“Фармаліст, але малайчына!..”

№ 36 (1214) 05.09.2015 - 11.09.2015 г

Андрэй Бембель і яго лінія жыцця
Тут, у інстытуце, Бембель ажаніўся са студэнткай скульптурнага факультэта Вольгай Дзядок. Хутка нарадзілася іхняя дачка Клара. А настаўнікамі маладых людзей сталі выдатныя педагогі, выхаванцы пецярбургскай Імператарскай акадэміі мастацтва Усевалад Лішаў, Раман Бах, Васіль Сіманаў і ўжо згаданы Мацвей Манізер.

/i/content/pi/cult/550/12013/15-1.jpg(Працяг. Пачатак у №№ 32, 34.)

Усё пачыналася добра, але ў канцы 1920-х атмасфера рэзка змянілася. Да ўлады прыйшлі агрэсіўныя фармалісты і апалагеты “левага” мастацтва. Пачалося не толькі звальненне старых прафесараў-выкладчыкаў, але і жорсткі наступ на ўсё рэалістычнае мастацтва. Галоўны дэвіз “новай лініі”, якая была падтрымана ЦК УКП(б) і Наркаматам асветы РСФСР, — вытворчая практыка студэнтаў павінна быць на заводах і фабрыках замест творчых майстэрняў і бібліятэк.

Аднойчы Андрэй у знак пратэсту супраць “новага духу часу” не выйшаў на “суботнік” па знішчэнні ўнікальнага акадэмічнага музея антычных злепкаў. У панядзелак у факультэцкай насценнай газеце з’явілася карыкатура: непаслухмянага студэнта, які не падпарадкаваўся загаду адыёзнага рэктара Фёдара Маслава, намалявалі ў выглядзе матроса-анархіста. А ніжэй красавалася лаканічнае “Прэч з інстытута!”. Андрэй у той час сапраўды насіў матроскі бушлат і штаны, падараваныя яму кіраўніцтвам ваенна-марскога вучылішча. Але на гэтым справа не скончылася.

Вольга Дзядок згадвала: “Апошні, чацвёрты год навучання. Многа змен ён нам прынёс. Новы рэктар Маслаў. “Адміністратыўнае захапленне” — гэтак называецца падобнага кшталту дзейнасць. І ў гэтым адміністратыўным захапленні ён закруціў гайкі так крута, што расхлёбваць яго “кашу” давялося на працягу многіх гадоў. Перш за ўсё была выгнана старая прафесура. На падрыхтаваных загадзя сходах-спектаклях нашы прафесары выступалі са справаздачай аб сваёй творчай і педагагічнай дзейнасці. Потым пачалося “лінчаванне”. Студэнты выступалі адзін за адным з трыбуны і бэсцілі сваіх настаўнікаў, у тым ліку і Усевалада Усеваладавіча Лішава. Забыта было ўсё, што даў ён акадэміі, сваім студэнтам…

І тут выступіў Андрэй. Наогул, ён часта і са смакам выступаў і гаварыў заўсёды, не лічачыся ні з кім і ні з чым. Але тут ён перасягнуў сябе. Абараняў Лішава, ацэньваў яго ролю ў акадэміі, выяўляў прычыны наступу на яго. Знішчальную крытыку ён абрынуў на лінію Маслава, высмейваў падтрымку партарганізацыяй мерапрыемстваў, якія накіроўваліся на развал вучобы студэнтаў. Наогул гэта было забаўна. Засунуўшы рукі ў кішэні, галадранец хадзіў узад-уперад па сцэне і граміў рэктара ды партарганізацыю. Потым было рэзкае выступленне Лішава, яго “да пабачэння!”…

Хутка адбылася і расправа над Бембелем. Перш за ўсё яго знялі са стыпендыі. І ён пайшоў працаваць у порт грузчыкам. Але гэтага было мала. Маслаў, дарэчы, былы работнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі, граміў “адшчапенца” Бембеля ў кожным сваім выступленні, пагрозы прымалі злавесны характар, з’явіўся тэрмін “бембельшчына”. Дайшло да таго, што яго сябрам прапаноўвалі парваць адносіны з Бембелем пад пагрозай выключэння з камсамола.

Вынік быў заканамерны. У дыпломе яму было адмоўлена як “акадэмічна не паспяваючаму”, хаця ён вучыўся добра. Дарэчы, яго студэнцкая работа — скульптурная група (у парцаляне) “Кастрычнік” — экспанавалася на Усесаюзнай выстаўцы “Мастакі РСФСР за 15 гадоў”. Тут была адлюстравана кампактная група паўстанцаў з ліку пралетарыята Петраграда: рабочы, работніца, матрос з “Аўроры” і салдат, якія згуртаваліся вакол рэвалюцыйнага сцяга. Па тэматыцы і дынаміцы кампазіцыйнага рашэння гэта работа была сваеасаблівай прэлюдый да таго, што праз некалькі гадоў мастак стварыў у манументальных рэльефах інтэр’ера Дома ўрада ў Мінску.

За кампазіцыю “Кастрычнік” Андрэй атрымаў прэмію ад Парцалянавага завода імя Ламаносава ў памеры аж 250 рублей, пры тым што стыпендыя студэнта тады складала ў чатыры разы менш. Для маладой сям’і, якая жыла на адну жончыну стыпендыю, гэта было шчасце. Хаця б на пару-тройку месяцаў…

Карацей, Бембель так і не атрымаў дыплом. Яму толькі выдалі даведку “аб праслухоўванні” поўнага курса. “Такога самадурства, — прыгадвае Вольга Дзядок, — я яшчэ не бачыла ў сваім жыцці. Такая подласць была зроблена на вачах усіх педагогаў і студэнтаў. Але ні адзін голас не прагучаў у абарону…”

Такім чынам, 1931 год стаў апошняй старонкай жыцця Андрэя Ануфрыевіча ў горадзе на Няве. Фёдара Маслава пад націскам грамадскай думкі ў ліпені 1932 года з трэскам звольнілі, Інстытут пралетарскага выяўленчага мастацтва перайменавалі ў Ленінградскі інстытут жывапісу, архітэктуры і скульптуры, а рэктарам прызначылі таленавітага скульптара, заслужанага дзеяча мастацтваў РСФСР Аляксандра Мацвеева. А хутка з’явілася і пастанова “Аб стварэнні Акадэміі мастацтваў”, і з 1934 года на чале наваяўленай Усерасійскай Акадэміі мастацтваў у Ленінградзе стаў Ісаак Бродскі, вучань Рэпіна. Але Андрэя Бембеля ў Ленінградзе не было ўжо амаль тры гады…

Дарэчы, прыкладна такі лёс напаткаў і калегу Бембеля па скульптурным факультэце — Заіра Азгура. Ён таксама не ўжыўся ў інстытуце. Нягледзячы на раннія паспехі і прызнанне яго таленту, Заір на трэці год навучання пакінуў alma mater і разам з не менш таленавітым Уладзімірам Рытарам (будучым удзельнікам скульптурнага афармлення Дома ўрада БССР) пусціўся на волю вольную.

Абодва яны валацужнічалі, па ўспамінах Азгура, нават спрабавалі перайсці фінскую мяжу, былі абстраляны пагранічнікамі, але, нязлоўленыя, удала вярнуліся назад. Расчараваны Уладзімір Рытар — у Ленінград, страціўшы два гады, а нястомны Заір Ісакавіч яшчэ доўга шукаў сабе школу па густу — і ў Кіеве, і ў Тбілісі. Аднак дыплома аб заканчэнні якой-небудзь вышэйшай мастацкай установы ён так і не атрымаў — як і Бембель, як і Аляксей Глебаў. Але гэта не перашкодзіла ўсей гэтай цудоўнай тройцы ў далейшым стаць бясспрэчнымі класікамі сучаснай беларускай скульптуры.

Што было далей? А далей Фартуна стала лепшай сяброўкай скульптара. Спачатку разам з жонкай ён апынуўся ў Гомелі, дзе арганізаваў мастацкую студыю для рабочай моладзі пры гарсавеце, з галавой акунуўся ў грамадскае жыццё, спрабуючы як бы “адключыцца” ад непрыемных і прыкрых успамінаў апошняга года вучобы ў Ленінградзе.

Але добрая Фартуна чакала яго ўжо ў беларускай сталіцы. І хутка непапраўны аптыміст Бембель аказаўся ў Мінску. Менавіта ў скульптурным афармленні інтэр’ера галоўнага сталічнага будынка, таленавіта спраектаванага Іосіфам Лангбардам, ён прыняў самы актыўны ўдзел.

У вострых драматычных сюжэтах шматфігурных барэльефаў, прысвечаных рэвалюцыйнай барацьбе сусветнага пралетарыята, руху і жэстах соцень чалавечых фігур, у гістарычнай атрыбутыцы, выразнасці пластычнай мовы і кампазіцыі скульптар здолеў арганічна спалучыць строгі рэалістычны “малюнак” канкрэтных вобразаў з манументальнасцю вялікіх форм. У гэтай грандыёзнай рабоце — пачатак таго самага Бембеля, які ў ваенны і пасляваенны час дасягнуў незвычайных вышынь ва ўмацаванні і апяванні подзвіга савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Да вайны Бембель паспеў прыняць удзел і ў стварэнні іншых манументальных аб’ектаў: помнікаў Леніну для Полацка і Слуцка (якія загінулі ў час вайны), афармленне інтэр’ераў залы Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, Дома Чырвонай арміі (Дома афіцэраў), павільёна БССР на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Маскве… І ўжо ў 1938 годзе яму было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР”.

…На трэці дзень вайны 36-гадовы мастак быў мабілізаваны і ў якасці тэхніка-інтэнданта першага рангу залічаны ў полк камсаставу рэзерву Заходняй Асобнай ваеннай акругі ў Магілёве. Да лютага 1942 года ён — курсант шостага асобнага запаснога інжынернага палка Маскоўскай ваеннай акругі. Там пасля вучобы выкладаў на курсах малодшых афіцэраў, быў намеснікам камандзіра сапёрнай роты. У пачатку снежня 1943-га паступіў у распараджэнне Цэнтральнага штаба партызанскага руху пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання. Менавіта тут, у Маскве, яму, як і некаторым іншым беларускім творцам, прыкамандзіраваным да штаба, якім кіраваў першы сакратар ЦК КПБ Панцеляймон Панамарэнка, далі магчымасць праявіць сябе ў якасці мастакоў ваенна-патрыятычнага напрамку.

У маленькай майстэрні на Сходні, якая была прыпісана да штаба, Бембель распачаў свой галоўны твор ваенных гадоў — партрэт камандзіра эскадрыльі 207-га авіяпалка 42-й бамбардзіровачнай дывізіі капітана Мікалая Гастэлы. У чым сіла гэтай скульптуры? Чаму яна і праз 70 гадоў не пацямнела і не згубіла сваёй моцнай духоўна-вобразнай сілы? Што гэта — вынік творчага далучэння да гераічнага жыцця народа ці праява натхнення таленавітай натуры?

Заканчэнне артыкула — у адным з наступных нумароў.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"