Бібліятэчны сэрвіс

№ 11 (1137) 15.03.2014 - 21.03.2014 г

Сёння пра тры незвычайныя спосабы дастаўкі кніг патэнцыйнаму чытачу. Урэшце, прынамсі адзін з іх добра вядомы і беларускім сельскім бібліятэкарам.

/i/content/pi/cult/471/10010/13-4.jpg

Гаворка пра мабільны сэрвіс «Bibliobicicleta» (перакладаецца на беларускую мову накшталт “Велабібліятэка”) іспанскага горада Касентаіна. Каб прыцягнуць увагу да чытання, бібліятэкары сядаюць на веласіпеды і развозяць літаратуру па школах, іншых навучальных установах. Ініцыятыву падтрымаў і мэр гарадка. А ў нас такая форма працы — варыяцыя на тэму кніганошаў — існуе ўжо якое дзесяцігоддзе і ўспрымаецца цалкам будзённай з’явай.

А вось гарадская бібліятэка Нью-Ёрка прапанавала пасажырам тамтэйшага метрапалітэна альтэрнатыву інтэрнэт-сёрфінгу. Урэшце, доступу да Сеціва на большасці ліній проста няма. Сутнасць спецыяльнага сацыяльнага праекта бібліятэкараў у наступным: у вагонах цягнікоў усталяваны адмысловы дысплэй, які адлюстроўвае кніжную паліцу. Каб атрымаць твор, што зацікавіў, на свой планшэт альбо смартфон з чыпам NFC дастаткова паднесці гаджэт да пажаданага наймення. Што ж, таксама варыянт, які, дарэчы, у той ці іншай форме існуе ў розных краінах свету. А што ж наш метрапалітэн?

Ну і самы просты спосаб данесці кнігу — міні-чытальная зала ў зале чакання аэрапорта Амстэрдама. І ведаеце, яна карыстаецца заўсёдным попытам… Дарэчы, поруч з электроннымі носьбітамі чытаюць пасажыры і рэальныя кнігі.