План павінен быць рэальным

№ 13 (1139) 29.03.2014 - 04.04.2014 г

Таццяна КАВАЛЁК, Бярозаўскі райвыканкам:
Культура Бярозаўскага раёна — запамінальная. У першую чаргу — яркімі мерапрыемствамі. Узяць да прыкладу, абласное свята гумару ў Спораве. Ці любы бібліятэчны праект мясцовага аддзела маркетынгу…

/i/content/pi/cult/473/10050/12-4.jpg— Любы рабочы план павінен быць рэальным. Любую задачу, вынесеную на парадак дня, мы абавязаны вырашыць з мінімальным прыцягненнем пазараённых грашовых сродкаў. У адваротным выпадку, гэта не план будзе, а пустая балбатня.

Днямі ў нас прайшлі раённы музычны конкурс, выбарчая кампанія: на ўсіх 43-х участках адбыліся канцэрты. Дарэчы, 22 выбарчыя ўчасткі былі размешчаны ва ўстановах культуры нашага раёна. Гэта — творчая і ідэалагічная работа.

Паралельна вырашаюцца і надзённыя гаспадарчыя пытанні. Думаю, у маі будзе завершаны капітальны рамонт кінатэатра, які доўжыцца тры гады. Тым не менш, і пад час работ установа прыносіць даход. У першую чаргу зрабілі тут залу павышанага камфорту на 12 месцаў, якая аказалася запатрабаванай, і за год (працуючы толькі па суботах ды нядзелях) прынесла нам 40 мільёнаў рублёў… У асноўнай зале на 200 месцаў мяркуем устанавіць 3D-абсталяванне. Тут таксама будзе камфортна. На рэканструкцыі і рамонце асвоім сёлета паўтара мільярда рублёў. Думаю, новыя дызайн ды начынне прыйдуцца жыхарам раёна даспадобы...

Дом культуры будуем з нуля. Летась асвоілі 10 мільярдаў рублёў, сёлета выдаткавана 20. Мяркуем здаць аб’ект у наступным годзе.

Усе ўстановы культуры знаходзяцца ў вельмі прыстойным стане. Наша гаспадарчая група, варта аддаць ёй належнае, робіць у гэтым плане вельмі шмат. Рабочыя нават падвясную столь навучыліся ладзіць. Сёлета гаспадарчая група рамантавала Зарэчанскі сельскі клуб. Працэнтоўка запрошаных будаўнікоў складае 150 мільёнаў рублёў, а гаспадарчай групы — толькі 12 мільёнаў. Эканомія дзяржаўных сродкаў — відавочная…

84 працэнты спецыялістаў бібліятэчнай сістэмы, 74 — клубнай маюць спецыяльную адукацыю. Але вакантныя месцы ёсць. Вельмі шмат людзей накіроўваем на вучобу: паступаюць на завочныя аддзяленні або ў вучылішчы, альбо адразу ва Універсітэт культуры і мастацтваў.

Калі чалавек актыўнічае, генерыруе ідэі — бяру на працу без спецыяльнай адукацыі, але пры ўмове, што недзе праз год адаптацыі гэты чалавек пачне вучыцца. Такі эксперымент, як паказвае практыка, прыносіць плён.

Які год у нас ладзіцца раённы конкурс “Клуб запальвае агні”. Кожная ўстанова рыхтуе адмысловую канцэртную праграму на актуальную тэматыку. Ствараецца адпаведнае Палажэнне, кожны пункт якога канкурсанты павінны выканаць. І, паверце, вельмі строга адбіраем лепшых. Гэта стымулюе, натхняе нашых клубнікаў, таму і з’яўляюцца ўсё новыя праекты.

Адзін з іх — міжраённае свята творчасці на базе Дзіцяча-юнацкага спартыўна-эстэтычнага цэнтра. Да мерапрыемства падключаюцца ці не ўсе структуры райвыканама. Дарэчы, для падтрымкі і развіцця дзіцячых талентаў райвыканкам у адпаведнасці з прынятым рашэннем прэміруе адораных хлопчыкаў ды дзяўчынак. І яны з поспехам удзельнічаюць у рэспубліканскіх ды міжнародных творчых конкурсах. Больш за 16 працэнтаў вучняў агульнаадукацыйных школ займаюцца ў ДШМ. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў на Брэстчыне…

І кожную ініцыятыву мы матэрыяльна стымулюем. Калі ёсць канкрэтны яркі вынік, то асобны работнік культуры можа атрымаць у асобны месяц да двух мільёнаў прэміяльных. Ды плюс столькі ж — асноўны заробак. Пагадзіцеся, за такія грошы можна і якасць працы патрабаваць...

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"