Стомленасць і... нястомнасць

№ 13 (1139) 29.03.2014 - 04.04.2014 г

Калі Культурнай сталіцы варта творча пазайздросціць...
“Які крэатыў? Не дуры галаву! Займаемся звычайнай будзённай справай”. Гэтыя словы я чуў у нашых раёнах ды абласцях не адзін дзясятак разоў. І пэўная адсутнасць свежага раскрыцця “культурнай” тэмы ўласцівая не толькі штогадовым мерапрыемствам у нашых раёнах. Аднастайнасцю раз-пораз патыхаюць і абласныя, нават — рэспубліканскія акцыі. Уражанне такое, што пастаноўкай-рэжысурай іх займаецца адзін і той жа чалавек, надзвычай натомлены ды пераможаны руцінай.

Я далёкі ад нізкапаклонства, але адчуў творчую зайздрасць, калі даведаўся аб змесце праекта “Рыга 2014 — Культурная сталіца Еўропы”, пра рэалізацыю якога ішла гаворка 27 сакавіка ў Пасольстве Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. На гэты семінар, апрача журналістаў, былі запрошаны і прадстаўнікі айчыннага турбізнесу. Дык вось, прадстаўнік праекта, зусім яшчэ малады чалавек Марціньш Дрэгерыс распавёў, што рыжан і гасцей горада ці не кожны дзень чакае процьма сюрпрызаў. А рэалізацыя праекта распачалася з таго, што яшчэ ўзімку ад старога будынка бібліятэкі да новай Нацыянальнай, якая нагадвае ці то хвалю марскую, ці то старадаўні замак, сталі ланцужком 15 тысяч чалавек і ўручную, перадаючы адно аднаму, даставілі новыя кніжкі. А мароз даходзіў і да 15 градусаў…

Ужо ў красавіку можна пачуць сусветную прэм’еру “Страсцей па Луку” Эрыка Эшэнвалдса ў рамках святкавання 329-годдзя Баха. Ягоную неўтаймоўную музыку цягам года выканаюць самыя лепшыя музыканты свету. У Домскім саборы адбудзецца прэм’ера “Трансцэндэнтальнай араторыі” Зігмара Ліепіньша пра трагедыю на Факусіме. Запланаваны і прэм’еры фільмаў. Адзін з іх прысвечаны Віі Цельміня — рыжанцы па паходжанні і прадстаўніцы поп-арта ды фотарэалізму. А выстаўка яе твораў пройдзе ў музеі “Рыжская біржа”... Пад мастацкую выстаўку будзе задзейнічаны Цэнтральны рынак. Логіка арганізатараў больш чым зразумелая: месца павышанай канцэнтрацыі людзей можна і неабходна выкарыстоўваць з двайной, так бы мовіць, нагрузкай — для задавальнення мэт і прагматычных, і духоўных.

У Рызе — з паўдзясятка творчых кварталаў. Тут прагучыць музыка, запланавана бясплатная дэманстрацыя кінастужак. І ўвогуле, праект па сваім мастацкім змесце разлічаны на любы густ ды кашалёк. І ўсё карыстаецца павышаным попытам. Выстаўку, прысвечаную 100-годдзю Першай сусветнай вайны, паглядзела ўжо 15 тысяч чалавек. Сярод прэм’ер можна назваць і фестываль вулічнага мастацтва. Ён, як сцвярджаюць маладыя арганізатары, стане цудоўнай нагодай для пачатку дыскусіі пра street-art: даспела яно да той ступені, каб стаць часткай арт-рынку калі не ў Латвіі, дык у Еўропе і свеце. Ці гэта кепская цацка на мяжы з хуліганствам? Пагадзіцеся, каб справіцца з тэорыяй, варта і з практыкай не сесці ў лужыну.

Будынак былога Камітэта дзяржаўнай бяспекі, які называюць у народзе “Вуглавы дом”, будзе прыстасаваны пад правядзенне шасці тэматычных выставак і культурных акцый, прысвечаных адносінам чалавека і ўлады. А прафесар Латвійскай мастацкай акадэміі і майстар інсталяцый Айгар Бікшэ абвясціў гэтым разам правакацыйныя “Войны помнікаў”. Мінакам на вуліцы Брывібас будуць задаваць пытанні і выклікаць іх на спрэчкі, а таксама — распавядаць пра гісторыі вулічных вітрын.

На гэтай жа вуліцы стартуе спартыўны забег. Усе ахвотныя прабягуць так званы Кіламетр культуры, а суправаджаць акцыю будуць самыя розныя рыжскія музыканты.

У Музеі гісторыі медыцыны пройдзе выстаўка “Бурштын: міфы і рэальнасць”. Да вернісажу тут рыхтаваліся ці не паўтара года. Яно і не дзіва: латышы сцвярджаюць, што бурштын — не толькі ўпрыгожанне, але і гаючы сродак, які ратуе ад процьмы хвароб. А самымі “хітовымі” экспанатамі стануць, напэўна, не спа-рэцэпты, а сукенка з бурштыну або двухкілаграмовы кавалак гэтага неверагоднага па прыгажосці рэчыва, часткі якога, кажуць латышы, знаходзяць нават у егіпецкіх пірамідах. І мне надзвычай падабаецца такі смелы “нацыянальны” піяр. Як не стае яго нам, беларусам!

Праект “Укараняльнікі” рэалізоўваюць пенсіянеры і школьнікі. Разам яны займаюцца ландшафтным дызайнам ды кветкаводствам не толькі ў горадзе, жылым доме, але і ў школе. Пенсіянеры і дзеці… Ці не дзіўнае спалучэнне? Не, вельмі арганічнае, сцвярджаюць псіхолагі, бо і першыя, і другія — самыя сацыяльна актыўныя. Таму яны не толькі азеляненнем займаюцца, але ладзяць Свята малака (сямейныя пікнікі) ды ўладкоўваюць па Рызе спартыўныя пляцоўкі для заняткаў гімнастыкай. І гэта, таксама культура ў самых яе вышэйшых праявах.

Ледзь не забыўся распавесці пра Сусветную алімпіяду хароў. Паспаборнічаць прыедуць прадстаўнікі дзясяткаў краін…

Ніколі не падумаў бы, што чалавечае цела можа стаць арганічнай часткай гарадской прасторы. А менавіта гэта даводзіць аўстрыйскі харэограф Віллі Дорнер. Акцыя “Танец выходзіць у горад” пройдзе па ўсіх 58-мі мікрараёнах Рыгі. Гэта будзе часовая арт-экспансія самых розных архітэктурных ніш (у прамым і пераносным сэнсах гэтага слова) для падкрэслівання мегаполіснай структуры, раскрыцця цяжкасці перамяшчэння ў вялікім горадзе, дэманстрацыя жыццёвага вопыту і правілаў гарадскіх паводзін… Карацей кажучы, латвійскія танцоры атрымаюць унікальны харэаграфічны досвед цыркавой акрабатыкі і выбуховай хвіліннай інсталяцыі. А гледачы — чарговыя нестандартныя відовішчы, з якіх і складаецца ўвесь 2014 год у Рызе.

І адно пытанне замест заключэння. Можа, гэты пералік далёка не ўсіх мерапрыемстваў Культурнай сталіцы Еўропы хоць нейкім чынам раскатурхае нашых рэжысёраў масавых мерапрыемстваў ды пераканае іх у тым, што крэатыў — справа ў прыдумванні неймаверна цяжкая? Але толькі яна можа гарантаваць канкурэнтаздольнасць арт-тавару. Нічога іншага пакуль ніхто не прыдумаў. Так што думаць хоць і складана, але трэба.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"