L.B. Народжаны ў Мінску

№ 12 (1138) 22.03.2014 - 28.03.2014 г

"Вялікі і жахлівы" першы прадзюсар "залатога веку" Галівуда
Мабыць, самы гучны скандал, які ўвайшоў у кіналетапіс Галівуда, быў звязаны з узаемаадносінамі паміж Маерам і суперзоркай 1920-х гадоў Джонам Гілбертам. Гэтая драматычная гісторыя характарызуе Маера як чалавека, які ніколі і нікому не дараваў нанесенай яму крыўды, нават калі сам не меў рацыю. Джон Гілберт трапіў на студыю “MGM” у год яе нараджэння — у 1924-м — і адразу стаў вядучым акцёрам. Фільмы з ягоным удзелам — “Яго час”, “Той, хто атрымае аплявуху”, “Вялікі парад” — карысталіся шырокай папулярнасцю і прынеслі студыі вялікі даход. Што і казаць, Маер забяспечыў Гілберту казачнае жыццё, купляючы для яго шыкоўныя аўтамабілі “ролс-ройс” і дапамагаючы яму ва ўладкаванні парку апельсінавых дрэў, сярод якіх жылі-не тужылі коні і сабакі, коткі і папугаі. Сам акцёр-гаспадар быў вялікі кніжнік, нікому не адмаўляў у грошах, займаўся дабрачыннасцю, падносіў каштоўныя падарункі каханым жанчынам...

/i/content/pi/cult/472/10031/15-1.jpg /i/content/pi/cult/472/10031/15-2.jpg

Луіс Маер са статуэткай "Оскар"; Міліца Кор'юс у стужцы "Вялікі вальс".

(Працяг. Пачатак у №№ 8, 10)

У фільме “Багема” ён іграў разам з чароўнай Грэтай Гарба, якая не ўстаяла перад талентам і прыгажосцю маладога акцёра. У іх пачаўся бурны раман. Справа ішла да вяселля, якое было запланавана на верасень 1926 года. Але пад вянец упартая, незалежная ды непрадказальная Грэта не прыйшла! Перадумала выходзіць замуж. І тады раззлаваны ды зняважаны Джон тут жа, прылюдна, прыняў добрую дозу віскі. А Луіс Маер раптам гучна, каб усе пачулі, сказаў яму: “Слухай, Джон, навошта табе жаніцца з гэтай распусніцай? Яна ж з тых, каго можна ў любы час спакусіць і тут жа забыць!..” Праз імгненне ад удару Гілберта разбітыя акуляры Маера валяліся на падлозе. “Не смей так пра яе гаварыць!” — закрычаў ашалелы ад лютасці Джон і стаў моцна біць боса галавой аб сценку. Маера ад яшчэ большых, непрыемнасцей паспелі выратаваць ахоўнікі. Гэта адзіны ў гісторыі Галівуда выпадак, калі “пры народзе” так абышоўся з кінамагнатам яго падначалены.

Калі Маер трошкі прыйшоў у сябе, то ціха сказаў Гілберту: “Ты, Джон, даўно ходзіш па краі. Лічы, што сёння ты падпісаў сабе смяротны вырак. Я знішчу цябе, нягледзячы на тваю славу. І няхай гэта будзе мне каштаваць мільён долараў… Ты нябожчык, Джон…” У адказ: “Ды пайшоў ты…” Іншая версія — больш мяккая: “Джон, твой хамскі ўчынак абыдзецца мне ў мільён долараў, але я зраблю цябе беспрацоўным”. Праўда, сама Грэта Гарба, хаця і не прысутнічала пры гэтым, у сваіх успамінах трошкі інакш распавядае фінал гэтай гісторыі. Кажа, што Маер наогул нічога славесна не адказаў Гілберту, калі той яго ўдарыў па шчацэ (!), але так паглядзеў на яго, што ўсе зразумелі: кінакар’еры Гілберта хутка прыйдзе канец.

Апошні фільм Гілберта, зняты ў Луіса Маера на MGM, называўся “Каралева Хрысціна”, дзе Джон сыграў разам з Грэтай Гарба. Што было потым у акцёра? Бар’еры з боку Маера, запоі, няўдачы ў гукавым кіно, якое прыйшло на змену нямому, пастаянныя хваробы сэрца... А чорны цень Маера, што б там ні было, заўсёды быў побач. Так, пасля першага сардэчнага прыступу Гілберта Маер прылюдна адрэзаў: “Лепш бы яму памерці адразу…”

Гілберт яшчэ некалькі гадоў сяк-так працягваў работу ў кіно, пісаў апавяданні, сустракаўся з жанчынамі (у яго ў жыцці было чатыры афіцыйныя жонкі і дзясяткі палюбоўніц), але ўся слава, што суправаджала на кінастудыі “MGM” у дваццатых, засталася ў мінулым. Апошняе яго вялікае каханне — гэта Марлен Дзітрых, якая таксама кахала артыста ды імкнулася выратаваць яго і ад п’янства, і ад іншых хвароб, але з гэтага нічога не атрымалася. На пачатку 1936-га акцёр памёр у сне, прыняўшы дозу снатворнага, змяшанага з віскі. Яму было 38 гадоў… У савецкім пракаце стужак з яго удзелам, наколькі я ведаю, не круцілі...

Дарэчы, пра шведку Гарба. Яе першы кантракт у 1926-м быў заключаны менавіта з Луісам Маерам. Да гэтага яна знялася ў нямым фільме Марыца Стылера “Сага пра Ёсту Берлінг”. Прэм’еру карціны ў Стакгольме пабачыў Маер, сустрэўся з актрысай — і запрасіў яе папрацаваць на яго кінастудыі. Вось так яна прыехала ў ЗША, дзе яе практычна ніхто не ведаў. Зразумела, права выбару той або іншай ролі не было, як і ва ўсіх іншых акцёраў, і яна вымушана была некалькі гадоў іграць спакусніц, так бы мовіць, “шукаць сябе, сапраўдную, у прафесіі”. Тым не менш, фільмы з яе ўдзелам карысталіся поспехам: “Уладарка кахання”, “Дзікія архідэі”, “Адзіны стандарт”, “Раман”, "Натхненне”. Потым была карціна “Сьюзан Ленак: падзенне і ўзлёт”, дзе яна здымалася з Кларкам Гейблам, акцёрам, якога цярпець не магла. І спробы Маера іх прымірыць не мелі поспеху. А сябе як вялікую актрысу Гарба знайшла ў стужках “Мата Хары”, “Анна Карэніна”, “Гранд-гатэль”, “Дама з камеліямі”, “Марыя Валеўская” і ў апошнім сваім фільме, 1941 года, — “Двухаблічная жанчына”.

Луіс Маер вельмі яе цаніў, зрабіў ёй новы кантракт на выключнае права выбіраць сабе любыя ролі ды любых партнёраў, і не звяртаў увагу на тое, што Гарба мела скандальныя любоўныя сувязі, пра якія шырокае грамадства шапталася па ўсіх кутах. Галоўнай для Маера была таленавітая ігра актрысы, любоў публікі і адсюль — бясконцы паток гледачоў. Пасля вайны яна з Луісам Маерам ужо не супрацоўнічала, бо наогул перастала здымацца ў кіно. Хаця, па чутках, менавіта Маер угаварыў яе прыняць у 1951-м грамадзянства ЗША. Жыла яна ў шыкоўных апартаментах у Нью-Ёрку, зусім адна, без сяброў і мужчын, адзіным шчасцем для яе былі прагулкі па горадзе. Свайго амерыканскага “бацьку” Луіса Маера яна перажыла на 33 гады і памерла 15 красавіка 1990-га…

Уласна кажучы, Луіс Маер трымаў пад кантролем усе працэсы стварэння фільмаў і ўнікаў у кожны з іх. У яго было беспамылковае чуццё на густ публікі. Мо таму кінакампанія “MGM” з 1924-га па 1942 год па пракаце была безагаворачным лідарам усёй галівудскай кінапрадукцыі. Не горш разбіраўся Маер і ў людзях: увесь персанал — ад “зорак” да аператараў, мастакоў, асвятляльнікаў — падбіраў сам. Кэтрын Хепбёрн казала: “...Студыя “MGM” нагадвала школу, дзе няма выпускнога класа. Плацілі там мала, але затое мы былі абаронены…”

Кампанія была падобна на сям’ю, члены якой падпарадкоўваліся “тату Л.Б.”, аднак жылі камфортна: студыя вырашала любыя праблемы. Гэты “сямейны каларыт” Маер заўсёды любіў падкрэсліваць ва ўрачыстых выступленнях. Сваім шараговым работнікам ён казаў: “Кантракт вам не патрэбны, пакуль я тут, усе мы — сям’я MGM”, а “зоркам”, атрымліваючы асалоду, у вочы казаў: “Гэта я вас стварыў!”.

Акрамя таго, Маер як прадзюсар з’яўляўся прыхільнікам увядзення “хэпі-энду” ў свае фільмы, незалежна ад таго, як было, напрыклад, у літаратурным сцэнарыі або ў рамане, па якім здымаецца карціна. Так здарылася з кнігай Томаса Гардзі “Тэс з роду Д’Эрбервіляў”. Марна рэжысёр Маршал Нэйлан спасылаўся на крыніцу, на заканамернае развіццё сюжэта, вобразаў і нават на здаровы сэнс — кіраўнік фірмы “MGM” быў няўмольны. Тады Нэйлан патрабаваў, каб слова было дадзена гледачам. І на адным праглядзе паказалі гэты фільм… з двума фіналамі. Гледачы, натуральна, аддалі перавагу стужцы з трагічным завяршэннем. Але Маер усё ж дамогся таго, каб у пракат паступілі два варыянты карціны: няхай уладальнікі кінатэатраў самі выбіраюць копію з тым або іншым фіналам. Томас Гардзі абурыўся, падаў пратэст, але Маер у адказ толькі ўхмыльнуўся…

Так, у Маера былі дзіўныя слабасці: любіў “хэпі-энды” і музычныя фільмы. За пяць гадоў, пачынаючы з 1934-га, ягоная фірма паставіла дзесяць такіх лёгкіх і яскравых стужак, лепшыя з якіх (“Вясёлая ўдава”, “Роз-Мары”, “Светлячок”, “Майскія дні”) выклікалі вялікае мноства перайманняў. А яшчэ цудоўны “Вялікі вальс” (рэжысёр — Жульен Дзювіўе), які ў савецкім пракаце меў каласальны поспех. Да гэтага часу памятаю: гукі пастуховага ражка, цокат капытоў каня, шчабятанне птушак, ігра на губным гармоніку, насвістванне Штрауса, спяванне Карлы Донэр — усё гэта злівалася ў мелодыю штраусаўскага вальса, які чароўна адлюстраваў і прывабнасць ранку, і пранізаны сонечнымі прамянямі лес, і чароўнасць першага кахання (эпізод стварэння вальса “Казкі Венскага лесу”)…

Маер адразу ж пасля заканчэння Другой сусветнай вайны “стварыў” для кінаэкрана і вялікага спевака Марыа Ланца. 27 жніўня 1947 года ягоны голас ён упершыню паслухаў у час канцэрта ў суправаджэнні аркестра Юджына Армандзі. Гэты канцэрт і вызначыў выбар Ланца на карысць кар’еры кінаакцёра ды канцэртнага выканаўцы. Але, па вялікім рахунку, у той вечар оперная сцэна страціла тэнара, голас якога мог стаць сенсацыяй стагоддзя...

Карацей, Ланца пасля дэмабілізацыі з арміі марыў трапіць на кінаэкран у якасці драматычнага артыста, які пяе, але ніхто з прадзюсараў ды рэжысёраў не рызыкнуў запрасіць яго на здымачную пляцоўку, бо гэты італьянец, хаця і з дзіўным голасам, быў вельмі… тоўсты і далёка не “кінагенічны”. І толькі празорлівец Маер адразу зразумеў: гэты душа-хлопец можа прынесці яго кінакампаніі добры барыш! Але для гэтага ён прымусіў Марыа сесці на вельмі строгую дыету, цалкам адмовіцца ад любімых макаронаў ды страў італьянскай кухні, са спецыяльным трэнерам актыўна заняцца спортам і скінуць вагу мінімум на 15 фунтаў. А той скінуў аж 25 фунтаў!

З гонарам вытрымаўшы ўсе іспыты, Ланца атрымаў сямігадовы кантракт з Маерам, згодна з якім MGM павінна была выплачваць яму 10 тысяч долараў прэміі і па 750 “зялёных” у тыдзень на працягу шасці месяцаў, пакуль будзе весціся работа па падрыхтоўцы да здымак. У гэтыя паўгода, па пагадненні з Маерам, Ланца мог рабіць тое, што хацеў: даваць канцэрты, выступаць на радыё, запісваць песні, але ні ў якім разе не павінен быў страціць фізічнай формы. Потым ён мусіць зняцца ў сваёй першай стужцы, за якую атрымае ганарар у 15 тысяч “баксаў”. І калі карціна будзе мець поспех, то ганарар за яго наступны фільм будзе ўзняты да 25 тысяч долараў. У той час гэта былі вялікія грошы. Але Маер ведаў, што яго кінакампанія з Ланца дакладна не прайграе…

Так і здарылася. Першыя карціны — “Паўночны пацалунак” і “Улюбёнец Новага Арлеана” — мелі каласальны поспех. Муслім Магамаеў так пісаў пра апошні фільм: “Ён падарыў свету дзіўныя музычныя нумары: фрагменты з опер, рамансы і песні, створаныя на вершы Сэмі Кана кампазітарам Ніколасам Бродскім, які быў творча блізкі да Ланца: іхні дыялог адбываўся на адной сардэчнай струне. Тэмперамент, пяшчотная лірыка, нястрымная экспрэсія… Гэта іх яднала, і перш за ўсё менавіта гэтыя якасці адлюстраваліся ў галоўнай песні фільма “Be my love!”, якая стала, асмелюся сказаць, шлягерам усіх часоў...”.

Потым былі фільмы “Таму што ты мая”, “Вялікі Каруза” (у СССР меў каласальны поспех), “Прынц-студэнт”, “Серэнада”, “Сем узгоркаў Рыма”, “Сэрэнада вялікага кахання” — усе пад крылом MGM. Марыа Ланца пражыў усяго 38 гадоў і памёр ад інфаркту 7 кастрычніка 1959-га, праз два гады пасля смерці свайго кінаапекуна Луіса Маера. Але, у адрозненне ад апошняга, Ланца кожны дзень пражываў так, быццам бы ён быў першы і апошні ў жыцці. І спяваў гэтак жа. Шчодры і ласкавы, вясёлы і трагічна журботны “сонечны хлопец з Філадэльфіі”, “амерыканскі Каруза”, італьянец з драматычным тэнарам аксамітавага тэмбру Марыа Ланца да канца жыцця быў заўсёды ўдзячны Луісу Маеру за тое, што той стварыў яго як кіназорку і адкрыў яму дзверы ў вялікі сусветны кінематограф...

Што яшчэ вядома пра мінчаніна з галівудскай біяграфіяй — Луіса Маера? Пра гэта — у наступных нумарах “К”.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"