Ніхто не прайграў

№ 12 (1138) 22.03.2014 - 28.03.2014 г

Днямі адбыўся фінал гарадскога конкурсу “Школа бяспекі”. Дзеці з дзевяці раёнаў сталіцы прадэманстравалі свае веды па школьным прадмеце “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”.

Права ўдзелу было прадастаўлена 81 пераможцу першага тура, які праводзіўся сярод вучняў агульнаадукацыйных навучальных устаноў сталіцы, удзельнікаў Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных. Удзельнікі, якія прайшлі ў другі этап конкурсу (гэта 17 чалавек), выступалі па загадзя выбраных імі тэмах. На трэцім этапе ўдзельнікі выбіралі білет з апісаннем сітуацыі. Пасля чытання білета на абдумванне алгарытму дзеяння ў надзвычайнай сітуацыі давалася не больш за трыццаць хвілін. Кожны ўдзельнік рашаў і агучваў адну задачу па сітуацыі. Старшакласнікам прапаноўваліся пытанні, якія датычыліся надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару, аховы жыцця і здароўя. Навучэнцы 5 — 7 класаў дэманстравалі свае веды па выкананні правілаў бяспекі ў лесе, на дарозе, на вадзе. Сур’ёзнымі былі і заданні для наймалодшых удзельнікаў.

Пераможцы ўзнагароджаны прызамі ды падарункамі. Цяпер, праз месяц, яны будуць прадстаўляць каманду Мінска на рэспубліканскім узроўні.

Таццяна БЫЧАНОК, спецыяліст групы прапаганды і навучання Савецкага РАНС г. Мінска