіцый майстэрня заставалася спустошанай, дык зараз там пакінута яшчэ шмат не менш цікавых работ. Але мне хочацца, каб іх бачылі людзі. Яны ж для іх і ствараліся!..

Дадамо, што галерэя Андрэя Вераб’ёва магла б стаць не толькі “імянной” пляцоўкай для захавання ды дэманстрацыі яго скульптур, але і месцам правядзення творчых сустрэч з іншымі майстрамі, якіх на Магілёўшчыне нямала.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"