Пра дызайн і “дызайн”
— Дызайнераў апошнім часам прыкметна паболела. На сам жа дызайн гэтая тэндэнцыя, на жаль, ніяк не паўплывала. Бо дызайн — гэта стварэнне ідэй, а часам і тэхналогій. А калі нехта прывозіць свайго кліента ў дарагую мэблевую краму ды намаўляе купіць прыгожую канапу, каб атрымаць за гэта працэнты…. Не думаю, што такога чалавека можна назваць дызайнерам: ён жа сам нічога не ствараў.
Але больш сур’ёзныя падыходы часта застаюцца незапатрабаванымі. Бо плаціць трэба… Раней усе выбіралі той варыянт, які лепшы і больш прыгожы, а цяпер — той, што танней.
Неяк да нас са светлай памяці Сяргеем Войчанкам звярнуўся адзін прадпрымальнік. Ён меўся ў хуткім часе выправіцца ў Германію на нейкія вельмі адказныя перамовы, а візітоўкі ў яго не было. Добра, справа вырашальная, давайце ваш лагатып… Як выявілася, лагатыпа таксама не было. Даведаўшыся, што яго стварэнне каштуе 500 долараў, кліент стаў нервавацца. Але неяк усё ж дамовіліся…
І вось, праз пэўны час завітвае гэты чалавек да мяне ў майстэрню, ды не з пустымі рукамі. Кажа: “Ведаеце, я вам мала тады заплаціў!”. Як высветлілася, на перамовы з’ехаўся цэлы натоўп зацікаўленых з усяго СНД. Нямецкі бізнесмен, ад якога залежыў іх вынік, папрасіў ва ўсіх візітоўкі, расклаў іх перад сабой на стале… А далей працягваў гутарку толькі з тым мінскім прадпрымальнікам! Бо наяўнасць уласнага брэнда (а ён ва ўсім свеце каштуе нямала) — своеасаблівы маркер, які сведчыць, што фірма прыйшла ў гэты бізнес усур’ёз і надоўга, а не проста для таго, каб па-хуткаму “насекчы капусты”. Натуральна, такая фірма ўспрымаецца зусім іначай.
…Увогуле, я не раблю для ўсіх. Працую для канкрэтных людзей, улічваючы іх патрабаванні, густы ды пачуццё гумару. І таму гэта многім падабаецца. А вось калі ты хочаш дагадзіць кожнаму, атрымліваецца нешта ўсярэдненае і нікому не патрэбнае...
Пра рэкламу і ўзнятага на дыбкі каня
— Неяк быў сведкам анекдатычнай сітуацыі. Бізнесмен замаўляў аднаму вельмі прасунутаму дызайнеру лагатып сваёй фірмы па продажы гарбаты і грузінскіх вінаў. Дакладней, замаўляў ён “эмблему”, бо слова “лагатып” не ведаў. Затое ідэя была распрацавана дасканала: “Мне трэба, каб было залатое сонца, горы, даліна, дзе маладыя грузінскія жанчыны збіраюць чай, на пярэднім плане — мой дом (вось яго фота), у акне — мая мама, а перад домам — стары аксакал, чый конь устаў на дыбкі, і прыгожая дзяўчына, якая падае яму напіцца маладога чырвонага віна…” Ведаеце, чым усё ў выніку скончылася? Дызайнер зрабіў гэты лагатып, а задаволены заказчык аплаціў яго работу...
Пра рэкламу, якой запоўнены нашы вуліцы, рэдка пачуеш добрае слова — і, на жаль, справядліва. Але і абурацца тут не выпадае. Бо рэклама — гэта плод палюбоўных адносін паміж стваральнікам і заказчыкам, прычым за грошы апошняга. Калі ён вырашыў, што дзякуючы гэтаму каню з аксакалам справы пойдуць лепш, — няхай так яно і будзе. Ці ж можа нехта старонні ўрывацца ў гэтую гісторыю?..
Пра майкі і аўтарскія правы
— Для мяне няма розніцы, заказны гэта твор альбо — “для душы”. Часам сабе думаю: вось разграбуся з усімі лагатыпамі буйных кампаній і ўрэшце вазьмуся за нешта важнае — за майкі з прыкольнымі выявамі. Да іх я стаўлюся больш сур’ёзна, чым да тых рэчаў, якія прыносяць грошы.
Аднойчы мы паспрабавалі зрабіць на іх бізнес, наладзіць продаж. У выніку я застаўся вінен долараў трыста… Больш не буду спрабаваць. Затое кантрафактных маіх маек — проста валам! Нехта іх увесь час друкуе, прадае… Дакладна ведаю, што на Андрэеўскім спуску ў Кіеве яны ідуць “на ўра”. Раней мяне гэта абурала, цяпер ужо прызвычаіўся. Тым больш, абурацца няма чаго: у цяперашніх умовах ад парушэння аўтарскіх правоў мастакі абараніць сябе ўсё адно не могуць. Дый нават на Захадзе ідэі актыўна крадуць. Прыкладам, не так даўно выява майго крэсла з праекта “Пастулат”
усплыла ў Італіі, дзе яна рэкламавала, здаецца, нейкую студыю дызайну мэблі. Напісаў туды ліст, а гэтыя хлопцы адказваюць: ну дык мы ж яго ў Інтэрнэце знайшлі… І сапраўды, чаму б не скарыстацца?..
Пра архітэктуру і Дон Кіхота
— Архітэктура добрая своечасовасцю. Многім здаецца, нібы апошні піск моды — будынкі са шкла, што паўсюдна з’яўляюцца ў Мінску. Але ж насамрэч гэтай стылістыцы ўжо пад семдзесят гадоў! І ў Парыжы такія гмахі зусім не выглядаюць сучаснымі: на іх паспела сцерціся пацініраванне, яны нейкія пашарпаныя ды неахайныя. А вось старадаўняя архітэктура з часам становіцца больш прыгожай. Але ці ставімся да яе з пашанай?
Дом, у якім знаходзіцца мая майстэрня, збудаваны ў 1893 годзе, гэта былыя казармы гвардзейцаў. Побач — маленькі будыначак, дзе быў морг… Будавалі іх з трывалай польскай цэглы, і яны прастаяць яшчэ немаведама колькі. Аднак ужо ходзяць чуткі пра тое, што гэтыя дамы хочуць ці то знесці, ці то перайначыць. Так знікае мінулае, а мы да гэтага ставімся абыякава.
Некалі мы з дызайнерам Львом Талбузіным ездзілі па Беларусі і рабілі карту вадзяных млыноў. Захавалася іх пакуль што багата, але ж гэты цікавы пласт спакваля знікае, бо нікому ён не патрэбен. У суседніх краінах тыя млыны неяк выкарыстоўваюцца: пад кавярні, гатэлі, нейкія мастацкія майстэрні.
…А вось “аўтамабільны” знак з перакрэсленым Дон Кіхотам, які ўсталяваны на пад’ездзе да ветрака ў “Дудутках”, — пра іншае: там закладзена тэма адстойвання права на ўласную культуру і самасць. Нават ад замаху “донкіхотаў”...
Пра павагу да “нашых”
— Гляджу расійскую рэкламу — і проста дзіву даюся: “нямецкая якасць”, “швейцарская надзейнасць”… Вытворцы і рэкламшчыкі ўтрапёна пераконваюць спажыўца: не бойцеся, гэта не наша! Беларусаў у гэтых колах паважаюць больш, чым сваіх. Не верыце? Неяк мне патэлефанавала знаёмая з Масквы. Трэба было тэрмінова распрацаваць брэнд. Заказчык патрапіўся прыдзірлівы, і ўсе варыянты ён адпрэчыў — такая вось нявыкрутка. Добра, паехалі да яго… Чую незадаволены голас: “Ды ўжо дасталі ўсе гэтыя вашы мастакі!” Знаёмая адказвае: “Гэта новы чалавек прыехаў, з Мінска”. “А, з Мінска!” — тут жа палагаднеў кліент. І ўсе прапановы хутка прыняў.
Пра брэндынг і “Old Roads”
— Мае крэатывы з дранікамі, што з’явіліся на вільнюскіх білбордах, некаторым не спадабаліся: маўляў, ці ж можна так пазіцыянаваць краіну? Асабіста я шчыра лічу: яшчэ як можна! Хацеў нядаўна зрабіць магніцік з натуральнай тарачкай і надпісам “Драніклэнд”, але, на жаль, чыста тэхнічна не атрымалася: нашы вытворцы не далі ў гэтым рады.
А дранікі я люблю дый сам добра ўмею іх гатаваць. Калі я гасцюю ў аднаго маскоўскага сябра, які родам адсюль, ён заўсёды закупляецца патрэбнымі прадуктамі і просіць прадэманстраваць мае кулінарныя ўмельствы. Аднойчы да яго завіталі на вячэру вядомыя маскоўскія рэстаратары. Пакаштавалі мае дранікі… І — праз нейкі час запрасілі ў Маскву ды распыталі рэцэпт. Навошта ім спатрэбілася? “Мы зробім новы сеткавы фастфуд і завалім вашымі дранікамі ўсю Белакаменную!” — патлумачылі яны. Ну, і сапраўды: выдатная ідэя! Ідзеш сабе ў халадэчу па горадзе, есці захацеў — і тут табе даюць пару свежых цёплых блінцоў. Мне зусім няўцям, чаму такога фастфуду дагэтуль няма ў нас, на радзіме дранікаў...
Тады задума не была рэалізавана: у інвестара з’явіліся незалежныя ад дранікаў праблемы. Але “блінная” тэма займела нечаканы працяг. Акурат цяпер я працую над праектам па заказе Урада Масквы: гэта будзе серыя білбордаў, прысвечаных такому святу, як Масленка. Тамтэйшым уладам надакучыў “прычасаны” лубок — захацелася чагосьці арыгінальнага ды “з выклікам”.
Ці гатовы я прапанаваць нешта падобнае для Беларусі? Якія пытанні — звяртайцеся! Вось Старыя Дарогі ўжо колькі стагоддзяў маюць імідж, звязаны з вытворчасцю самаробных напояў "для дарослых", але ці выкарыстоўваюць яго сёння хоць неяк? Так, тэма ў нас практычна табуяваная. Але менавіта напой з умоўнай назвай “Old Roads” можа стаць нашым фірмовым пазнавальным прадуктам на сусветным рынку, які не сорамна паставіць на адну паліцу, скажам, з шатландскім віскі...
Пра шкляное яйка і ядры працэсара
— Многія нашы з Сяргеем Войчанкам работы залежылі ад тэхналагічнага аспекту. Асабліва гэта датычылася серыі “Дванаццаць з ХХ”. Калі мы пачалі яе рабіць, беларуская прамысловасць была яшчэ ў стадыі паўанабіёзу. І адна з задум так і не была ўвасоблена. Звярнуліся на завод Вавілава, дзе рабілі звышскладаную двухметровую лінзу для амерыканскага флоту, але нам патлумачылі, што для выканання замовы трэба распрацоўваць спецыяльную печку, а гэта зойме многія месяцы.
Адносна нядаўняя серыя маіх твораў ап-арта стала магчымай толькі пасля з’яўлення чатырох’- ядзерных камп’ютарных працэсараў. Ідэя прыйшла ўжо даўно, але давялося ладны час пачакаць...
Пра Першае Мінскае трыенале
— Выстаўкі трэба ўмець рабіць, прадумваючы ўсё да драбніц. З-за таго, што ў зале не хапала подыумаў, адна мая работа была сапсавана. А яйкі з серыі “Дванаццаць з ХХ” увогуле выстаўляліся на ўваходзе, непадалёк ад санвузлоў... За творамі ніхто не сачыў, на вернісажы людзі пачалі браць іх у рукі, каб лепш разгледзець... Давялося ўвесь вечар сядзець побач з яйкамі і аберагаць ад глядацкай увагі. А наранне я прыехаў і забраў іх...
Пра конкурсы і прэміі
— Калісьці вельмі даўно мы даслалі чатыры плакаты на нейкі конкурс у Польшчы. Дзве работы былі вельмі класныя, яшчэ адна — так сабе, а чацвёртая — і ўвогуле не надта. І вось, адзначана была менавіта яна! З таго часу я ні ў якія конкурсы ды прэміі не веру...
Пра статус і пенсію
— Каб рэалізавацца, для мастака сёння няма вялікай розніцы, дзе жыць: у мегаполісе ці на перыферыі, у Кітаі ці ў ЗША. Можна жыць у вёсачцы на ўскрайку свету ды прадаваць свае творы на самых прэстыжных аўкцыёнах.
Але статус мастака “ў нас” і “там” застаецца розным. У нас творцаў па-ранейшаму лічаць гэткімі бажаволкамі. І ў нейкім сэнсе… ёсць тут рацыя! Ну што тут скажаш, калі крытэрый паспяховасці мастака ў родных пенатах — гэта магчымасць плаціць за сваю майстэрню! На Захадзе таксама не бракуе творцаў з пустымі кішэнямі, але ж ставяцца там да іх іначай: з вялікай павагай. Належыць да багемы — гэта заўсёды прэстыжна. Калі ты маеш нейкую вядомасць і аўтарытэт у мастацкіх колах, дык можаш разлічваць на большы шацунак, чым які таўстасум.
У савецкі час для мастака было прынцыпова важным членства ў творчым саюзе. Менавіта гэта давала яму адпаведны грамадскі статус, іначай ніхто яго мастаком не лічыў. Адзін мой калега нідзе афіцыйна не працаваў, і вось пільныя суседзі данеслі на яго ў міліцыю: маўляў, пастаянна цягае дахаты нейкія дошчачкі, мабыць, употайкі робіць аконныя рамы… Сябра патлумачыў участковаму: я — мастак, а тыя дошкі мне патрэбны для падрамнікаў. А міліцыянер у адказ прымусіў яго падпісаць “раскаянне” ў дармаедстве...
Некалі, яшчэ за савецкім часам, была ў нас выстаўка ў Венгрыі. І вось нам прапанавалі ўступіць у члены тамтэйшага Саюза мастакоў. Я адразу ж, па інерцыі, пагадзіўся. У мяне спыталі: а навошта табе гэта трэба? Ну як навошта: я змагу не толькі ў СССР, але і ў Венгрыі не працаваць!
Цяпер ужо, вядома, усё змянілася. Можаш уступаць у Саюз — можаш не ўступаць… Розніца хіба ў аплаце майстэрні, хаця і для членаў БСМ кошты апошнім часам неверагодныя. Прыкладам, мая пенсія сёння — каля мільёна рублёў. Гэта менш за траціну ад тых грошай, якія я плачу за майстэрню...
Пра ляноту і адукацыю
Многія калегі наракаюць: маўляў, каб "падтрымліваць порткі", трэба надта шмат працаваць. Але ж усе ў свеце так працуюць, і не толькі мастакі. Сябра быў у Кітаі, распавядаў: а палове на чацвёртую раніцы людзі ўскокваюць і кудысьці бягуць. Вярнуўся ў Мінск і адразу адчуў розніцу: горад нібыта “ў рапідзе”, суцэльная расслабуха...
Калі я вучыўся ў Тэатральна-мастацкім інстытуце, мы з аднагрупнікамі прыходзілі туды а 9-й раніцы і сыходзілі а 12-й ночы. Цяперашнім студэнтам гэтага не зразумець. Пэўна, у нашы часы адукацыя была мацнейшай, чым сёння. Нам выкладалі сапраўдныя профі, а цяпер выкладаюць усе, хто хоча...
Пра стымулы і кайф
— Калі той чалавек, які сёння выпраўляецца вучыцца на дызайнера, думае, нібыта ён з часам стане заможным, — абавязкова перадайце яму, што я ў гэтым сумняваюся. Мастацтва — гэта лёс. Будуць мне плаціць альбо не, я ўсё адно буду працаваць, бо лаўлю кайф менавіта ад самога працэсу. Вынік можа і не атрымацца, яго могуць не ўпадабаць ці не купіць. Але ж нельга цалкам залежыць ад усіх гэтых выпадковасцей...
У сустрэчы з Уладзімірам Цэслерам прымалі ўдзел Сяргей Трафілаў, Пётра Васілеўскі, Дар'я Амяльковіч, Кастусь Антановіч, Юрый Іваноў, Яўген Рагін, Алег Клімаў, Ілья Свірын, Вольга Навіцкая
Фота Юрыя ІВАНОВА