— Прапанова ўзначаліць палацава-паркавы ансамбль здзівіла?
— Ды не. Я быў да гэтага гатовы. Бо ў Палацы культуры мне стала цесна. Жаданне развівацца і расці далей — натуральнае для любога творцы.
— Паўплываў аўтарытэт Алега Рыжкова?
— Так, мы разам працавалі ў культуры, былі ў нас і сумесныя праекты… Словам, ведаў, што адбываецца ў Палацава-паркавым ансамблі, і што трэба рабіць далей.
— І што, дарэчы, трэба рабіць далей?
— Бліжэйшая перспектыва: рамонт і ўборка тэрыторыі. Хацелася б увесці новыя аб’екты на тэрыторыі ансамбля…
— Напрыклад?
— Напрыклад пахавальню Паскевіча, што знаходзіцца ля царквы. Яна цяпер узнаўляецца, і работы будуць ісці яшчэ доўга. Дык чаму б ужо сёння не пускаць туды наведвальнікаў? Гэта ж сапраўдны перформанс: пабачыць не толькі ўнутранае ўбранне, але і ход яго рэканструкцыі… Гэтая ідэя, па сутнасці, толькі нарадзілася, і, калі будзе магчыма, калі ўсё ўзгаднім з будаўнікамі, мы яе абавязкова рэалізуем.
— А што намецілі на далёкую перспектыву?
— Хочам адрамантаваць спускі: Замкавы, Кіеўскі. А яшчэ — глядзельную вежу-маяк. Яна, як і пахавальня, застаецца доўга зачыненай, а ў горадзе няма аглядавага кола... Не задзейнічана пакуль у поўным аб'ёме і эстрада…
— Памятаю, з якім задавальненнем мы бегалі сюды ў юнацтве на летнія танцы… За якія сродкі мяркуеце аднаўляць названыя аб’екты?
— За спонсарскія. Яшчэ пад час працы ў Беліцы ў меня з’явілася кола партнёраў-аднадумцаў, якія гатовы падтрымліваць мае ідэі і цяпер. Ведаеце, такія стасункі наладжваюцца заўжды на асобасным узроўні, таму і доўжацца яны пастаянна.
— З аб’ектамі ды спонсарамі — усё зразумела. Цяпер колькі слоў — пра ідэі. Ці плануеце, да прыкладу, правядзенне ў парку імпрэз альтэрнатыўнай музыкі?
— Пра музыку, шчыра кажучы, пакуль не думаў. Хоць у свой час музыканты і прапаноўвалі ладзіць на палацавым ганку джазавыя канцэрты. Адзін з такіх я сам калісьці правёў, але ў палацавай зале… Мяркую, што парк варта ажыўляць ды агучваць… Да слова, самая надзённая акцыя — прыборка паркавай лістоты. Хочам зрабіць гэтую акцыю як мага больш крэатыўнай, з прыцягненнем ці не ўсіх гамяльчан…
— Я ўявіў сабе: у Гомельскім парку ідзе Фестываль Апалага Лісця! Ці флэшмоб “Кожнаму — па лістку”. Альбо андэграўндная імпрэза “Пахаваем восень”… Горад, карацей, сумаваць не будзе… Дарэчы, а які вы сэнс укладалі ў назву сваёй каманды “Гарадская туга”?
— А сэнс гэты цягам часу і нашага ўзросту мяняецца. Паколькі пачыналі ў 1990-я, дык назва гурта тады цалкам адпавядала настрою грамадства…
— Згодны: пасля руйнавання савецкай дзяржавы ці не кожны “пакаштаваў” філасофіі “адзіноты ў натоўпе”…
— І моладзь заставалася нерэалізаванай… Пазней мы памянялі філасофію: пастараліся, каб яна выводзіла слухача на пазітыў. Так што гаворка сёння — хутчэй пра антытугу, антысум пад дэвізам “Глядзіце на нас і бярыце з нас прыклад!”.
— Ну дык і цудоўная філасофія! Вельмі спадзяюся, што спрацуе яна і на вашай новай пасадзе…
На здымку: генеральны дырэктар Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Аляксандр Госцеў.
Фота Аляксея ГРАМЫКІ