За два дні да юбілею

№ 5 (823) 02.02.2008 - 08.02.2008 г

5 лютага споўніцца 85 гадоў народнаму мастаку Беларусі, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі рэспублікі, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны, кавалеру ордэна Ф.Скарыны, члену рэдкалегіі газеты “Культура” Леаніду Шчамялёву.

А праз два дні, 7 лютага, у Нацыянальным мастацкім музеі РБ адбудзецца вялікі юбілейны вернісаж жывапісу і графікі выдатнага мастака сучаснасці. На выстаўцы будуць прадстаўлены як рэтраспектыўныя творы, пачынаючы з інстытуцкага дыплома “Вяселле” 1959 года, так і зусім новыя палотны, зробленыя ў апошні час.
Творчасць Л.Шчамялёва — гэта роздум пра вечнае, пра гісторыю і сучаснасць, пра незабыўнае, неперадавальнае словамі — а толькі фарбамі, гэта роздумы пра жыццё, каханне, цуд, дабрыню, гуманнасць, якія разлічаны на суперажыванне, на ўнутранае ўцягванне гледача ў пэўнае “сцэнічнае дзейства”.
У любым жанры жывапісу і графікі ён адчувае сябе самадастаткова і паўнавартасна: у фігуратыўнай карціне, партрэце, пейзажы, нацюрморце. Карціны мастака, незалежна ад памераў, часу стварэння, жанру, заўсёды пазнавальныя і не патрабуюць дадатковага прадстаўлення гледачу, бо Леанід Дзмітрыевіч даўно стаў сапраўдным класікам у беларускай выяўленчай культуры. Матэрыял пра юбіляра і яго выстаўку чытайце ў наступным нумары “К”.