НЕЭФЕКТЫЎНАСЦЬ “СТРАУСІНАЙ” ПАЗІЦЫІ, або Рэцэпт ад пракурора

№ 38 (1009) 17.09.2011 - 23.09.2011 г

Час кранальнай лірыкі ў справе аховы гісторыка-культурай спадчыны незваротна мі- нуў. Прыспела пара для канкрэтных спраў. На такую думку міжволі натхняюць сумес- ныя захады Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрства культуры на- шай краіны ў справе кантролю за выкананнем заканадаўства ў гэтай галіне. Не так да- ўно супольныя высілкі дзвюх арганізацый займелі належны юрыдычны базіс. 22 ліпеня гэтага года міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка і генераль- ны пракурор краіны Рыгор Васілевіч падпісалі сумесную пастанову “Аб узаемадзе- янні органаў пракуратуры Рэспублікі Беларусь і органаў сістэмы Міністэрства культу- ры Рэспублікі Беларусь па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны”. Цікавасць Генеральнай пракуратуры да гэтай праблематыкі — зусім невыпадковая. Бо ахова гісторыка-культурнай спадчыны з’яўляецца не “выключнай прэрагатывай” Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, але папраўдзе агульнанацыянальным па- чынам. Без сумневу, працы на гэтай ніве хопіць для самых розных інстытуцый і фі- зічных асоб. І толькі кансалідацыя высілкаў здатная прынесці той рэальна адчуваль- ны плён, які чакаюць ад дадзенай сферы простыя грамадзяне. — Звярніце ўвагу на такую акалічнасць, — кажа начальнік аддзела па наглядзе за вы- кананнем заканадаўства і законнасці прававых актаў Генпракуратуры Рэспублікі Бе- ларусь Рыгор Шостак. — Закон аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны быў прыня- ты амаль адразу па ўзнікненні на карце свету незалежнай дзяржавы — Рэспублікі Бе- ларусь. І такое супадзенне — зусім не выпадковае. Гісторыка-культурная спадчына — гэта той падмурак, на якім мацуецца наш суверэнітэт. І калі да мяне прыязджае па- важны замежны госць, што хоча пазнаёміцца з нашай краінай, я з гонарам дэман- струю яму менавіта сведкаў нашай даўніны.

/i/content/pi/cult/342/6360/5-1.jpg

Курган стаў "ахвярай прагрэсу"

Абазнаныя эксперты (за выключэннем хіба што вечных скептыкаў) у адзін голас сцвярджаюць: беларуская заканадаўчая база ў сферы аховы спадчыны цалкам адпавядае найвышэйшым еўрапейскім стандартам. Гэта - дэ-юрэ. А вось што тычыцца дэ-факта...

Праверкі выканання заканадаўства ў сферы аховы спадчыны, праведзеныя летась Генеральнай пракуратурай краіны, выявілі цэлы шэраг разнастайных правапарушэнняў. І дазваляюць нават казаць пра іх тыпалогію.

- Вялікая наша бяда - гэта ўліковыя дакументы і ахоўныя абавязацельствы, - кажа старшы пракурор аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасці прававых актаў Генпракуратуры Рэспублікі Беларусь Аляксандр Басько. - Прыкладам, пры змене ўласнікаў апошнія павінны падпісвацца наноў. Нам жа часам даводзілася бачыць дакументы дзесяцігадовай даўніны, у якія не былі ўнесеныя ніякія змяненні...

Здавалася б, усё гэта - "папяровая" фармальнасць. Але выпадак, які здарыўся не так даўно ў вёсцы Янавічы Клецкага раёна, сведчыць пра яе непарыўную сувязь з рэчаіснасцю.

- Уласнік размешчанай там колішняй сядзібы неаднаразова змяняўся, - распавядае Аляксандр Басько. - У выніку стары амбар апынуўся на балансе мясцовай гаспадаркі, кіраўнік якой нават і не ведаў, што аб'ект мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. І ён пайшоў пад знос - як звычайны адрузлы будынак...

Ахоўнае абавязацельства многія і сапраўды лічаць простай фармальнасцю: маўляў, падпісаў ды забыў... Праведзеная Генпракуратурай праверка лішні раз нагадала такім нядбайным уласнікам пра характар гэтага дакумента.

- Падпісаўшы яго, ты сапраўды бярэш на сябе абавязкі па захаванні помніка, - кажа Аляксандр Басько. - І калі на ім няма даху - значыць, яго трэба накрыць (хай сабе з часовых матэрыялаў). Калі там брудна - прыбраць. Калі ўсё парасло - пакасіць. І гэтак далей. Падкрэслю: гутарка вядзецца менавіта пра элементарныя захады, якія ставяць за мэту прыпыніць працэс руйнавання. Літаральна днямі праязджаў міма сядзібы ў Засуллі Стаўбцоўскага раёна і мог на ўласныя вочы пераканацца, што нічога падобнага там не робіцца...

Асобны пласт праблем тычыцца помнікаў археалогіі. Як выявіла праверка, на некаторыя з іх у апошнія гады ніколі не ступала нага раённага спецыяліста па ахове спадчыны.

- Мы сутыкаліся з такімі выпадкамі, калі ўпаўнаважаныя асобы з райвыканкамаў нават не ўяўлялі, дзе геаграфічна знаходзіцца тая або іншая гісторыка-культурная каштоўнасць, - распавядае Аляксандр Басько. - Адсутнічаюць і адмысловыя карты.

А некаторыя археалагічныя помнікі і ўвогуле былі незваротна страчаны пры правядзенні несанкцыянаваных работ. Прыкладам, у адным толькі Докшыцкім раёне былі выяўлены ажно тры выпадкі "бульдозернай археалогіі". А адзін з крывіцкіх курганоў у Сенненскім раёне тры гады таму стаў "ахвярай прагрэсу": яго знішчылі пры ўсталяванні вышкі мабільнай сувязі.

 Сярод выяўленых парушэнняў ёсць і даволі кур'ёзныя. Прыкладам, выкупіўшы адзін з флігеляў былой паштовай станцыі ў вёсцы Паграбёнка сабе пад дачу, новы гаспадар зрабіў там лазню.

 Паўнамоцтваў дастаткова, але...

Як падкрэсліў Рыгор Шостак, выяўленне такіх правапарушэнняў не ўваходзіць у непасрэдныя абавязкі Генпракуратуры. Гэта - прэрагатыва тых органаў, якім нададзена функцыя кантролю за выкананнем заканадаўства ў сферы аховы спадчыны. Ці, іншымі словамі, - спецыялістаў, якія працуюць у сістэме Міністэрства культуры краіны.

- Мы ж, у сваю чаргу, правяраем работу органаў выканаўчай улады па выкананні заканадаўства, - дадае Рыгор Шостак. - І закранаем тыя або іншыя аб'екты толькі для таго, каб выявіць існыя праблемы і акрэсліць тэму для прадметнай размовы.

Але ж некаторыя выяўленыя праверкай факты заўважныя нават няўзброеным вокам. І таму немінуча ўзнікае пытанне: чаму пра іх маўчалі спецыялісты ў сферы аховы спадчыны, якія ёсць (прынамсі, намінальна) у кожным раёне?

- У Пінску намі быў выяўлены папраўдзе ўражальны выпадак перапланіроўкі помніка спадчыны без дазволу Міністэрства культуры краіны, - распавядае Аляксандр Басько. - Як нам потым стала вядома, адпаведны работнік райвыканкама выявіў факт парушэння заканадаўства, але ж... на гэтым справа і скончылася. Вінаватыя не былі прыцягнуты да адказнасці, шкоду яны не кампенсавалі...

Рыгор Шостак упэўнены, што спецыялісты па ахове спадчыны з сістэмы Міністэрства культуры маюць дастаткова паўнамоцтваў для выканання сваіх абавязкаў. І сапраўды, у іх арсенале ёсць нават такі дзейсны сродак, як прыцягненне вінаватых да адміністрацыйнай адказнасці. Іншая справа, што выкарыстоўваецца ён зусім нячаста...

Сярод праблем у сферы аховы спадчыны "на месцах" Аляксандр Басько асабліва адзначыў пастаянную "цякучку кадраў", брак сістэмнасці і планавання (прыкладам, у перыядычнасці наведванняў аб'ектаў), непаслядоўнасць у выкананні пастаўленых задач.

Дыягностыка неэфектыўнасці "мясцовага звяна" ў сістэме аховы спадчыны неаднаразова праводзілася на пасяджэннях калегіі Міністэрства культуры краіны ды іншых нарадах. Яна мае дзве прычыны: па-першае, нізкі ўзровень падрыхтоўкі такіх спецыялістаў (нагадаем, што гэтая функцыя зазвычай давешваецца "ў нагрузку" да іншых службовых абавязкаў), а па-другое - іх муніцыпальны статус падпарадкавання. Таму часам узнікае досыць абсурдная сітуацыя, калі падначалены мусіць кантраляваць свайго шэфа - кіраўніка мясцовых органаў улады.

Адпаведна, да нядаўняга часу многія "кантралёры" лічылі за лепшае "закрыць вочы" і нават зблізку не бачыць парушэнняў. Але праверкі Генпракуратуры лішні раз засведчылі неэфектыўнасць такой "страусінай" пазіцыі. Бо таемнае ўсё адно рана ці позна становіцца яўным...

З іншага боку, больш актыўны ўдзел у справе аховы спадчыны такой сур'ёзнай арганізацыі, як Генпракуратура, дазволіць спецыялістам са сферы культуры вырашыць мноства праблем чыста "псіхалагічнага" характару. І, без сумневу, надасць ім смеласці.

- Калі работнік культуры прыходзіць да канкрэтнага ўласніка помніка - скажам, дырэктара прадпрыемства альбо кіраўніка гаспадаркі, - той яго можа нават і не слухаць, не ўспрымаць усур'ёз, - распавяла спецыяліст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны аднаго з невялікіх раёнаў, якая прасіла не называць свайго прозвішча. - Таму многія праблемы, што я стаўлю, не вырашаюцца гадамі. І зусім іншая справа, калі ў сітуацыю ўмешваецца Генпракуратура: гэта той орган, да якога ніяк не выпадае ставіцца легкаважна. Адпаведна, расце сам статус аховы спадчыны і павялічваюцца нашы рэальныя магчымасці паўплываць на працэс...

- Многія ўласнікі помнікаў спадчыны лічаць, што з Міністэрствам культуры можна падыскутаваць. Але ж уступаць у палеміку з пракурорскім работнікам наважыцца не кожны, - кажа начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі.

Як спадзяецца яго намеснік Аксана Сматрэнка, супрацоўніцтва з Генпракуратурай дапаможа вырашыць і іншую праблему - нізкі ўзровень юрыдычнай падрыхтоўкі рэгіянальных "ахоўнікаў спадчыны".

- У адаведнасці з пагадненнем, работнікі культуры могуць звяртацца да супрацоўнікаў пракуратуры ў сябе "на месцы", - кажа яна. - Неаспрэчна, што для чалавека, якія мае музейную або бібліятэчную адукацыю, іх дапамога або кансультацыя можа быць вельмі важнай...

Але, як адзначыў Рыгор Шостак, актыўныя дзеянні па ахове спадчыны мусяць прадпрымаць, у першую чаргу, менавіта тыя, каго на гэта ўпаўнаважвае заканадаўства, - кіраўніцтва мясцовых органаў улады і спецыялісты па ахове спадчыны з сістэмы Міністэрства культуры. Таму апошнім не выпадае спадзявацца на тое, што хтосьці "звонку" прыйдзе і вырашыць усе іхнія праблемы.

- Мы не павінны падмяняць кантралюючыя органы ў сферы аховы спадчыны, - кажа начальнік аддзела Генпракуратуры.

На думку Рыгора Шостака, праект рэформы сферы аховы спадчыны (які прадугледжвае, у прыватнасці, стварэнне незалежнай ад муніцыпальных органаў улады Дзяржаўнай інспекцыі) цалкам апраўданы надзённымі патрэбамі.

Аляксандр Басько закрануў і яшчэ адну выяўленую Генпракуратурай праблему. Ахова гісторыка-культурнай спадчыны не пералічана сярод функцыянальных абавязкаў многіх намеснікаў старшынь райвыканкамаў. Адпаведна, нават і спытаць з іх па гэтай справе нельга.

Рыгор Шостак не адзіны ў сваім бачанні "рэцэптаў" адраджэння помнікаў спадчыны. Як і ўсе абазнаныя людзі, ён упэўнены, што іх лёс зменіцца толькі па з'яўленні сапраўднага гаспадара. Ці, іншым словам, - інвестара.

Пакуль такія выпадкі досыць рэдкія. Але ж ужо і сёння можна казаць пра тое, што часам яны з'яўляюцца не панацэяй, але... Прыкладам, у Віцебскай вобласці інвестар чатыры гады таму выкупіў за смешныя грошы частку сядзібы, і "воз" з той пары так і не зрушыўся з месца.

Як адзначыў Аляксандр Басько, ад такіх выпадкаў можна перастрахавацца ўжо загадзя - пры заключэнні дагавора з новым уласнікам. І ў тым выпадку, калі яго добрыя намеры так і не дойдуць да рэалізацыі, інвестар не толькі пазбавіцца сваёй маёмасці, але і будзе змушаны кампенсаваць прынесеныя дзяржаве страты - у тым ліку і з прычыны прастою.

- Але, ізноў жа, тут важны пастаянны кантроль з боку спецыялістаў па ахове спадчыны, - дадае старшы пракурор. І з гэтым не паспрачаешся.

 Псіхалагічны аспект санкцый

Некаторыя праблемы ў сферы аховы спадчыны ўжо перайшлі ў хранічны стан. І таму многія не вераць, што іх магчыма вырашыць "па-добраму", а ў асобы, ад якой непасрэдна залежыць бядотны стан той ці іншай культурнай каштоўнасці, раптам прачнецца сумленне. Менавіта таму і спецыялісты, і проста неабыякавыя людзі ўсё часцей кажуць пра "жорсткія меры", здатныя яго абудзіць. Балазе айчыннае заканадаўства іх прадугледжвае.

Летась Міністэрства культуры краіны выдала 14 прадпісанняў па фактах парушэння заканадаўства ў сферы аховы спадчыны. Сёлета - ужо 18. Былі складзены чатыры пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях.

На сённяшні дзень парушальнікі зазвычай абыходзяцца "легким испугом": сума штрафаў, як правіла, не перавышае некалькіх соцень тысяч рублёў. Але, як мяркуе начальнік упраўлення па ахове гісторыкакультурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі, тут важны, у першую чаргу, псіхалагічны фактар. Калі кіраўніка паважанай арганізацыі прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці (што, безумоўна, не абы-як адбіваецца на яго дзелавым рэнамэ), той ужо не будзе легкаважна ставіцца да сваіх абавязкаў у справе аховы спадчыны.

Тым не менш, Рыгор Шостак нагадаў, што памер штрафаў за асобныя парушэнні ў гэтай сферы можа дасягаць 500 базавых велічынь. А гэта ўжо зусім не сімвалічныя грошы. І часцяком такой сумы бывае дастаткова, каб па ўласнай волі выправіць недахопы і атрымаць не "прапяканцыю", але пахвалу.

- На мой погляд, нашы дзеянні павіны быць скіраваны перадусім на прафілактыку правапарушэнняў, - кажа Аксана Сматрэнка. - Важна, каб уласнік ведаў правільныя адказы на пытанне "Што рабіць?" у той або іншай сітуацыі. І адразу ўсведамляў, што за супрацьпраўныя дзеянні ён можа панесці адказнасць.

Адзін з самых праблемных адрасоў у справе аховы спадчыны - вёска Гошчава Івацэвіцкага раёна. Прыкры выпадак, які адбыўся там не так даўно, актуалізуе тыповыя і злабадзённыя пытанні.

Драўляная цэркаўка ў стылі "вясковага барока" пад час рамонту была да непазнавальнасці "аздоблена" сайдынгам ды іншымі сучаснымі матэрыяламі. Спецыялісты адзначылі фактычную страту помніка спадчыны. Прычым заўважым, што адбылося гэта зусім не з прычыны вандалізму або абыякавасці.

- Простыя прыхаджане з самымі лепшымі намерамі сабралі грошы і адрамантавалі царкву, якая знаходзілася ў вельмі кепскім стане, - кажа Рыгор Шостак.

І тут раптам узнікла пытанне аб узбуджэнні супраць прыходу крымінальнай справы... На думку Ігара Чарняўскага, гэты выпадак яшчэ раз падкрэслівае важнасць інфармацыйнага аспекта ў справе аховы спадчыны:

- Прадстаўнікі прыходу з Гошчава нам казалі: калі б мы даведаліся пра заканадаўчыя нормы загадзя, а не постфактум, ніякіх праблем не ўзнікла б. І таму мне ўжо ў каторы раз хацелася б засяродзіць увагу на такім аспекце дзейнасці рэгіянальных спецыялістаў па ахове спадчыны, як праца з канкрэтнымі ўласнікамі каштоўнасцей. Калі ты рэгулярна іх наведваеш і праводзіш кансультацыі, многіх памылак, дапушчаных праз няведанне, удаецца ўнікнуць.

 Бяздзейнасць як парушэнне закону

У ХІХ стагоддзі сядзіба Умястоўскіх у Жамыслаўлі лічылася бліскучым узорам правінцыйнай адаптацыі "сталічных" архітэктурных трэндаў. У гісторыю ХХІ стагоддзя яна ўжо паспела ўвайсці як маляўнічы прыклад безгаспадарчасці. Ацалелы ва ўсіх войнах палац панёс сур'ёзныя страты літаральна ў апошнія гады...

Без сумневу, вінаватыя ў гэтым атрымаюць заслужанае пакаранне. Па выніках нядаўняй сумеснай праверкі аб'екта спецыялістамі Генпракуратуры і Міністэрства культуры краіны было пастаўлена пытанне аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці не толькі кіраўніка той гаспадаркі, на балансе якой знаходзіцца сядзіба, але таксама і супрацоўнікаў райвыканкама.

Тым не менш, зніштожаную вандаламі кафляную печ ХІХ стагоддзя ўжо не вернеш... Хаця прадухіліць такое развіццё падзей было магчыма - і нават не дужа складана. Каб гаспадарка разам з раённымі ўладамі знайшла сродкі для ўвядзення хаця б толькі адной стаўкі вартаўніка, дзяржава зберагла б не адзін мільён рублёў, не кажучы ўжо пра захаванне сядзібнага комплексу, якія лічыцца адным з найперспектыўных тураб'ектаў - і, будзем верыць, неўзабаве ім стане.

І Ігар Чарняўскі, і Рыгор Шостак звяртаюць асаблівую ўвагу менавіта на тэму кансервацыі помнікаў спадчыны, якая ўключае самыя элементарныя і зусім не звышзатратныя супрацьаварыйныя меры, адзначаючы, што закон і сумленне патрабуюць ад сучасніка ўсяго толькі захаваць тое, што мы атрымалі ў спадчыну.

- На вялікі жаль, многія ставяцца да занядбаных помнікаў спадчыны як да "бросавых" аб'ектаў, якія не маюць перспектывы, - кажа Рыгор Шостак. - І с а п раўды, сёння немагчыма знайсці сродкі для рэстаўрацыі ўсіх тых аб'ектаў, якія яе патрабуюць. Але з часам сітуацыя можа змяніцца да лепшага. Таму цяпер важна рабіць хоць штосьці для захавання гэтых каштоўнасцей...

Больш за тое, супрацоўнік Генпракуратуры нагадаў, што гэтага патрабуе і закон. Ён прадугледжвае пакаранне не толькі за супрацьпраўныя дзеянні, але таксама і за бяздзейнасць, якая прыносіць дзяржаве значную матэрыяльную і духоўную шкоду.

 Пастаноўка праблемы

Не так даўно супрацоўнікі Генпракуратуры ўзнялі і адносна новую тэму, якая дагэтуль не мела сур'ёзнага публічнага рэзанансу, - размяшчэнне рэкламы на аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны. Гэты пункт адпаведнага Закону сёння многія нібы прызабылі...

Сюжэт атрымаўся папраўдзе цікавы. Перадусім таму, што пракурорскія работнікі вырашылі нікуды далёка не хадзіць, абмежаваўшы сферу сваіх даследаванняў прылеглымі да ўласнай "штаб-кватэры" кварталамі. Ды, не зважаючы на такую геаграфічную абмежаванасць, у ходзе праверкі былі зафіксаваны дзясяткі правапарушэнняў!

Яны заключаюцца як у адсутнасці дазволаў, так і ў тым, што часам рэклама пагаршае ўмовы ўспрыняцця помніка спадчыны, а гэта з'яўляецца прамым парушэннем Закону.

 "Улічваючы, што дадзенае пытанне патрабуе асаблівага стаўлення, паколькі яно звязана з успрыняццем духу эпохі, гісторыі і культуры Мінска (...), прашу Вас даручыць адпаведным асобам з Міністэрства культуры вывучыць матэрыялы ўзгадненняў аб дазволе размяшчэння сродкаў вонкавай рэкламы на будынках Верхняга горада", - адзначыў у сваім лісце да міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі намеснік генеральнага пракурора Мікалай Кукліс.

- Сёння для нас вельмі важна распрацаваць нарматыўны дакумент, які стаў бы своеасаблівым рэгламентам для размяшчэння рэкламы на гісторыка-культурных каштоўнасцях, - кажа Аксана Сматрэнка. - Каб рэкламадаўца ведаў, якога памеру банер ён мае права замовіць, а кантрольныя органы разумелі, што размяшчэнне рэкламнай інфрамацыі непасрэдна на шыбах - гэта найлепшы з кампрамісных варыянтаў, бо не прыносіць помніку ніякай шкоды. У гэтай справе вельмі важна расставіць усе кропкі над "і"...

Як адзначыў Ігар Чарняўскі, такое самае ўпарадкаванне неўзабаве павінна ахапіць і ўлюбёныя мінчанамі летнія тэрасы кавярняў.

- Так, іх з'яўленне можна толькі вітаць, - кажа спецыяліст. - Тым больш, гэта цалкам адпавядае еўрапейскай практыцы. Але справа ў тым, што часам падобныя канструкцыі бяруць на сябе надта вялікую ролю ў фарміраванні аблічча гістарычных цэнтраў нашых гарадоў. Недзе - як, да прыкладу, у Верхнім горадзе, - яны стылістычна дапасаваны да помнікаў спадчыны, але дзесьці выклікаюць з імі безгустоўны дысбаланс. Урэшце, гэта вельмі істотнае пытанне фарміравання эстэтыкі гарадскога асяроддзя, і таму мы лічым патрэбным заняцца яго рэгламентацыяй.

■ ■ ■

Адным з канкрэтных спосабаў рэалізацыі пагаднення стануць рэгулярныя праверкі з удзелам супрацоўнікаў Генпракуратуры і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

- Работнікі пракуратуры прапаноўваюць новыя падыходы па арганізацыі праверак, - кажа Ігар Чарняўскі. - Але толькі прафесіяналы ў сферы аховы спадчыны могуць адэкватна ацаніць той або іншы канкрэтны выпадак. І я ўпэўнены: адзін дзяржаўны орган будзе ўдала дапаўняць іншы, што прывядзе да ўзрастання эфекту ад нашай працы...

Рыгор Шостак адмовіўся раскрыць усе карты, у сэнсе, запланаваныя марштруты такіх праверак. Адпаведна, можна меркаваць, што для кагосьці візіт "рэвізораў" стане вельмі непрыемным сюрпрызам. Прычым - з наступствамі.

І менавіта таму рэкамендуем рыхтавацца да гэтага візіту ўжо загадзя, з дапамогай падручных сродкаў: негабляванай дошкі, шыферу ды ўсіх іншых танных матэрыялаў, якія здатныя выратаваць ад руйнавання перліны беларускай архітэктуры папраўдзе еўрапейскай велічыні. Балазе імі наш край не абдзелены.