Ах, танга… з эканомікай

№ 13 (1139) 29.03.2014 - 04.04.2014 г

Пра фестываль, яго рэкламу і... банданеон
Фестываль на самаакупнасці, ды яшчэ з замежнымі гасцямі-турыстамі? Менавіта такім з’яўляецца штогадовы Мінскі веснавы танга-фестываль. Сёлета ён сабраў каля 300 удзельнікаў, у тым ліку больш за 60 прадстаўнікоў такіх краін, як Аргенціна, Вялікабрытанія, Германія, Данія, ЗША, Італія, Латвія, Літва, Нарвегія, Нідэрланды, Польшча, Расія, Турцыя, Украіна, Фінляндыя, Францыя, Швейцарыя, Швецыя.

/i/content/pi/cult/473/10051/13-1.jpg

/i/content/pi/cult/473/10051/13-2.jpg

Пад час фестывалю. / Фота Настассі ШЫЛІНАЙ

Арганізатарамі свята аказаліся чацвёра маладых людзей. Прадстаўнікі розных прафесій, усе яны літаральна закаханы ў танга: графічны дызайнер Марыя Галачкіна, праграміст Мікіта Ціхаміраў, супрацоўнік канцэртнага агенцтва Дар’я Сухарукава і акаўнт-менеджар піяр-кампаніі па праектах у сферы культуры Ларыса Гераўкер.

А яшчэ я магу...

Пра тое, што зменшыць сабекошт можна, правёўшы частку работ “на грамадскіх пачатках”, ведаюць усе. Бурнае развіццё фестывальнага руху спарадзіла армію валанцёраў, функцыя якіх, часцей за ўсё, — прынесці-аднесці, сустрэць-праводзіць, дапамагчы і г.д. У большасці выпадкаў узнагародай за такую працу становіцца магчымасць “прапаўзці” на мерапрыемства без білета, прад’явіўшы бэйджык. На танга-фестывалі — усё крыху інакш. Аб’ём арганізацыйных работ падзелены, як ролі ў спектаклі. Кожны займаецца тым, што ў яго атрымліваецца лепш. І ведае, што акрамя яго ніхто іншы гэтага не зробіць — па меншай меры, на тым жа прафесійным узроўні: распрацоўка і вядзенне сайта, дызайн, пошук і арэнда прыстасаваных залаў, бясплатныя візы для гасцей (вядома, пры адпаведных пісьмовых зваротах у Міністэрства культуры і Міністэрства замежных спраў, якія пайшлі насустрач).

Купляйце!, або Інфармпадтрымка

Танга-фестываль — гэта не цыкл канцэртаў, а штосьці накшталт некалькіх вялікіх “дыскатэк”, дзе пануе “танга, толькі танга”, а часам можна пачуць і чакарэру — аргенцінскі народны танец XIX стагоддзя, які выконваюць у пары, пры гэтым партнёры не датыкаюцца адно да аднаго. Чакарэру часам ставяць на фестывалях і гарадскіх мілонгах, каб разнастаіць вечар танга.

Фестываль танга — гэта не тая “масавая” імпрэза, што збярэ стадыён. І не трэба! Арганізатары шукаюць менавіта сваю аўдыторыю, а яна не такая, насамрэч, і малая. Да таго ж, рознаўзроставая. А яшчэ — інтэрнацыянальная!

На гэта скіравана і тое, што прынята называць “рэкламай”: перш чым прыдбаць білет на нейкае мерапрыемства, трэба хаця б ведаць, што такое мерапрыемства адбудзецца. Танга-фестываль мае свой сайт ды групу ў сацыяльнай сетцы. Апошняе зручна яшчэ і тым, што карыстальнікі адразу пазначаюць, хто з іх на фестываль прыедзе-прыйдзе. Адны працягваюць іншых — так гэта і працуе. Можна набыць білеты адразу на ўсе платныя мерапрыемствы (так званы фулпас), можна — на асобныя мілонгі (танцавальныя вечары). Майстар-класы ад замежных выкладчыкаў праводзяцца ў рамках фестывалю, але аплачваюцца асобна. Такія ўрокі даступныя для ўсіх ахвотных, хто ужо мае досвед, і з’яўляюцца вельмі карыснай часткай фестывалю.

Для прыцягнення большай колькасці гасцей выкарыстоўваюць і “сарафаннае радыё” — распаўсюджванне інфармацыі “з вуснаў у вусны”. А таксама — “з рук у рукі”: праз флаеры. І самі арганізатары, і непасрэдныя ўдзельнікі кожнага з мінскіх танга-фестываляў часта бываюць на падобных святах у замежжы, знаёмяцца з тамтэйшымі прыхільнікамі аргенцінскага танга. І, вядома, распавядаюць пра нашы танцавальныя “сакавіцы”, запрашаюць прыехаць. Так што пошук аўдыторыі вядзецца мэтанакіравана, менавіта ў тым асяродку, дзе патэнцыйна ёсць зацікаўленыя. Звяртаю на гэта асаблівую ўвагу, бо рэклама на многія канцэрты, спектаклі запускаецца “ў паветра”: афішы расклейваюцца, ролікі круцяцца, а ў выніку — інфармацыя даходзіць да ўсіх, акрамя тых, каму яна патрэбна.

Праезд-пражыванне-харчаванне на танга-фестывалях (і гэта не толькі наша, але і замежная практыка) — за кошт удзельнікаў. Выключэнне складаюць хіба педагогі майстар-класаў і ды-джэі, але апошніх таксама імкнуцца рассяліць “па хатах”: такі прынцып культурнага абмену даўно ўжываецца ў замежжы. Але падобныя ўмовы дыктуюць яшчэ большую ўвагу да праграмы, дзеля якой замежнікі былі б гатовы ўзяць адпачынак за свой кошт (на адзін дзень — пятніцу, каб у панядзелак зранку ўжо быць на працы), прыехаць ды застацца задаволенымі.

Прыемныя “дробязі” і праблемы

На свяце важна ўсё, а найперш — атмасфера. Праграма Танга-фестывалю ў вялікай ступені залежыць ад ды-джэяў — тых, хто будзе не проста “ставіць музыку”, а ствараць драматургію, чуйна рэагуючы на запатрабаванні аўдыторыі і шмат у чым “прадказваючы” яе пажаданні. Заўсёднікі мілонгаў ведаюць многіх ды-джэяў, як мы — папулярных выканаўцаў. І часта едуць мэтанакіравана — на сваіх улюбёнцаў. Але паўтараць штогод адны і тыя ж раскручаныя імёны — вялікая памылка. Таму арганізатары шукаюць, знаходзяць, нават адкрываюць ды “выхоўваюць” новыя знакамітасці.

Яшчэ адной “фішкай” становяцца жывыя музыканты, знайсці якіх — яшчэ цяжэй. Але сёлета, нягледзячы на не самыя спрыяльныя ўмовы, ужо ў трэці раз на Мінскі фестываль прыехала трыа з Кіева — “Trinidad Arfo” ў нечаканым складзе: банданеон, віяланчэль, фартэпіяна. Падобных “танга-аркестраў”, як іх называюць у Беларусі, на жаль, няма. Справа ў тым, што ў склад сапраўднага танга-аркестра абавязкова павінен уваходзіць банданеон. Без гэтага інструмента пад музыку танга даволі складана танчыць. Але арганізатары спадзяюцца, што да наступнага года яны змогуць скласці такі калектыў, бо ў рэспубліцы з’явілася галоўнае: вядомы беларускі баяніст набыў у замежжы банданеон (на сёння — адзіны ў краіне) і асвоіў ігру на ім.

Спрацоўваюць і такія маленькія дэталі па стварэнні атмасферы фестывалю, як раздрукоўкі для гасцей: як куды праехаць, дзе смачней і танней пад’есці, дзе і што можна паглядзець, што асабліва актуальна для замежнікаў ды гамяльчан (у іншых беларускіх рэгіёнах аргенцінскае танга пакуль, на жаль, не развіваецца). Дадатковы настрой ствараюць і жывыя кветкі, змешчаныя на кожным століку: некалькі жоўтых гербер ззяюць, быццам сонейкі (дарэчы, кветкі былі беларускія, а не прывезеныя, што значна сэканоміла грошы)...

Надалей арганізатары збіраюцца шукаць спонсараў. “Зандзіраванне глебы” пачалося. Але справа не толькі ў тым, што маўляў, “грошай мала”, а ў тым, што прыдатных для танцаў залаў становіцца менш. Сёлета іх знайшлі тры. Але павелічэнне колькасці ўдзельнікаў будзе патрабаваць і памяшканняў — светлых, прасторных, з паркетнай падлогай. А між тым, пры кожным чарговым рамонце ў культурных установах фае ды іншыя пляцоўкі выкладаюць пліткай… Адно не выклікае сумневаў: працягваць і развіваць такія фестывалі трэба. Бо яны таксама працуюць на імідж краіны.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"