В.Ваньковіч. "Партрэт Тамаша Зана".
Х.Суцін. "Ева".
М.Шагал. "Зялёны пейзаж".
Без перабольшання можна сказаць, што такой выстаўкі — па аб’ёме ды якасці — у нашай культурнай гісторыі не было. Зразумела, мы да яе яшчэ будзем вяртацца, але зараз пра мэту і значэнне экспазіцыі трохі распавядзе адзін з куратараў праекта — намеснік генеральнага дырэктара НММ па навуковай рабоце Надзея УСАВА.
— Так, мэта гэтай буйнамаштабнай экспазіцыі, якую калектыў нашага музея рыхтаваў з чэрвеня мінулага года, — прадставіць з дапамогай артэфактаў ды лепшых твораў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва краіны, пачынаючы з часоў Полацкага Княства і да нашых дзён, аб’ектыўны працэс развіцця культуры Беларусі ў поўным і непарыўным кантэксце еўрапейскай цывілізацыі. У выстаўку мы ўключаем работы аўтараў, якія былі народжаны менавіта на зямлі, што ўваходзіць у сучасную Беларусь, а таксама прадметы мастацтва, створаныя выхадцамі з гэтых мясцін, але за іх межамі (праект Уладзіміра Шчаснага). Падкрэслю, што ў гэтым сэнсе толькі два выключэнні: творы Ю.Пэна, заснавальніка першай беларускай школы жывапісу і рысавання, і народных мастакоў Беларусі незалежна ад месца іх нараджэння.
Гэта будзе агляд таго самага каштоўнага, унікальнага ды цікавага, у тым ліку і раней не бачанага гледачамі, што створана за мінулыя стагоддзі на нашай зямлі. У экспазіцыю, канешне ж, увойдуць работы не толькі з фондаў уласна нашага музея, але і з 29 рэгіянальных скарбніц краіны, прыватных збораў, карпаратыўных калекцый, у тым ліку “Белгазпрамбанка”, уключаючы самыя апошнія яго набыткі: творы В.Ваньковіча, М.Шагала, Х.Суціна, арыгінал кнігі Сімяона Полацкага “Жазло праўлення”. У дзень вернісажу глядач пабачыць і духоўную святыню Беларусі — знакаміты Крыж Ефрасінні Полацкай (рэканструкцыю, зробленую мастаком М.Кузьмічом), — і многія іншыя шэдэўры з часоў Візантыі ды “Бібліі” Францыска Скарыны. Словам, ніколі раней у адным месцы не збіралася такая буйная экспазіцыя работ беларускага мастацтва за дзесяць стагоддзяў. Для гэтага таленавітым дызайнерам з Мінска, Санкт-Пецярбурга і Вільнюса давялося папрацаваць над тым, як максімальна пашырыць — амаль у паўтара раза — экспазіцыйную плошчу ўсяго першага паверха і галерэі музея.
Да вернісажу будзе выпушчаны фундаментальны ілюстраваны альбом-каталог на трох мовах. Таксама маюць прадставіць так званы інавацыйны аўдыягід і флеш-каталог.