Пра ўзаемную любоў. У новай раме

№ 13 (1139) 29.03.2014 - 04.04.2014 г

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ, спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”
Запытаўся неяк ў знаёмай, якая вярнулася з вандроўкі ў Парыж, чым запомнілася ёй сталіца Францыі. І яна распавяла пра тое, як для іхняй турыстычнай групы зладзілі шпацыр па начным Манмартры. Адна з новых славутасцей гэтай легендарнай мясцовасці — сцяна, на якой больш як на 300 мовах свету напісана фраза “Я кахаю цябе”. “ І вось, пакуль я шукала на гэтай сцяне надпіс на роднай мове, на мой мабільнік з Мінска прыйшла SMS-ка “Я кахаю цябе!”. Вось самае моцнае ўражанне ад Парыжа...”

/i/content/pi/cult/473/10038/4-1.jpgГэты сентыментальны з даважкам містыкі эпізод справакаваў мае развагі пра тое, дзеля чаго людзі выпраўляюцца з роднага дому ў няблізкі свет. Калі выключыць з кола майго інтарэсу прадстаўнікоў так званых вандроўных прафесій, гэткіх “перакаці-поле” кшталту маракоў ці вадзіцеляў-“дальнабойшчыкаў”, якія жывуць з дальняй дарогі, а таксама асоб авантурнага складу, што папросту няздольныя доўгі час знаходзіцца на адным месцы, дык атрымаецца наступная карціна. Людзі на пэўны час адрываюцца ад родных мясцін праз жаданне пацвердзіць сваю тоеснасць у новых дэкарацыях. Да іх ліку, відавочна, належыць і знаёмая, пра якую я згадаў. Такія заўжды вяртаюцца дадому. Іншыя ж прагнуць на новым месцы, у новых варунках альбо адчуць сябе не тымі, кім з’яўляюцца, альбо насамрэч стаць іншымі. Яны псіхалагічна не ўкаранёны ў родны грунт і з’язджаюць, каб застацца “там”. Хіба што на новым месцы сустрэнуць не так, як мроілася, здарыцца “аблом”, і тады ў душы ўзнікне настальгія…

Гэта, зразумела, вельмі ўмоўны падзел. Я не ўлічваю шматлікія групы ды падгрупы паводле менталітэту, прафесіі, выхавання, культурных і канфесійных асаблівасцей. У гэтыя нетры я не паглыбляюся, каб не заблукаць. Зрэшты, ёсць тыя, каму проста патрэбны новыя ўражанні.

Для ілюстрацыі сваёй думкі згадаю эпізод з уласнай сямейнай хронікі. У 1960-х маёй маці, якая ў той час працавала ў адным з рэспубліканскіх часопісаў, была прапанавана праца ў Маскве. Была ў Савецкім Саюзе такая кадравая палітыка, калі Масква, гадуючы ўласную наменклатуру, узмацняла яе прафесіяналамі з саюзных рэспублік, што сябе добра зарэкамендавалі. Па згаданым пытанні ў сям’і ўзнікла спрэчка. Бацька, якому вельмі карцела адарвацца ад мінскага асяроддзя і распачаць у Маскве, так бы мовіць, новае жыццё, жадаў, каб маці прапанову прыняла. Яна ж вагалася, мяркуючы: варта цаніць тое, што маеш. А мы з братам заявілі, маўляў, з Мінска нікуды не паедзем!.. Як бачыце, тут праявіліся прынцыпова розныя бачанні пытання. Маці, якой застацца хацелася больш, чым з’ехаць, прыняла ўрэшце наш бок. Тры супраць аднаго. Мы засталіся на радзіме, якую ў той час было прынята называць “малой”, бо “вялікай” лічылася ўся прастора ад Брэста да Уладзівастока — СССР...

Я распачаў гаворку з турыстычнай тэмы. Было б, можа, і някепска, каб тыя, чый службовы абавязак — прывабіць у Беларусь гасцей, улічвалі псіхалагічныя асаблівасці вандроўнікаў, узяўшы пад увагу тую акалічнасць, што многія, выязджаючы за мяжу, жадаюць не столькі пабачыць нешта дагэтуль невядомае, і гэтым — прывабнае, колькі, найперш, сцвердзіць сваю тоеснасць на тле новых дэкарацый, убачыць сябе любімага ў люстэрку з іншай рамай. Менавіта праз гэта турыст падсвядома шукае ў чужой краіне рысы сваёй радзімы. І калі знаходзіць, дык мае станоўчыя эмоцыі, якія, паводле законаў рынку, трансфармуюцца ў грошы, што замежнік пакідае ў нашай краіне.

Хацелася б, аднак, выйсці за межы названай тэмы. Новыя геапалітычныя рэаліі ды новыя інфармацыйныя тэхналогіі ствараюць псіхалагічны кантэкст, у якім звыклыя каштоўнасці, у тым ліку патрыятызм з усім комплексам пачуццяў, што ён спараджае, успрымаюцца ў іншым святле і нават (даводзіцца прызнаць непрыемнае) падлягаюць пэўнай карозіі. Я асабіста ведаю нямала беларускіх грамадзян, якія ў блізкім і далёкім замежжы праводзяць больш часу, чым на радзіме. А шмат хто за мяжой і стала атабарыўся. Там іх трымае выгадная праца, бізнес, чыннікі асабістага характару. Яны думаюць ужо не так, як мы, і стэрэатыпы паводзін у іх іншыя. І такіх беларусаў становіцца ўсё больш. Маштабы не тыя, што ў Прыбалтыцы, якая з’яўляецца часткай бязвізавай прасторы Еўрасаюза, але задумацца ёсць аб чым…. Як, на маю думку, варта парупіцца пра тое, каб нашы суайчыннікі, якія ўжо знаходзяцца за межамі Беларусі або ў перспектыве з той або іншай прычыны з’едуць туды, не аддаляліся ад радзімы псіхалагічна. Каб Беларусь была для іх у цэнтры свядомасці. Сённяшнія грамадскія і дзяржаўныя структуры робяць у гэтым напрамку пэўныя захады, але хацелася б бачыць іх больш адпаведнымі маштабу праблемы.

Прасцей кажучы, трэба, каб людзі ведалі, што на радзіме іх шануюць, чакаюць, заўжды ім рады. “Я люблю цябе” — так мусіць паводле сэнсу прачытвацца пасланне Беларусі суайчыннікам за мяжой. Дый тыя з нас, хто нікуды не з’язджае, таксама вартыя пачуць ад Радзімы словы, што так расчулілі маю знаёмую пад час вандроўкі ў Парыж...

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"