Фармату — фарматава…Ці ўсё радыё прызначана для дальнабойшчыкаў?

№ 5 (823) 02.02.2008 - 08.02.2008 г

Слова “фармат”, якое апошнім часам стала ці не найпапулярнейшым музыказнаўчым тэрмінам, у значнай меры абавязана сваёй “этымалогіяй” такой зусім не датычнай да музыкі з’яве, як рост колькасці шчаслівых уладальнікаў правоў на кіраванне аўтатранспартам. Не сакрэт, што FM-станцыі людзі слухаюць пераважна за рулём. Адсюль і спецыфічныя патрабаванні да песень, што гучаць на іх хвалях. Яны павінны быць рытмічнымі, бадзёрымі — і, галоўнае, немудрагелістымі. Каб не выклікаць задумення і не адцягваць увагі ад дарогі. Таму агульны пасыл ліста, які даслаў у рэдакцыю “К” жыхар Віцебскага раёна Міхаіл Шлома, варта прызнаць слушным. Але адразу ж узнікае пытанне: ці варта распаўсюджваць згаданыя вышэй крытэрыі на ўсю музыку і на ўсё радыёвяшчанне?

Ліст мае кранальную назву “У бяссонную ноч”. Напачатку аўтар апісвае канкрэтны эпізод свайго жыцця: “Бяссонная ноч з 6 на 7 снежня ў ваенным шпіталі ў Юрцаве Аршанскага раёна выклікана станам здароўя… Бачныя з вакна шэрагі машын, што спяшаюцца па трасе Брэст — Масква, ды кругласутачная праца радыёкропкі шпіталя адцягваюць увагу пажылых людзей ад ныючага болю. Асабліва цяжка пераносіць час з 2 да 5 гадзін ночы. Здавалася б, 1-шы канал радыё, які абслугоўвае начныя магістралі краіны, пакліканы засцерагаць кіроўцаў-дальнабойшчыкаў ад небяспекі заснуць за рулём, узнімаць настрой пацыентам шпіталя. Ды не! У гэты цяжкі для кіроўцаў і хворых час трэнькала павольная фартэпіянная музыка. Затым быў здатны сапсаваць настрой матэрыял пра шкоду пестыцыдаў у сельскай і лясной гаспадарцы, а пасля, ажно да 5 раніцы, — закалыхвальная музыка замежных зорак, недаступная для разумення большасці людзей: нашы кіроўцы-дальнабойшчыкі — людзі пераважна з дзесяцікласнай адукацыяй”.
Далей аўтар ліста піша пра тое, што ў наступныя суткі 1-шы канал наогул “сціхаў” уночы — мусіць, з-за нейкіх тэхнічных непаладак. Міхаілу Гаўрылавічу давялося абмеркаваць яго вяшчанне з дальнабойшчыкамі, і тыя ў адзін голас заявілі, што аддаюць перавагу іншым радыёстанцыям. І ў выніку — рэзюмэ:“Радыёстанцыі ў начны час павінны не закалыхваць, а бадзёрыць людзей, не даваць ім заснуць на працоўным месцы, узнімаць настрой, асабліва хворым, што пакутуюць ад бяссоння, спрыяць павышэнню прадукцыйнасці працы...”

Канал, які мусіць дагадзіць усім
Лісты з крытычнымі заўвагамі адносна працы беларускіх радыйшчыкаў ужо неааднаразова траплялі ў рэдакцыйную скрынку. Але гэты — асаблівы. Бо прычына нараканняў на радыё людзей сталага веку зазвычай адваротная: яны лічаць, што надта шмат у эфіры гучных сучасных рытмаў і надта мала — спакойных песень іх маладосці.
Аднак музычныя густы — і, разам з тым, патрабаванні да радыёфармату — у кожнага свае. Для кагосьці — салёна, а камусьці — недасол.Замест адказу на крытычныя заўвагі радыёслухача дырэктар музычнага вяшчання Беларускага радыё, вядомы кампазітар Валерый Іваноў зачытвае плей-ліст 1-га каналана бліжэйшую ноч. Ён уключае і “Верасоў”, і Ялфімава, і Ратару, і “Queen”, і “Моральный кодекс”, і Дайнеку, і Высоцкага… Песні рознага часу, розных стыляў і з розных краін— прычым не бракуе сярод іх і беларускіх.
Ёсць у гэтым спісе і імёны класічных кампазітараў: Шапэна, Шуберта, Чайкоўскага, Пракоф’ева… Але Валерый Кірылавіч зазначае, што на хвалях Першага транслююцца самыя папулярныя ўрыўкі з іх твораў, бо для больш “прасунутых” аматараў класікі прызначаны канал “Культура”.
Ці здатны гэты рэпертуар падацца камусьці сумным? Не выключана. Бо, зноў жа, патрабаванні ва ўсіх розныя.
Ды ўсё ж прапанаванае радыё меню ніяк не назавеш аднастайным. І калі не першая, дык другая яго “страва” абавязкова павінна прыйсціся да густу.
Як жа можна акрэсліць фармат галоўнага канала краіны? Для каго менавіта ён працуе на сярэдніх і FM-хвалях, а таксама на хвалях, якія транслююцца перадатчыкамі і радыёвузламі рэгіёнаў?
В.Іваноў не марудзіць з адказам на гэтыя пытанні:
— У адрозненне ад іншых радыёстанцый, якія арыентуюцца на запатрабаванні пэўных мэтавых груп, 1-шы канал радыё працуе для слухачоў розных узростаў, прафесій і густаў, прыхільнікаў розных музычных накірункаў. Адным словам, для самай шырокай аўдыторыі. Адсюль і ягоная разнастайнасць. Пагадзіцеся, “Моральный кодекс” і Дайнека — гэта розныя велічыні. Аснову нашага рэпертуару складаюць песні, правераныя часам, класіка музычнай культуры ва ўсіх яе праявах. Але не абмінаем увагай і творчасць маладых — тыя ўзоры сучаснай музыкі, якія адпавядаюць строгім крытэрыям адбору паводле свайго прафесіяналізму і мастацкага ўзроўню. Улічваецца тут і паэзія, і якасць выканання — усе складнікі песні.
І сапраўды, наўрад ці ў начны час радыё слухаюць толькі кіроўцы, якім важна не заснуць за рулём. Можа, для кагосьці гэта, наадварот, дапамога ў супакаенні або фон для прыемнай гутаркі? Ды і тыя, хто едзе “начной магістраллю” (так, дарэчы, называецца адна з праграм 1-га канала), таксама маюць розныя густы.
Тут варта падкрэсліць і яшчэ адну акалічнасць. Паводле свайго фармату, 1-шы канал нельга назваць чыста музычнай радыёстанцыяй — у адрозненне ад шматлікіх “эфэмак”: ладную частку яго начнога эфіру складаюць навіны, доўгія (часам, можа, і занадта) гутаркі з дзеячамі культуры і пазнавальныя перадачы — у тым ліку і пра шкоду пестыцыдаў. Міхаілу Гаўрылавічу яны без патрэбы, а вось шматлікім “дачнікам”, у якіх таксама бывае бяссонне, цалкам могуць быць цікавымі і карыснымі. Адно што — не сезон…
Ці патрабуюць такія перадачы ўдасканалення— тэма асобнай гаворкі. Але выкінь іх з начнога эфіру— і цэлы яго сегмент застанецца незапоўненым. Бо 1-шы канал — не толькі першы, але і адзіны. У адрозненне ад FM-станцый, якіх безліч. І тым, каму трэба падбадзёрыцца за рулём, наўрад ці выпадае скардзіцца на адсутнасць адпаведнай музыкі — эфір ёю літаральна запоўнены.

Вольнаму воля
У сувязі з гэтым у кагосьці можа ўзнікнуць і яшчэ адно пытанне: ці павінна дзяржаўнае радыё (тым болей, Першы, узорна-”брэндавы”, яго канал) арыентавацца на густы менавіта кіроўцаў-дальнабойшчыкаў — хоць і яны людзі розных культурных запатрабаванняў?
Натуральна, так: павінна. Гэтую катэгорыю радыёслухачоў таксама нельга абмінаць увагай. Але іншая рэч, ці трэба цалкам патураць іхнім густам? Бо, мусіць, і шаноўны Міхаіл Гаўрылавіч пагодзіцца з тым, што яны — небездакорныя.
У адрозненне ад тых самых камерцыйных FM-станцый, дзяржаўнае радыё надзелена і яшчэ адной функцыяй: не толькі задавальняць густы аўдыторыі, але таксама і выхоўваць іх. Зусім ненавязліва. Хочаш пачуць Шапэна альбо “Песняроў” — хай у цябе будзе такая магчымасць, можа, нават і ўпершыню. Раптам гэта зменіць твае ўпадабанні на ўсё жыццё? А не хочаш — абірай любую з амаль двух дзесяткаў беларускіх FM-станцый або ўвогуле запусці дыск Міхаіла Круга.
Балазе, сёння гэты выбар ужо ёсць. І з фінансавага пункта гледжання ён даступны для ўсіх беларусаў, з людзьмі пенсійнага веку ўключна. Варта толькі прыдбаць радыёпрыёмнік — хай самы просценькі, тысяч за 20, але лепей з навушнікамі.
А самому аўтару ліста хочацца шчыра пажадаць здароўя ды бадзёрасці, і без дапамогі 1-га канала.

* * *
Без сумневу, у тым, што песня здатная падбадзёрыць кіроўца ў начны час, нічога кепскага няма. Дык чаму ж тады слова “фармат” многімі ўспрымаецца не раўнуючы як лаянкавае? Ці не таму, што часцей гучыць і яго антонім — “нефармат”? Яго нельга назваць адпаведнікам мастацкай бяздарнасці, але ж гучыць яно фактычна як прысуд. Або, можа, таму, што не стае радыёстанцый для перакананых пешаходаў?
Так, згаданыя на пачатку артыкула крытэрыі істотныя і дарэчныя. Але калі яны становяцца краевугольнымі, ператвараюцца ў фундаментальныя прынцыпы стварэння музыкі, тут ужо не да жартаў. А фармат жорстка дыктуе свае ўмовы: альбо ты яму адпавядаеш, хай сабе і “наступіўшы на горла ўласнай песні”, альбо… гэтая твая песня ніколі на радыё не прагучыць.
Таму існаванне каналаў, прызначаных не толькі для кіроўцаў, для нашай культуры патрэбна — хаця б для дасягнення раўнавагі. Каб ніша “станцый для дальнабойшчыкаў” не была адзінай і безальтэрнатыўнай. Як кажа прымаўка: кесару — кесарава, слесару — слесарава… А фармату — фарматава.

Ілля СВІРЫН