L.B. Народжаны ў Мінску

№ 13 (1139) 29.03.2014 - 04.04.2014 г

"Вялікі і жахлівы" першы прадзюсар "залатога веку" Галівуда
...А цяпер я раскажу пра тое, дзе і як “ствараўся” сам Лазар Маер. Самая галоўная разыначка ў ягонай біяграфіі, цікавая асабіста для мяне, заключаецца ў тым, што яго малая радзіма — губернскі горад Мінск. Нарадзіўся ён… Але тут існуюць розныя версіі адносна дакладнага дня і нават года ягонага з’яўлення на свет: ці то 1884-ты, ці то 1885-ты… Хтосьці кажа, што ён нарадзіўся 12 ліпеня, а ўжо ў Штатах гэты дзень змяніў у пашпарце на 4 ліпеня, спецыяльна прымеркаваўшы яго да Дня Незалежнасці ЗША, тым самым жадаючы паказаць, што ён не нейкі там “эмігранцішка”, а “сапраўдны амерыканец”. Можа, і так. Але я прытрымліваюся меркавання яго дачкі Айрын Маер Сэлзнік: 4 ліпеня 1884 года, горад Мінск.

/i/content/pi/cult/473/10056/15-3.jpg

У вобразе Маера ў стужцы "Авіятар" —  акцёр Стэнлі ДзіСанціс.

/i/content/pi/cult/473/10056/15-1.jpg /i/content/pi/cult/473/10056/15-2.jpg

Так здымалі знакамітую застаўку "MGM"; Луіс Маер ля свайго аўто.

(Працяг. Пачатак у №№ 8, 10, 12.)

Дакладна не вядома, дзе жыла сям’я Маераў. Хутчэй за ўсё — у раёне Ракаўскага прадмесця (сённяшнія вуліцы Ракаўская, Віцебская, Замкавая, Дзімітрава і Вызвалення). Менавіта тут з XVIII да пачатку XX стагоддзя пражывала большасць яўрэйскай бядноты і людзей сярэдняга дастатку. Падкрэслю, напрыканцы пазамінулага стагоддзя ў Мінску налічвалася больш як палова насельніцтва з яўрэяў. Астатнія — беларусы, палякі, рускія, татары, хаця ўсе яны належалі да “грамадзян Расійскай імперыі”. А ўжо на пачатку ХХ стагоддзя яўрэяў стала менш, бо многія з іх эмігрыравалі за кардон у пошуках лепшага жыцця.

Вялікая частка старых вуліц Ракаўскага прадмесця ў 1960 — 1970-я была знесена пры рэканструкцыі Нямігі і пракладанні Паркавай вуліцы (потым — Машэрава, цяпер — праспект Пераможцаў). Была знішчана і гатычная, так званая халодная, сінагога, куды маглі хадзіць старыя Маеры. А мо яны наведвалі іншую сінагогу, якая працавала на цяперашняй вуліцы Дзімітрава, 3. Яна дзейнічала цягам другой паловы XIX стагоддзя і да 1924-га, калі была закрыта новай уладай. У час нямецкай акупацыі Мінска фашысты яе спалілі, а пасля вайны яна была наноў адбудавана пад мастацкія майстэрні. У свой час я там часта гасцяваў у мастакоў Я.Красоўскага, М.Назарчука, А.Курачкіна, С.Адашкевіча, А.Ткачонка, В.Маркаўца, Л.Дубара, Р.Кудрэвіч і А.Гугеля… Непадалёк была яшчэ адна сінагога, пабудаваная на сродкі купца Зальцмана ў 1864-м, якую за савецкім часам прыстасавалі пад шахматна-шашачную школу. Словам, бацькам Лазара Маера было куды хадзіць. А чым яны займаліся — дакладна не вядома: можа, дробным гандлем ці рамяством. Сям’я Маераў была немаленькая: у Мінску, яшчэ да ад’езду ў эміграцыю, нарадзіліся дачкі Эта і Іда, потым — наш герой, а ўжо ў ЗША — Рубін (Рудольф) і Іерэмія (Джэры).

Што паслужыла канкрэтнай прычынай ад’езду сям’і Маераў за акіян — таксама не ведаю. Хаця што тут шукаць нейкія прычыны? Менавіта ў апошняй чвэрці пазамінулага стагоддзя пачаўся масавы сыход яўрэяў з Расійскай імперыі. Прычыны? Пагромы, узаконеная бяспраўнасць, рыса аседласці, галеча і адсутнасць перспектыў. Для адрынутых і прагных да свабоды зямля ЗША, дзе людзі карысталіся роўнымі, аднолькавымі правамі і магчымасцямі, уяўлялася казачнай краінай. Скажам, у перыяд вялікай эміграцыі (1881 — 1913 гг.) тут знайшоў прыстанак 1 мільён 370 тысяч яўрэяў, трэць якіх — з Беларусі (больш за 90 тысяч — з Мінскай губерні). Хтосьці адшукаў сваё “шчасце”, хтосьці проста “растварыўся” і знік на чужыне. Сярод тых, хто ўсё ж такі “прабіўся ў людзі”, калі казаць пра кіно, — такія выдатныя нашчадкі эмігрантаў з Беларусі, як чацвёра братоў Уорнераў — Гары, Сэм, Альберт і Джэк, — якія пасля доўгіх “трудов и дней” заснавалі ў Галівудзе кінастудыю “Warner Вros. Pictures”. З Гомеля ў ЗША з’ехалі бацькі будучай зоркі Галівуда — Кірка Дугласа, знакамітага героя фільмаў “Спартак”, “Прага жыцця” (Ван Гог) і “Прыгоды Адысея”. У Мінску нарадзіліся дзядуля і бабуля другой зоркі Галівуда — кінаакцёра Харысана Форда (“Зорныя войны”, “Індыяна Джонс”). Імёны выдатных дзеячаў культуры ды іншых сфер, якія пакінулі Беларусь, можна доўга прыгадваць, але гэта іншая гісторыя…

Так, працягваю свой расповед пра Маера. Калі Лазару споўнілася тры гады, сям’я “знялася з якара” і пасля шматлікіх прыгод апынулася ў ЗША. Доўга там Маеры не затрымаліся (штосьці там не задаволіла з пошукам працы) і з’ехалі ў канадскі горад Сент-Джон. Там Лазар пайшоў у школу, дзе маленькага хлопца — сына эмігрантаў, якія немаведама адкуль раптам з’явіліся, аднакласнікі сустрэлі, мякка кажучы, не вельмі ласкава: маленькаму, але моцнаму Лазару даводзілася абараняць свой гонар кулакамі. І ён хутка прымусіў усіх равеснікаў сябе паважаць. Думаю, што гэта якраз і загартавала яго характар. Ён насуперак усяму вырашыў дабіцца таго, што не ўдалося ў жыцці ягоным бацькам — славы і вялікіх грошай. Пакуль жа дапамагаў тату ў яго маленькай фірме “Маер і сыны” збіраць металалом ды ўтылізаваць бытавыя адходы, а таксама — маці, якая з ранку да вечара працавала на птушкаферме.

Ішоў 1904 год… Лазар на амерыканскі манер ужо стаў Луісам і, жадаючы быць самастойным “вяршыцелем уласнага лёсу”, паехаў у Бостан працягваць справу бацькі: займацца металургічным бізнесам. Была ў яго і іншая прычына пераезду ў Штаты: каханне да Маргарэт Шэнберг, дачкі бостанскага гандляра мясам, з якой ён пазнаёміўся яшчэ ў Сент-Джоне… па фатаграфіі. У знаёмых пабачыў ейны здымак — і закахаўся так, што вырашыў яе адшукаць. А жыла яна ў Бостане. Адшукаў. Хутка яны пабраліся шлюбам. Спачатку, каб утрымліваць сям’ю, Маер узаконіў маленькае ўласнае прадпрыемства па зборы металалому і ўборцы смецця. З’явіўся першы невялічкі даход.

Існуе версія, што аднойчы Лазар знайшоў вялікую суму грошай у кішэні штаноў, здадзеных ва ўтыль жонкай мясцовага банкіра, і вярнуў знаходку гаспадыні. Узрушаная сумленнасцю хлопца, тая папрасіла мужа аддзячыць яму, і банкір уладкаваў Лазара на працу ў мясцовы кінатэатр. Кіно, паводле легенды, так уразіла Маера, што ён змог выкупіць памяшканне суседняга занядбанага тэатра-кабарэ, каб адкрыць у ім уласны маленькі кінатэатр. Перш-наперш прывёў у парадак інтэр’ер, прыбраў смецце (тут ён быў дока!) і набыў некалькі папулярных нямых фільмаў для пракату, а праз некалькі гадоў нават атрымаў дазвол на пракат самай знакамітай на той час стужкі Д.У. Грыфіта “Нараджэнне нацыі”, якая прынесла яму ўжо вялікія грошы...

Словам, даходы Маера раслі як на дражджах з кожным днём, і малады бізнесмен вырашыў скупіць кінатэатры па ўсім усходнім прыбярэжжы ЗША. Праз нейкі час, разам з Л.Сэлзнікам, ён стаў уладальнікам самай буйной у Новай Англіі сеткі кінатэатраў. Калі ў 1917-м на яго далёкай радзіме адбылася рэвалюцыя, Луіс стварыў сваю першую кінакампанію “Alko”, якую хутка перайменаваў у “Metro”, і пераехаў з сям’ёй у Лос-Анджэлес. Так пачалася новая старонка ягонай біяграфіі. А ў 1924-м кампанію “Metro” набыў стары сябра Маера — Маркус Лоеў (дарэчы, бацькі яго былі з Гомельскага Палесся), а сам Маер, па ўмовах дагавора, стаў пакуль што яе віцэ-прэзідэнтам. Такім чынам, свой гістарычны адлік гэтая кінакампанія Галівуда пачала акурат 90 гадоў таму.

Колішні крамнік Маркус Лоеў на той час валодаў найбуйнейшымі сеткамі кінатэатраў ЗША, і ім была здзейсненая надзвычайная здзелка ў гісторыі кінематографа: ён купіў кінастудыю “Goldwyn Pictures”, якую заснаваў Сэмюэл Голдвін, і зліў разам з “Metro Pictures” і “Mayer Pictures”, якімі кіраваў Луіс Маер. Канешне ж, Маркус адразу ж прыняў рашэнне здымаць уласныя фільмы, каб скараціць у першую чаргу выдаткі на пракат карцін. На пасаду генеральнага дырэктара прызначаецца Луіс Маер (ён жа віцэ-прэзідэнт), і кампанія набывае назву “Меtrо-Goldwin-Mayer” (MGM), а яе прэзідэнтам выступае Нікалас Шэнк.

Лагатыпам новай кампаніі стаў леў, які рыкае, у арэоле з кінаплёнак, дзе напісана на лацінскай мове: “Ars gratia artis” (“Мастацтва ўдзячнае сваім творцам”). І гэта так. “Калі будзе напісана гісторыя першых пяцідзесяці гадоў існавання Галівуда, — казаў у 1947-м кінакрытык Бад Шульберг, — яна будзе прысвечана яшчэ не завершанай барацьбе паміж дзелавой машынай і тымі таленавітымі мужчынамі ды жанчынамі, якія, уваходзячы ў Галівуд, адмовіліся пакінуць ля яго парога асабісты гонар ды сумленне мастака”. І ў гэтай гісторыі наш зямляк Луіс Маер з’яўляецца адным з галоўных будаўнікоў сусветнай кінаімперыі пад назвай “Галівуд”.

…Пасля нараджэння MGM Луіс Маер узяўся за работу, закасаўшы рукавы. У ягонай галаве круціліся грандыёзныя, амбіцыйныя праекты: зрабіць кінакампанію самай прыбытковай, магутнай і “зорнай” карпарацыяй. У якасці памочніка па кінабізнесе Маер узяў Ірвінга Тальберга, які быў цалкам заняты кінавытворчасцю. Дзякуючы яму кампанія ў 1925 годзе выпусціла карціны “Вялікі парад” і “Бен Гур”. Іх выхад у пракат прынёс ашаламляльны поспех. Кампанія адразу стала лідарам Галівуда ва ўсіх адносінах. MGM займала лідарства па колькасці знятых за год фільмаў, на яе працавалі лепшыя з лепшых: юрысты, тэхнікі, журналісты, кіназнаўцы, медперсанал... Тут “узышлі на трон” самыя дарагія “зоркі” кіно, такія як Кларк Гейбл, Луіза Райнер, Джон Барымор, Морын О’Саліван, Мікі Руні, Бастар Кітан, Норма Шырэр, Роберт Тэйлар, Кэтрын Хэпбёрн, Фрэд Астэр, Джын Келі, Джудзі Гарланд, Фрэнк Сінатра ды шмат іншых знакамітасцей. Тут зараблялі на кавалак хлеба і замежныя, і рускія акцёры-эмігранты, хаця і не ў галоўных ролях, але ўсё ж на жыццё хапала. Праўда, некаторым “чужаземцам” удавалася дасягнуць у ЗША значных вяршынь на кінаалімпе.

Акрамя ўсяго іншага, Луіса Маера можна лічыць і стваральнікам анімацыйнага жанру. Менавіта на ягонай студыі з’явіліся мультсерыял “Том і Джэры”, анімацыйныя стужкі “Гарачы Чырвоны Каптурык”, “Галавакружная Папялушка”, “Тужлівы”, фільмы пра медзведзяня Барні, сабачку Друпі, жабяня Фліпа. За дзесяць гадоў, пачынаючы з 1943-га, мульцяшныя персанажы заслужылі аж сем “Оскараў” і сталі вядомыя ўсяму свету.

Пад канец саракавых гадоў Амерыку пазапаўнялі малабюджэтныя фільмы; з гэтым было звязана падзенне цікавасці да кінатэатраў. Да таго ж, з’яўляецца моцны апанент кіно — тэлебачанне. Да 1951-га ў Галівудзе перамагло меркаванне, што метады Маера састарэлі: быццам бы яны садзейнічалі касаваму крызісу, які перажывала ў той час амерыканскае кіно. Быў патрэбен свежы “фармат”, у які пастарэлы Луіс Маер ужо не ўпісваўся. Каб вярнуць студыі былы бляск, праўленне фірмы прызначыла на месца Маера прадзюсара, рэжысёра і сцэнарыста Дора Шары, дзеяча новай фармацыі. Але Маер заставаўся ганаровым віцэ-прэзідэнтам МGМ да канца свайго жыцця…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"