Опера ў лютым: бацькі і дзеці

№ 5 (823) 02.02.2008 - 08.02.2008 г

Па падліках сацыёлагаў, люты, нягледзячы на меншую колькасць дзён у параўнанні з іншымі месяцамі, звычайна становіцца самым “кіношным” перыядам у жыцці гараджан: наведванне кінатэатраў у гэты час рэзка падскоквае ўверх, нават без нашумелых прэм’ер. Падобна на тое, што гэтая тэндэнцыя рэзкага павышэння глядацкай увагі закране сёлета Беларускую оперу. Але не таму, што на вуліцы холадна і закаханым няма дзе пагрэцца, а — менавіта з-за прэм’ер. Іх у лютым — ажно тры! І ўсе сенсацыйныя, быццам наўмысна разлічаныя на “лютых” крытыкаў.

5 лютага выпеставаная на опернай класіцы публіка будзе, бадай, шакіравана спектаклем “Бах... Кава... Джаз...”. Яшчэ не паспелі ўлегчыся спрэчкі, ці трэба ўвасабляць на опернай сцэне такі зусім не оперны твор, як “Кававая кантата” І.С. Баха (і года не прайшло пасля яе прэм’еры), як гэтая кантата паўстане ў джазавым варыянце. Што ні кажыце, а “прымірыць” Баха з джазам можа хіба добрая кава ці... знакаміты цымбаліст Міхаіл Лявончык, які ў гэтым спектаклі выступіў у ролі не проста аранжыроўшчыка, а яшчэ і “сааўтара”. І хаця супрацоўніцтва тэатра менавіта з гэтым музыкантам здзівіла некаторых (маўляў, ёсць жа ў нас прафесійныя кампазітары!), яно ўзнікла зусім не выпадкова. Жывучы апошнія гады ў Германіі (а менавіта гэтая краіна не толькі ўзгадавала талент Баха, але і назапасіла большасць даследаванняў яго творчасці), Міша працягваў навучанне па класах кампазіцыі і джазавай імправізацыі. Так што, слухачы оперы змогуць адчуць сябе ў ролі гэткай “міждзяржаўнай” камісіі.
Своеасаблівае “журы” спатрэбіцца для ўсіх музыкантаў, што возьмуць удзел у прэм’еры. Бо Старадума і Лізэту будуць спяваць адразу два склады — у розных кутках сцэны, прычым у адным з іх сямейныя спрэчкі вакол кавы будуць разыгрывацца ў ХVIII стагоддзі, а ў другім — у сучаснасці.
Так вырашылі маладыя пастаноўшчыкі: рэжысёр Наталля Кузьмянкова (заўсёднікі памятаюць яе па “Цераме-Церамку”), мастак Кацярына Булгакава (на яе творчым рахунку “Пірацкі трохвугольнік” Г.Даніцэці, “Запіскі звар’яцелага” В.Кузняцова, згаданы “Церам-Церамок” і былая “Кававая кантата”), дырыжор Андрэй Іваноў, які яшчэ вучыцца ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (ён кіраваў канцэртнай барочнай праграмай, што раней ішла разам з “Кававай кантатай”).
19 лютага галоўны дырыжор тэатра Віктар Пласкіна ўзрушыць сваіх прыхільнікаў чарговай версіяй “Барыса Гадунова” М.Мусаргскага (пакуль толькі канцэртнай), даказаўшы, што новае — гэта добра забытае старое. Калісьці гэтая опера ішла ў “прыгладжана-прычасанай” рэдакцыі М.Рымскага-Корсакава, колішняя пастаноўка (1974 года) — у аркестроўцы Д.Шастаковіча, куды больш адпаведнай “няправільнасцям” ХХ стагоддзя, апошняя па часе — у аўтарскім варыянце. Зараз зноў будзе зроблены крок да Шастаковіча, таму і цікава: гэта будзе крок наперад ці назад?
Вядома, нас чакае новы склад салістаў. Прычым рэзка памаладзее не толькі Марына Мнішак (Аксана Волкава), але і Юродзівы (Юрый Гарадзецкі), а галоўнае — цар Барыс, у партыі якога мы ўпершыню пачуем барытона Станіслава Трыфанава. Колішні выпускнік Мінскага музычнага вучылішча, ён пасля заканчэння Адэскай кансерваторыі вярнуўся на радзіму, праспяваў у некалькіх канцэртах — і, калі ласка, ужо “царствуе”.
А 29 лютага, у гэты ледзь не “фантастычны” дзень, што здараецца раз на чатыры гады, у Беларускай оперы валадарыць будзе “Кашчэй Бессмяротны” М.Рымскага-Корсакава. Прычым пераможа гэтага казачнага ліхадзея нават не традыцыйны волат Іван, які сам трапіць у палон, а дачка “здыхліка неўміручага”— Кашчэеўна. З партытурай гэтай сучаснай па стылістыцы оперы, якой мінула 106 гадоў, “змагаецца” малады дырыжор Іван Касцяхін. Герояў “разводзіць” малады рэжысёр Галіна Галкоўская. А знаўцы шукаюць пірацкія відэазапісы колішняй нашумелай маскоўскай пастаноўкі, дзе Кашчэй быў... хакерам.
Адным словам, лютаўскія прэм’еры ў нашым “оперным Доме афіцэраў” пройдуць пад знакам “сямейных разборак”. Так што, і прыходзіць на спектаклі лепей усёй сям’ёй: будзе што абмеркаваць за кубкам кавы.

Надзея БУНЦЭВІЧ