Культура для эканомікі ці эканоміка для культуры?

№ 11 (1137) 15.03.2014 - 21.03.2014 г

Навуковая канферэнцыя засведчыла пакуль толькі пытанні...
13 — 14 сакавіка ў Інстытуце культуры Беларусі праходзіла ІІІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Культура Беларусі: рэаліі сучаснасці”. Генеральная тэма мерапрыемства — “Новая канфігурацыя культурнай прасторы і “новая” эканоміка культуры”. Праз пэўны час мы паспрабуем патлумачыць схільнасць канферэнцыі да пабудовы адмысловых геаметрычных фігур і да гульні ў двукоссі з прыметнікамі, прыналежнымі да слова “эканоміка”. А пакуль толькі зазначым, што ўдзельнікамі канферэнцыі сталі прадстаўнікі міністэрстваў культуры і эканомікі Рэспублікі Беларусь, супрацоўнікі дыпламатычных місій, культурных цэнтраў, навуковых арганізацый са Славакіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Расіі, работнікі культуры… Два дні запар усе яны ішлі да канкрэтнай мэты: абмеркаваць актуальныя праблемы ў галіне эканомікі культуры і выпрацаваць новыя падыходы да ўдасканалення арганізацыйна-эканамічных механізмаў кіравання дзяржаўнымі арганізацыямі культуры ў сучасных эканамічных умовах.

Мадэлі канфігурацый… Ці наадварот?

Цікавым падаўся гістарычны агляд мадэлей культурнай палітыкі еўрапейскіх краін, зроблены дырэктарам расійскага Інстытута культурнай палітыкі Міхаілам Гнядоўскім. Справа ў тым, што ў Еўропе, у адрозненне, скажам, ад ЗША, істотную ролю ў культурнай палітыцы адыгрывае дзяржава. І ўсе трансфармацыі згаданых мадэлей звязаны са змяненнем гэтай ролі. Тое ж адбываецца зараз і на постсавецкай прасторы…

Дык вось, унітарная мадэль узнікла ў 1950-я і разглядала культуру як універсальныя каштоўнасці. Людзі выхоўваліся на высокіх узорах агульнапрызнанага сусветнага ці нацыянальнага мастацтва. Тэлебачання яшчэ не было, але музеі, тэатры і бібліятэкі сталі даступнымі для ўсіх ахвотных. Першым маштабным праектам дэмакратычнай палітыкі стала адкрыццё калекцыі Луўра. Права адбору каштоўнасцей дзяржава дэлегавала прафесіяналам ад культуры.

Другая мадэль — плюралістычная. Яна ўзнікла ў выніку студэнцкіх хваляванняў напрыканцы 1960-х — на пачатку 1970-х. Традыцыйным каштоўнасцям была супрацьпастаўлена маладзёжная культура. Межы культурнай прасторы (вось яна — канфігурацыя) пашырыліся. Тым больш, што з’явіліся магнітафоны, электрычныя музычныя інструменты, прыватныя радыёстанцыі… Узніклі рок-музыка, альтэрнатыўныя жывапіс і паэзія. Культурная палітыка стала сацыяльнай і паўплывала на дзейнасць дзяржаўных структур.

Трэцця мадэль — інструментальная: 1980, 1990-я гады, вынік нядаўняга эканамічнага крызісу. Многія гарады пераадольвалі сацыяльны крызіс. Скарацілася фінансаванне культурных структур. Патрэбен быў аргумент, каб давесці, што культура — не раскоша, а дзейсны інструмент сацыяльна-эканамічнага развіцця, фінансаванне ж культуры — не грошы на вецер, а інвеставанне ў будучыню. І гэтым аргументам стала эканамічная самастойнасць культуры з адмысловай бізнес-стратэгіяй, якая прынесла дадатковыя рабочыя месцы, выканала маркетынгавую ролю для адраджэння гарадоў. Менеджмент і фандрайзінг сталі часткай творчай прафесіі. І ўсё гэта адбывалася на глебе лічбавых тэхналогій і развіцця культурнага бюджэтаўтваральнага турызму.

Інавацыйная мадэль прыпала на 2000-я. Культура стала не толькі каталізатарам, але і неад’емным складнікам постіндустрыяльнага развіцця. Крэатыўны канкурэнтаздольны бізнес паставіў кропку ў спрэчках: эканоміка для культуры ці культура для яе…

Я слухаў даклад і думаў. Вось амаль гатовы практыкаарыентаваны сцэнарый, не — не для тэматычнай дыскатэкі, а для грунтоўнага — гэтак трохгадзіннага — прафесійнага мерапрыемства пад дахам Палаца культуры ці СДК. Мерапрыемства сур’ёзнага, выхаваўчага і ў той жа час — надзвычай цікавага, з шырокім выкарыстаннем аўдыя- і відэашэрагаў, іншых сучасных тэхнічных магчымасцей. Пры належным піяры ў зале панаваў бы аншлаг, бо мы, нават спецыялісты, амаль нічога не ведаем пра зменлівасць культурнай прасторы, пра тую самую канфігурацыю, якая наўпрост уплывае не толькі на лёсы людзей, але і на будучыню дзяржаў, іх эканоміку ды сацыяльнае становішча.

Пагуляем у будучыню?

Пра “новую” эканоміку культуры распавядалі рэктар Інстытута культуры Беларусі Канстанцін Рэмішэўскі і загадчык кафедры дзяржаўнага кіравання сацыяльнай сферай і беларусазнаўства Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Святлана Лапіна… Думаю, што і без вытрымак з гэтых прамоў цяпер зразумела: “навізна” эканомікі культуры — у першаснасці другой і другаснасці першай. Але пад час канферэнцыі склалася не вельмі суцяшальная выснова: мусіць, занадта малая актавая зала ў Інстытуце культуры Беларусі, бо падалося. што не хапіла месца для тых чыноўнікаў, ад якіх залежыць фінансавая будучыня СДК ад Маларыты да Сянно і рост заробкаў бібліятэкараў, клубнікаў, музейшчыкаў, метадыстаў… Словам, у зале сядзелі збольшага толькі тыя, каго ў выключнай ролі нацыянальнай культуры пераконваць зусім не трэба.

Святлана Лапіна распавяла пра навучальную праграму, распрацаваную польскім Інстытутам свету. Сутнасць яе заключаецца ў тым, што пэўны зборны калектыў гуляе некалькі дзён ў адмысловую камп’ютарную гульню па кіраванні віртуальнай дзяржавай з разбуранай эканомікай і народам, ушчэнт хворым на эпідэмію СНІДу. Беларуская зборная налічвала каля трыццаці чалавек (слухачы і выкладчыкі Акадэміі кіравання). Лапінай выпала стаць кіраўніком неіснуючай краіны. Тыдзень быў выкарыстаны на самыя розныя спробы ўзняць дзяржаву. Змянялі чыноўніцкія партфелі, удасканальвалі вытворчасць, змагаліся з карупцыяй, прыцягвалі на дапамогу сілавікоў, фінансістаў... Дарэмны клопат! У рэшце рэшт, прадалі ўсё: руднікі, касмічную вытворчасць, заводы і фабрыкі… Усе грошы выдаткавалі на развіццё культуры. Імгненна знік СНІД, услед за ім — крызіс, потым “папёр” прафіцыт. За гэтыя грошы была якасна ўзноўлена і мадэрнізавана вытворчасць… Гульня? Гульня! Усе ў зале смяяліся. Ды штосьці смех быў не надта жыццярадасны. Так, культура павінна зарабляць, але і на яе будучыню шкадаваць грошы — злачынна.

Гэтую ж выснову, але ўжо без смеху, паўтарыў намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута культуралогіі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны Віктар Шчарбіна, які сцвердзіў: культура і эканоміка — модусы цывілізацыйнага ўкладу. Спікер падкрэсліў, што фарміраванне новай культурнай палітыкі — патрабаванне часу. Дзяржава пры гэтым становіцца саўдзельніцай працэсу ўзнаўлення культурнага асяродка. А бізнес ужо разумее, што курс на лібералізацыю прыватнага сектара стварае самыя спрыяльныя ўмовы для таго, каб прадпрымальнікі станавіліся актыўнымі ўдзельнікамі культурнай вытворчасці. Тэорыя? На вялікі жаль, пакуль што так.

Нездарма на пачатку канферэнцыі Канстанцін Рэмішэўскі абвясціў, што за гэтыя два дні пытанняў у сценах Інстытута культуры Беларусі прагучыць больш, чым адказаў. Ох, дажыць бы да канкрэтнага практычнага і вельмі маштабнага адказу на пытанне, вынесенае ў загаловак гэтага матэрыялу! Тады на замяшчэнне вакантных пасад у сферы рэгіянальнай культуры можна было б і конкурс абвяшчаць. Як, зрэшты, і некалькі дзесяцігоддзяў таму...

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"