…музычныя творы, якія варта дадаць у школьны падручнік

№ 13 (1139) 29.03.2014 - 04.04.2014 г

Алег ХАМЕНКА, фалькларыст, выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, лідар гурта “Палац”:
— Неаднойчы заўважаў, што сучасныя студэнты, выпускнікі школ, падлеткі, малазнаёмыя між сабой, не здольны праспяваць разам ніводнай беларускай песні. Ніводнай, так! І датычыцца гэта, паўтаруся, не нейкіх абстрактных студэнтаў ды школьнікаў. Урэшце, запытайцеся ў сябе: а колькі песень на роднай мове здольныя цалкам праспяваць вы?...

/i/content/pi/cult/473/10048/3-5.jpgНе, я не збіраюся пачынаць гаворанае-перагаворанае пра выключэнне са спісу прадметаў у школе сусветнай мастацкай культуры і музыкі ў старшых класах. Але важна было б ажыццявіць вось такую ідэю: не пакідаць без увагі заняткі спевамі для падлеткаў, падумаўшы пра іх напаўненне.

Я ўключыў бы ў спіс песень для падручніка па прадмеце “Спевы і музыка” для сярэдніх школ такія класічныя творы, як “Купалінка” і “Бывайце здаровы!”, “Люблю наш край” і “Зорка Венера”, ”Магутны Божа” і “Не шукай ты мяне”, “Колькі ў небе зор” і “Бацька мой Нёман”. Другую палову ХХ стагоддзя абавязкова варта прадставіць песнямі “Радзіма мая дарагая!”, “Александрына”, “Спадчына”, “Алеся”, “Жураўлі на Палессе ляцяць”, “Мой родны кут”, “Зачарованая”. Іншы пласт складаюць “А я лягу-прылягу...” і “Гуляць дык гуляць!..”. Яшчэ бліжэй да нашага часу “Малітва” і ледзь не адзіныя беларускія творы на роднай мове, што, прынамсі, могуць зайграць пад гітару ў любой кампаніі, — “Тры чарапахі” і "Я нарадзіўся тут".

Такі курс пераконвае: вершы Купалы, Коласа, Багдановіча, Чарота, Броўкі, Бачылы, Куляшова, Гілевіча — не проста тэксты для чытання з хрэстаматыі па беларускай літаратуры, а жывыя радкі, у тым ліку дзякуючы і песеннаму ўвасабленню. Веданнем такіх кампазітарскіх постацей, як Любан, Сакалоўскі, Тэраўскі дзеці цяперашняга пакалення пахваліцца не могуць. На жаль, тое ж можна канстатаваць і ў дачыненні да сучаснікаў: спытайце ў падлетка, хто такія Лучанок, Ханок, Іваноў… Наўрад ці пачуеце адказ. І нават Мулявін, што даказваюць інтэрнэт-апытанні апошняга часу, для сучаснай моладзі асоба невядомая… А названыя мной кампазітары — аўтары згаданых песень. Таму ў дадатак да ўласна спеўнай часткі варта знаёміць школьнікаў і з біяграфіямі, лёсамі аўтараў дадзеных твораў, у тым ліку, мяркую, прыдасца гэта і на занятках па асновах ідэалогіі беларускай дзяржавы. Ну а на ўроках па мове і літаратуры, думаецца, варта рэкамендаваць вывучэнне слоў песень на памяць.

…Пакуль жа не спяваюць беларусы. Усё гэта выглядае несуцяшальным. Таму хачу звярнуцца да чытачоў газеты "Культура": напішыце, калі ласка, назвы тых беларускіх песень, якія вы лічыце вартымі ўключэння ў школьную і пазашкольную праграмы, на адрас рэдакцыі: 220013, г. Мінск, праспект Незалежнасці, 77 з пазнакай “Песня ў падручнік”, ці на электронную пошту: kultura@tut.by. Абмяркуем!

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Алег ХАМЕНКА
калумніст газеты "Культура", лідар гурта "Палац", фалькларыст, выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў