У Беларусі бываем (ня)часта…

№ 13 (1139) 29.03.2014 - 04.04.2014 г

Дык няўжо так “добра там, дзе нас няма”? Даследаванне "К" / Частка І
“Оглянись на прощанье — и вот она, под ногами, чужая земля...” — ёсць такія словы ў папулярнай песні маскоўскага гурта “Воскресение”. Аляксей Раманаў, аўтар тэксту гэтай кампазіцыі, сумуе ў ёй па тых сваіх сябрах, якія калісьці, пакінуўшы радзіму, перабраліся на пастаяннае месца жыхарства ў краіны замежныя. Пасля распаду СССР і атрымання суверэнітэту колішнімі саюзнымі рэспублікамі хваля іміграцыі накрыла і Беларусь. Сярод тых, хто з’ехаў з нашай краіны ў 1990 — 2000-я, былі і поп-, і рок-музыканты, вядомыя і не вельмі. Усіх і не згадаць. Шура і Лёва з цяпер культавага для кагосьці гурта “БИ-2” наогул апярэдзілі распад СССР, а пра іх цярністы шлях “Беларусь — Ізраіль — Аўстралія — Расія” ведае бадай кожны. У ЗША апынуліся гітарысты Аляксандр Растопчын і Аркадзь Юшын. Алесь Кузьмін (вакаліст калектыву “Мясцовы час”), скрыпач Валянцін Бадзьяраў і гітарэра Віктар Смольскі — у Германіі. Першая фронтвумен “Hasta La Fillsta” Крысціна Мендзялеева і Алег “Джагер” Мінакоў (“Rouble Zone”) — у Бельгіі, рэпер Сярога — ва Украіне, Б’янка — у Расіі. Маса электроншчыкаў раскідана па зямным шары... Чаму яны рассталіся з радзімай, мабыць, назаўжды, або ўпадабалі жыць і працаваць за яе межамі, перыядычна вяртаючыся? Мы прапанавалі трыбуну “К” некаторым з такіх асоб, якія ўзгадалі, чаму і куды яны выправіліся ў пошуках сябе, распавялі, чым займаюцца сёння і ці тужаць яны па Беларусі...

/i/content/pi/cult/473/10044/7-1.jpgБізнесмен Марголін: “А не чапляе наша музыка, бо…”

— У 2001 годзе я паехаў на практыку ў Германію, — першым бярэ слова Вадзім МАРГОЛІН, экс-музыкант гуртоў “Postscriptum”, “Клёндайк” ды іншых. — Стажыраваўся там у аддзеле гандлёвага і экспартнага фінансавання банка ў Гамбургу. Пасля вяртання працаваў у Мінску фінансістам, а ў 2005-м пераехаў у Маскву па запрашэнні буйнога тамтэйшага прыватнага банка, дзе займаўся структурным фінансаваннем у сферы сельскай гаспадаркі. Прайшоў шмат прыступак па кар’ернай лесвіцы ў міжнародных кампаніях, адкрыў і развіў з нуля каптыўную лізінгавую кампанію федэральнага ўзроўню. Зараз працую ў той жа сферы: кірую кампаніяй, звязанай з сельскай гаспадаркай...

Але спробу зноў увайсці ў тую ж ваду Вадзім зрабіў. “Маім "крайнім" праектам — сумесна з гітарыстам Раманам Арловым — быў гурт “У нескладовае”, — кажа ён. — З-за разыходжанняў у поглядах на яго будучыню мы рассталіся, паколькі, на маю думку, без звышідэі любы музычны праект асуджаны. Для паўнавартаснай аддачы музыкант павінен альбо займацца музыкай з любові да мастацтва і ставіцца да рэчаіснасці з гумарам (скажам, як “бітлы”), альбо быць матэрыяльна забяспечаным і не ставіць перад сабой мэты зарабіць на існаванне праз творчасць. У нашым жа выпадку атрымалася так, што мой партнёр усё планаваў на кароткую перспектыву, з чым я быў рашуча не згодзен, як і са старонняй актыўнасцю Рамана, паколькі яна таксама замінала як праекту, так і адносінам унутры калектыву. Як памяць аб камандзе засталіся дэбютны альбом і некалькі нявыдадзеных трэкаў, запісаных з Аляксандрам Памідоравым ды Дзмітрыем Калдуном...

Зараз жа, як сцвярджае Марголін, у беларускім музычным жыцці ён бярэ пасіўны ўдзел, адслухоўваючы праз адзін з парталаў альбомы. Вадзім наракае на тое, што агульны ўзровень айчынных артыстаў змяніўся не моцна, асноўная частка гуртоў не нясе, на яго погляд, ніякіх ідэй і не выклікае ў яго “мурашак па спіне”. Калектывы, маўляў, варацца ва ўласным соку, вельмі мала шчырых выканаўцаў, такіх як, прыводзіць прыклад суразмоўца, Уладзімір Пугач. У цэлым уражанне ў беларускага масквіча такое: музыка ў Беларусі — ёсць, а песень, каб пакінуць у плэеры, — няма. Аранжыроўкі пісаць навучыліся, граюць, у ноты трапляюць... А сказаць няма чаго, лічыць Вадзім, вось і не чапляе. І дадае: а Корж — чапляе, калі нават не трапляе ў ноту, паколькі тонка разумее сваю аўдыторыю...

— З апошніх работ мне спадабаліся некалькі песень дуэта “Navi”, — працягвае наш “трыбун”. — У Беларусі не хапала такіх пазітыўных фрыкаў. Здзівіў Сяргей Пукст: цэласна і незвычайна музычна. Даўно падабаецца творчасць гурта “Akute” і Ані Жданавай. Але… Мяркую, перспектыў стаць сусветнымі зоркамі ў беларускіх музыкантаў як не было, так і няма...

І — кода. “Пра тое, што я з’ехаў з Беларусі, не шкадую, — прызнаецца Вадзім Марголін. — У мяне цікавае і насычанае прафесійнае жыццё. А на радзіме я быў на Новы год: упершыню за шаснаццаць гадоў сустрэў яго з бацькамі...”

/i/content/pi/cult/473/10044/7-2.jpgПраграміст Казлоўскі: “Імёны ведаю, ды яны мне малацікавыя”

Аляксей КАЗЛОЎСКІ, колішні бас-гітарыст гуртоў “Сузор’е”, “Zindan”, “Mojo Blues”, жыве сёння ў Злучаных Штатах Амерыкі. “Дакладна памятаю дзень, калі я пакінуў Беларусь: 13 снежня 1999 года, — прыгадвае музыкант. — Паехаў тады ў Нью-Ёрк. Зараз жыву ў яго прыгарадзе — мястэчку Маўнт-Кiска. Працую ў аддзеле прэзентацый інвестыцыйнага банка, офіс якога знаходзіцца на Парк-авеню”.

Музыку ў Штатах Аляксей не кінуў. Спачатку граў блюз у клубах, зараз жа, не дзеля камерцыі, займаецца ў хатняй студыі запісам. Часам збіраецца з сябрамі-музыкантамі Аляксандрам Герасімовічам, Аляксандрам Растопчыным і Яўгенам Магаліфам. А вось жыццём беларускіх музыкантаў Казлоўскі амаль не цікавіцца. З нашай прэсы ён ведае некалькі імён, якія яму мала што кажуць. Яму больш прыемна чытаць пра старых знаёмых: гурты “N.R.M.”, “Крама”, Вольгу Алiпаву.

“У Беларусі за гэты час быў тройчы. У 2006 годзе выступаў у складзе старога “Сузор’я”, у 2009-м — тры выступленні з Аляксандрам Растопчыным і Кірылам Шэвандо. Што ж да рэалізацыі ў музыцы... З аднаго боку, кантракт з вядучым лэйблам я не падпісаў. З іншага ж — “насабачыўся” нетаропка, але ўпэўнена граць на гітары (раней валодаў толькі басам), стаў пісаць аранжыроўкі, больш музычна спяваць...”

Пра тое, што з’ехаў з краіны, Аляксей Казлоўскі не пашкадаваў. Сутнасць гэтага свайго меркавання ён, на жаль, не растлумачыў.

/i/content/pi/cult/473/10044/7-3.jpgМузыканты “Iowa”: “Першыя кампліменты — з Пецярбурга”

— У 2007 годзе ў сваім дзённіку я напісала, што хутка буду жыць у Санкт-Пецярбургу, хоць нічога да гэтага не вяло! — распавядае вакалістка гурта “Iowa” Кацярына ІВАНЧЫКАВА. — Напэўна, проста прадчуванне, што гэта асаблівы горад, у якім усё можа здарыцца. У 2009-м мы ўжо гралі з Лёнем Цярэшчанкам і Васем Буланавым, у нас была першая запісаная на студыі песня, якую і адправілі ў адкрытае інтэрнэт-плаванне. Менавіта з Санкт-Пецярбурга ляцелі кампліменты ад розных людзей, але было ўдвая больш прыемна, калі нас запрасілі туды з канцэртам!

Нам вельмі пашанцавала з тамтэйшымі людзьмі: мы жылі ў хлопца, што арганізоўваў нам “кватэрнікі” і спантанныя канцэрты ў клубах. З’явіліся першыя гледачы, якія прыходзілі на ўсе выступленні, мы іх ведалі ў твар, а некаторых — па імёнах. У выніку, вырашылі застацца. Першы час было складана, але трымаліся адно аднаго, нават знайшлі адну працу на ўсіх: на адным заводзіку размалёўвалі навагоднія свечкі (дарэчы, уладальнікамі яго былі беларусы). Паралельна рэпеціравалі бясплатна ў сяброў... Кожны раз пераконваюся: калі чагосьці палымяна жадаеш, увесь свет дапамагае табе на шляху да мары!..

Наступнымі творчымі крокамі ў гісторыі “Iowa” — значнымі — сталі фестывалі “Вокны адкрый!” i конкурс аднаго інтэрнэт-партала. На “Вокнах…” каманда пазнаёмілася з вядомым Алегам Гаркушам, які “наваражыў” ёй светлую музычную будучыню. А на згаданым партале “Простая песня” калектыву заняла першае месца, і ансамбль атрымаў магчымасць яе запісаць. Потым на гэтую кампазіцыю знялі кліп, адправілі яго на музычны тэлеканал, і там узялі відэа ў ратацыю.

— Увогуле, зараз мы займаемся толькі музыкай, жывём у Пецярбургу ў вялікай кватэры побач з аэрапортам, што вельмі зручна, — усміхаецца Кацярына. — Калі рэйсы затрымліваюць не на адну гадзіну, можна вярнуцца дадому. У Беларусі, на жаль, бываем не часта. Дый амаль усе мае сваякі пераехалі ў Санкт-Пецярбург. І гэты горад любіць беларускіх музыкантаў: Макса Каржа, гурты “Сярэбранае вяселле”, “Sounduk”, а “Песняроў” тут называюць савецкімі “Beatles”...

/i/content/pi/cult/473/10044/7-4.jpgТворчая Круглова: “Тут музыканты бяруцца за многае, каб выжыць…”

Вакалістка гурта “Kriwi” Вераніка Круглова асталявалася ў Берліне.

— Пачынаючы з вясны 1997 года я рэгулярна ездзіла ў гэты горад і яго наваколле на гастролі, — дзеліцца яна. — У 2004-м у мяне менавіта ў Берліне нарадзілася дачка, і мне давялося легалізаваць свой статус у Германіі, паколькі ў дзіцяці быў нямецкі пашпарт. З гэтага моманту перасоўвацца так актыўна, як раней, стала куды больш цяжка...

У нямецкай сталіцы Круглова працягвала і працягвае творчую дзейнасць у розных напрамках: як сольна, так і ў сумесных музычных, кіна- і тэатральных праектах. Пры гэтым яна захавала свой мінскі гурт “Kriwi” і працуе з ім да гэтага часу.

— У беларускай сталіцы я бываю часта, — кажа Вераніка. — Люблю тут выступаць і сама хаджу на канцэрты іншых. Гэта мой горад, дзе я нарадзілася ды вырасла, у ім жывуць мае бацькі і сябры! Зараз мы з “Kriwi” запісваем праграму, з якой хочам пагастраляваць як па нашай радзіме, так і за яе межамі. Ці цяжка нашаму музыканту прабіцца на Захадзе або яшчэ дзе-небудзь?.. Ведаю адно: усе мае знаёмыя і калегі — зусім рознага ўзроўню і жанру — працуюць і ў іншых прафесіях, інакш — не выжыць.

Рэзюмэ да часткі І

Прычыны ад’езду з радзімы ва ўсіх розныя. Але, па сутнасці, — адны і тыя ж: немагчымасць рэалізаваць свае творчыя або іншыя прафесійныя амбіцыі, умовы пражывання, цяга да змены месцаў, жаданне ўбачыць свет — самі можаце прадоўжыць гэты ланцужок... Напэўна, кожны з іх ужо праверыў на сабе вернасць пастулату “Добра там, дзе нас няма”.

Чатыры аповеды... Ведаючы Вадзіма Марголіна шмат гадоў, думаю, так проста з музыкай ён не завяжа. Не спыніць яго і няўдача са стварэннем у Беларусі першага папраўдзе супергурта — “У нескладовае”. Дый многія іншыя калектывы, у якіх ён граў да таго, былі больш чым лакальна вядомыя склады. А прагматызм музыканта — атрымаць прафесію, якая прыносіла б яму грошы, — зразумелы, зважаючы на ўсю гісторыю беларускага року.

Тая самая гісторыя айчыннага року — гэта і ёсць Аляксей Казлоўскі. Пазнаёміўся я з ім у сярэдзіне 1990-х, і ў размовах “па душах” ён прызнаваўся, што збіраецца эміграваць. І таксама асвойваў прафесію, якая не прыносіла б яму столькі расчараванняў у жыцці, колькі ўлюбёны рок-н-рол: праграмістам жа ён быў выдатным! Яго тагачасныя знакамітыя беларускія калегі па блюзу і рытм-энд-блюзу сёння альбо кінулі музыку — жывучы і працуючы тут або за мяжой, — альбо граюць каверы ў тутэйшых або тамтэйшых рэстаранах.

Ці служылі прыкладам для ўдзельнікаў гурта “Iowa” гісторыі артыстаў, якія не змаглі да канца раскрыцца ў музыцы Беларусі, не ведаю. Новыя час, магчымасці, падыход, верагодна, адзіна правільны: адразу ж рынуцца ў хвалі шоу-бізнесу, непараўнальна больш развітога, чым беларускі. А там ужо — выплывеш ці не — усё залежыць ад таленту і ад таго, хто дапамагае яму прабівацца. Гэта “дзеці” XXI стагоддзя — без памежных слупоў і “жалезнай заслоны”, калі ты можаш паспрабаваць сваё шчасце ў абранай іпастасі ў любой кропцы планеты.

Вераніка Круглова — пры ўсім яе памкненні да мультыкультурнасці — збіралася сеяць збожжа беларускасці па ўсім зямным шары, застаючыся на радзіме, выязджаючы адсюль на міжнародныя фестывалі, гастралюючы як мінімум у Еўропе. Аднак цяпер яна ў Германіі, і “сее” не ў такіх, напэўна, маштабах, як задумвалася. Але калі дзякуючы вакалістцы гурта “Kriwi” пра Беларусь, яе культуру і мастацтва даведалася ў свеце на сотню-iншую людзей больш, дык гэта ж нядрэнна, ці не так?..

На гэтых гісторыях мы не заканчваем тэму “невозвращенцев” і да яе вернемся ў хуткім часе і ў іншых ракурсах: нам цікавыя і тыя, хто паехаў, каб вярнуцца, і не паехаў, каб шукаць шчасця за мяжой, хоць яму тое і актыўна прапаноўвалі...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"