Абавязкі гаспгрупы пашырацца?

№ 11 (1137) 15.03.2014 - 21.03.2014 г

Надзея МАСКВІЧОВА, Верхнядзвінскі райвыканкам:
Верхнядзвінскі раён мяжуе з Латвіяй і Расіяй. Такое суседства натуральным чынам паўплывала на змест творчых праектаў, якімі славіцца мясцовы аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. З рахункаў не варта скідваць і тое, што прымежны рэгіён не толькі адказвае за экспарт нашай традыцыйнай культуры, але і ў ліку першых робіць усё магчымае для стварэння ў замежжы станоўчага іміджа нашай краіны.

/i/content/pi/cult/471/10004/12-3.jpg— Бягучы год у нас — надзвычай насычаны. 6 ліпеня ладзім мерапрыемства (яму ужо 55 гадоў) міжнароднага значэння на стыку трох дзяржаў: Беларусі, Латвіі і Расіі. 12-га — святкуем вызваленне Верхнядзвіншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 17 ліпеня — 90-годдзе ўтварэння раёна. І ўсё гэта — на фоне агульнадзяржаўных падзей: 70-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкай навалы і Вялікай Перамогі. Зразумела, што ўжо сёння старанна рыхтуем лепшыя нашы творчыя сілы. Але і ад будзённых спраў нас ніхто не вызваляў.

З 1 сакавіка ў нас дзейнічае аптымізаваная сістэма са статусам юрыдычнай асобы: дзяржаўная ўстанова культуры “Верхнядзвінскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”. Пад дах яе ўвайшлі метадычны цэнтр, раённы Дом культуры, раённы Дом рамёстваў і 20 устаноў клубнага тыпу. Справа для нас — новая, вырашаем цяпер шэраг фінансавых, кадравых пытанняў… Пры аддзеле засталіся бухгалтэрыя і гаспадарчая група. Думаем, як рушыць далей. Да прыкладу, складнікам якой структуры павінна заставацца гаспгрупа? Паводле аднаго з варыянтаў нашай аптымізацыі, яна на дагаворных умовах зоймецца абслугоўваннем не толькі клубаў, але і бібліятэк. (Яны ў нас, як вядома, даўно аб’яднаны ў ЦБС, але нядаўна сістэма стала яшчэ і юрасобай.) Але, у любым выпадку, будзем аптымізавацца і надалей.

У нас былі праблемы з памяшканнем для Дома рамёстваў. Перанеслі яго ў РДК. Але гэта — часовая мера. У райцэнтры з насельніцтвам у сем тысяч чалавек тры школы — зашмат. Мяркуецца, што ў адным са школьных будынкаў у перспектыве знойдзецца месца для Дзіцячай школы мастацтваў і раённага Дома рамёстваў.

Няма пакуль у Верхнядзвінску гісторыка-краязнаўчага музея. Дарэчы, у аграгарадку “Валынцы” ёсць Краязнаўчы музей імя Івана Чэрскага — геолага, географа, палеантолага, даследчыка Сібіры і Байкала. А вось у райцэнтры музея няма. Вельмі хацелася б адкрыць яго ў юбілейны год. Будынак мы даўно знайшлі. Ён хоць і не мае статуса гісторыка-архітэктурнага помніка, але з’яўляецца сапраўдным упрыгожаннем Верхнядзвінска. Рамонт гмаху перапыняецца іншым разам з-за недастатковага фінансавання. Але рабочая група па стварэнні ўстановы зрабіла шмат для таго, каб музей істотна адрозніваўся ад іншых. Маюцца экспанаты, ёсць канцэпцыя. Апошнюю нам дапамог распрацаваць мастак Валерый Шчасны. Ідэя такая: гісторыя кожнага населенага пункта падаецца з улікам знаходжання яго на берагах той або іншай рэчкі. І гісторыя гэтая трансфармуецца ад старажытнасці да нашых дзён. А своеасаблівым гідам з’яўляюцца рэкі ды ручаі Верхнядзвіншчыны…

“Культуру” чытаю вельмі ўважліва, па-добраму зайздрошчу тым раёнам, дзе актыўна развіваецца праектная дзейнасць. Імкнёмся не адставаць у гэтым кірунку і мы. У рамках еўрасаюзаўскай праграмы “Еўрарэгіён: азёрны край” актыўнічае супрацоўнік нашага аддзела. Думаю, што нашых замежных калег зацікавіць праект “Дзвіна — Двина — Даўгава”. Хочацца гэтае міжнароднае свята разгарнуць больш маштабна. Калі папрацуем з аддачай, атрымаем, магчыма, і адпаведны грант для будучага развіцця свайго праекта...

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"