Складаюць анекдоты, смешныя гісторыі, байкі, гавораць на спораўскай мове, прыдумалі свой герб, грошы, пабудавалі скульптуру “Спаравец і Спароўка”, пішуць “Кнігу рэкордаў і ўнікумаў вёскі Спорава”, актыўна чытаюць.
Ні адна бібліятэка ў раёне не можа пахваліцца такой колькасцю інфармацыйнага матэрыялу аб сваёй вёсцы, яе прыродным багацці — Спораўскім заказніку, народных умельцах. Два выпускі літаратурна-мастацкага выдання “Спорава і спараўцы”, выдадзеных ў 1990-я двухтысячным тыражом, сёння — ужо рарытэт. Толькі ў Спораўскай бібліятэцы вам пакажуць карту кампактнага пражывання спораўцаў “Спаравец ідзе па свеце”, складзеную чытачамі, якая называе адрасы землякоў па прозвішчах Жуковіч, Пракурат, Пашкевіч, Бруйла, Казека, Аполька ў ЗША, Ірландыі, Афрыцы, Італіі, Германіі, Ізраілі, не кажучы пра бліжняе замежжа.
Мясцовай бібліятэцы споўнілася 65 гадоў. На юбілейны вечар прыехалі былыя бібліятэкары, кіраўнікі-ветэраны бібліятэчнай справы, дырэкцыя і работнікі Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Іх успаміны пра драўляную хату-чытальню, якая стаяла на беразе Спораўскага возера, пра вялікі інтарэс да кнігі колішняй моладзі, пра кніганошаў зрабілі сустрэчу цёплай, непаўторнай.
Сёння камп’ютарызаваная ўстанова задавальняе інфармацыйна-дасугавыя запыты жыхароў аграгарадка “Спораўскі”, дзе пражывае звыш тысячы чалавек, з якіх кожны трэці чытае. “Візітоўкай” бібліятэкі з’яўляецца Эколага-асветніцкі цэнтр “Ведай. Любі. Беражы” і краязнаўчы куток “Соль зямлі Спораўскай”. Актыўны чытач-споравец штогод наведвае сваю бібліятэку восем — дзевяць разоў, знаходзіць час, каб прачытаць 23 — 25 кніг, не менш як пяць разоў завітвае на бібліятэчныя мерапрыемствы, актыўна ўдзельнічае ў конкурсах, акцыях…
На юбілейным вечары былі адзначаны чытачы-рэкардсмены: сям’я з пятнаццаці чалавек Віктара і Марыі Пракуратаў, уладальніца намінацыі “Розуму палата” Тамара Водзіч, лідары дзіцячага чытання — навучэнцы чацвёртага класа сярэдняй школы з класным кіраўніком Нінай Міхайлаўнай Бузюма, кнігалюб са шматгадовым чытацкім стажам перыёдыкі Іван Чайчыц. Пенсіянерка Вольга Пашкевіч за саракапяцігадовую адданасць бібліятэцы і кнізе ўзнагароджана ў намінацыі “Першая ластаўка”. Званнямі “Міс жаночы раман”, “Бібліямарафонец”, “Містар гістарычны раман” адзначаны кнігалюбы Алена Пракурат, Таццяна Пашкевіч, Віктар Агрэніч адпаведна.
Спораўская бібліятэка — адзіная ў раёне, дзе прафесія бібліятэкара стала сямейнай. Шмат добрых слоў пачула Алена Міхайлаўна Жуковіч, якая 39 гадоў працавала вясковай асветніцай, вывела ўстанову ў лідары, ейнае імя было занесена на раённую Дошку гонару. Два гады таму марафонскую эстафету бабулі падхапіла яе ўнучка-цёзка — дваццацідвухгадовая Алена Жуковіч, студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Гэтае святочнае мерапрыемства яна на “выдатна” правяла сумесна з калектывам Спораўскага цэнтра культуры і вольнага часу, які адзначаны ў намінацыі “Палачка-выручалачка”.
Прысутных у зале сагрэлі праменьчыкі таленту дзяцей з аматарскага аб’яднання “Іскарка”, якія прадставілі Тэатр праваслаўнай кнігі “Тры сястры”. Юныя прыродалюбы з клуба “Праменьчык” падрыхтавалі касцюмаванае дзейства “Царэўна-жаба на новы лад”. У цішы глядзелі і стары і малы мультымедыйны слайд-круіз “Жывецца здорава ў чытаючым Спораве”.
А дырэкцыя ЦБС падарыла спораўскім чытачам акварыум з пажаданнем, каб у будучым кнігалюбы ўпісалі ў сваю “Кнігу рэкордаў” яшчэ адно дасягненне — гаворачую
рыбку...
Калі прыгадаць байку, што жыхары Спорава садзяць бульбу ўначы, каб каларадскі жук не бачыў, дык усё магчыма!..
Ала ДРАГАН, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Бярозаўскай ЦРБ
Фота Галіны КРЫВАШЭЕВАЙ