Сам-насам з Мадоннай

№ 13 (1139) 29.03.2014 - 04.04.2014 г

Як ствараюцца вясковыя галерэі: вопыт сяла Махро
“К” пастаянна піша пра брэндаўтваральнасць беларускай вёскі, пра абавязковую творчую адметнасць кожнага нашага аграгарадка. Шэрая аднастайнасць — сінонім заняпаду. Гарантыя перспектывы — у яркім непадабенстве. Да абмеркавання праблемы падключыліся мастакі. Валерый Шкаруба, у прыватнасці, чарговы раз прапанаваў ствараць у рэгіёнах мастацкія галерэі. Прапанова слушная, бо ці не ў кожным райцэнтры ў нас або нарадзіўся, або жыве ды працуе жывапісец, графік, скульптар. І ў малых нашых гарадах — ужо нямала галерэй, створаных па ініцыятыве саміх творцаў. Вёскі ж (за вельмі рэдкім выключэннем) пакуль чакаюць свайго часу. Пра адно з гэтых рэдкіх выключэнняў і хочацца пагаварыць.

/i/content/pi/cult/473/10049/12-1.jpg

/i/content/pi/cult/473/10049/12-2.jpg

Колькі тыдняў таму ў памяшканнях, прызначаных пад галерэю, віраваў рамонт.

Сын за бацьку…

Летась на 69-м годзе жыцця памёр жывапісец Аляксей Кузьміч. Той, што праславіўся стварэннем ці не тысяч палотнаў з выявамі беларускіх жанчын-маці-мадоннаў. Мастак вядомы і пазнавальны… Але не будзем заглыбляцца ў аналіз творчасці Аляксея Васільевіча. Галоўным для мяне падаецца тое, што гэтымі днямі ў СДК сяла Махро Іванаўскага раёна ствараецца аўтарская галерэя Кузьміча. Так, менавіта ў тым сяле ён нарадзіўся, навек пакінуўшы па сабе любоў і павагу землякоў.

Ініцыятарам стварэння галерэі, як аказалася, стаў сын жывапісца — Аляксей Кузьміч-малодшы. Вось што ён распавёў:

— Памяшканне галерэі разбіваецца на сем сектараў. У кожным будуць змешчаны разнажанравыя творы бацькі. Ён жа не толькі мадоннаў пісаў. Існуе каля паўсотні псіхалагічных партрэтаў. Мастаку пазіравалі Барыс Луцэнка, Марыя Захарэвіч, Стэфанія Станюта, Галіна Макарава, Уладзімір Ліпскі, Міхаіл Пташук, Уладзімір Гасцюхін, Мікалай Яроменка… Ёсць і нацюрморты, пейзажы. Будзе ўзноўлены і куток рабочай майстэрні мастака. Імянная галерэя павінна ўвайсці ў афіцыйны турыстычны маршрут Заходняга Палесся…

Улады Іванаўскага раёна, Брэсцкага аблвыканкама без ваганняў пайшлі мне насустрач. Вялікі дзякуй кожнаму з тых, хто памятае і ўшаноўвае бацьку, хто клапоціцца пра развіццё культуры Брэстчыны! Дапамогу я адчуваю ў вырашэнні літаральна ўсіх пытанняў, звязаных з рэканструкцыяй клубнай установы, дзе і размесціцца мастацкая галерэя. Фінансаванне праекта забяспечылі раён і вобласць. Так што наш праект — не толькі прыватная ініцыятыва… Рамонтныя работы знаходзяцца ў стадыі завяршэння. Наша сям’я вельмі ўдзячная за такі клопат… Заходняе Палессе становіцца сапраўдным культурным цэнтрам. Непадалёк ад Махро дзейнічае Галерэя Напалеона Орды, знаходзіцца і Дастоева, авеянае славай Фёдара Дастаеўскага… Галерэя Кузьміча, спадзяюся, стане годным дапаўненнем да ўсіх гэтых культурных цікавостак. Тым больш, што Махро знаходзіцца побач з аўтамабільнай трасай, якая звязвае Беларусь і Украіну. Наведвальнасць галерэі — гарантаваная…

Кузьміч-малодшы падбірае для галерэі бацькавы творы, кантактуе з дырэктарам СДК у Махро — Ігарам Кунахаўцом. Пагутарыў з ім і я. Шчыра кажучы, былі сумневы: а раптам сельскаму кіраўніку будучая галерэя — у цяжар?..

120 “квадратаў” = 200 мільёнаў

Жыхароў у Махро, як і ў любым сяле Іванаўшчыны, не так і мала: пад дзве тысячы чалавек. Таму і СДК у свой час будаваўся маштабна; адна толькі глядзельная зала — на 300 месцаў. Месца для ўладкавання галерэі хапае. А зойме яна аж 120 квадратных метраў. І ніякі гэта, па словах кіраўніка СДК, не цяжар:

— Даўно гэтага чакалі і я, і сяльчане. Па сутнасці, галерэя ў клубе заўжды была, але выстаўлялася тут пяць мясцовых мастакоў-самавукаў. Дэманстраваліся, натуральна, і творы Аляксея Васільевіча… Сялу ў свой час пашанцавала: маляванне дзецям-школьнікам тут выкладаў прафесійны жывапісец Анатоль Рубановіч. Рабіў гэта цудоўна, таму і пакінуў пасля сябе шмат таленавітых вучняў, у тым ліку Кузьміча…

Я падумаў: быў бы ў кожным беларускім сяле такі выкладчык — глядзіш, і ў вясковых галерэях не было б нястачы. І гаворка тут не пра галерэю дзеля галерэі, а пра выхаванне мастацкага густу ў дзяцей не па каляровых выразках з часопіса “Огонёк”, як сталася ў мяне, а па арыгінальных палотнах мастакоў, якіх ведаеш, лічы, з нараджэння. Пабыць сам-насам з Мадоннай; параўнаць намаляваны пейзаж з рэальным, тым, што бачны з акон тваёй хаты; адчуць сябе паўнавартаснай часткай паўнавартаснага цэлага — менавіта з усяго гэтага, непадманнага, і прарастае асоба з самымі рознымі творчымі схільнасцямі.

У гэтым перакананы і Ігар Кунахавец. Таму і лічыць творчую эвалюцыю СДК сістэмнай ды планавай. Галерэя пашыраецца, асноўнай “дзеючай асобай” тут становіцца творчасць Аляксея Кузьміча. Для гэтага ўлады Іванаўскага раёна і Брэсцкай вобласці выдаткавалі 200 мільёнаў рублёў.

У перспектыве галерэя ў пэўнай частцы набудзе рысы і мемарыяльнай майстэрні аўтара мадоннаў. Пакуль грошай для гэтага, прызнаецца кіраўнік СДК, не стае. Але глядзіць у будучыню з аптымізмам. Галоўная частка прыватна-дзяржаўнага культурнага праекта ўжо амаль рэалізавана. Мастацкая галерэя імя Аляксея Кузьміча, па меркаванні аўтараў праекта, будзе адкрыта для наведвальнікаў 1 чэрвеня бягучага года. Супадзенне дня нараджэння мастака і Міжнароднага дня абароны дзяцей у Махро лічаць невыпадковым: галерэя для дзяцей і прызначана. Няхай вучацца спасцігаць таямніцы нацыянальнага мастацтва, народжанага не дзесьці ў мегаполісе, а вось тут, ля родных весніц...

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"