Бывай, браце Навум!

№ 13 (1139) 29.03.2014 - 04.04.2014 г

З Германіі прыйшла сумная вестка. На 78-м годзе жыцця памёр вядомы пісьменнік, публіцыст, журналіст і цудоўны чалавек Навум ЦЫПІС. Сталы сябра рэдакцыі, ён у другой палове 1990-х працаваў у “Культуры” спецыяльным карэспандэнтам, глыбокія і эмацыйна-чытэльныя матэрыялы якога ўпрыгожвалі палосы.

/i/content/pi/cult/473/10055/14-5.jpgКалі амаль дваццаць гадоў таму Навум Цыпіс з’ехаў у Брэмен для аперацыі на сэрцы, дык і адтуль ён дасылаў артыкулы ды эсэ, якія вылучаліся прафесіяналізмам ды вастрынёй...

Ён нарадзіўся ва Украіне, пад Вінніцай, вучыўся ў Курскім педагагічным інстытуце, нейкі час настаўнічаў у прафтэхвучылішчы, а з 1965-га, з лёгкай рукі Янкі Брыля, — стаў актыўна друкавацца ў беларускіх сродках масавай інфармацыі. Тут жа, на другой радзіме, у Беларусі, Навум Фраімавіч стаў і цікавым пісьменнікам са сваёй арыгінальнай мовай, тэмамі і сюжэтамі, прысвечанымі шматаблічнай сучаснасці і добрым людзям, якія акружалі аўтара на працягу ўсяго жыццёвага шляху. Яго аповесці, зборнікі апавяданняў і мініяцюр — “Неба Марка Галая”, “Дзесьці ёсць горад”, “Балканская рама”, “Спроба літаратурнай біяграфіі”, “Вінніцкія навелы”, “Прыгавор”, “Старыя дарогі”, “Той, хто ратуе, — уратуецца”, “Іду і вяртаюся”, “Білет да Вінніцы” — чытаюцца, бо ўяўная прастата мовы напоўнена глыбіннымі метафарамі ды цёплымі адносінамі да персанажаў.

Навум Цыпіс быў чалавекам шырокай і адкрытай душы ды гарачага сэрца. У яго, вялікага аптыміста, было шмат сяброў розных прафесій, узростаў і сацыяльнай прыналежнасці, асабліва сярод літаратараў, журналістаў, мастакоў, музыкантаў. І калі ён амаль штогод прыязджаў на некалькі дзён з Брэмена ў Мінск, дык найперш за ўсё завітваў у нашу рэдакцыю, дзе яго сустракалі як самага дарагога сябра і калегу. І тады ўсе мы ўзгадвалі былое ды будавалі творчыя планы... Прыкладна год таму Навум Цыпіс апошнім разам наведаў наш творчы “прыстанак”. Ён расказваў, што ў Вінніцы рыхтуецца да друку яго новая кніга. Усё здавалася тады светлым і цудоўным… І сэрца сябра тады не турбавала…

І вось — фінал. Але Навум застанецца ў нашай памяці, застануцца і яго кнігі, артыкулы, якія не будуць старэць… Ён вельмі любіў Беларусь... Бывай, дарагі Навум!..

“Культура”ўцы