“Чыстая дакументалістыка” як культурны брэнд

№ 38 (1009) 17.09.2011 - 23.09.2011 г

У Глыбокім адбыўся Форум духоўнага кіно

/i/content/pi/cult/342/6349/11-1.jpg

На пачатку верасня фестывальнай кінасталіцай краіны было Глыбокае, дзе праходзіў VII Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм "Magnificat". На Свята духоўнага кіно гэтым разам сабралася амаль пяць дзясяткаў удзельнікаў і гасцей з шасці краін свету, якія паглядзелі і ацанілі 39 стужак з 14 дзяржаў. Аповед аб падзеях і стужках унікальнага не толькі для нашай краіны мерапрыемства - у гэтым матэрыяле "К".

Адзін з галоўных брэндаў

Як і летась, пачынаўся "Magnificat" у Мінску, а ўжо на наступны дзень перабраўся на Глыбоччыну. Для гэтага раёна, які будзе прымаць Дзень беларускага пісьменства-2012, Кінафестываль духоўнага кіно - адзін з галоўных культурных брэндаў, аб чым падчас яго правядзення неаднаразова казала кіраўніцтва мясцовай улады. Паказальна, што "Magnificat" надзвычай добра "ўпісаўся" ў мясцовы "культурны ландшафт". Кожны з фестывальных дзён быў адзначаны паездкай у асобныя культурныя пункты: знакавы для каталіцкага фестывалю Мосар, дзе госці і ўдзельнікі пакланіліся магіле ксяндза-пробашча Ёзаса Булькі, а таксама паслухалі цудоўны канцэрт Глыбоцкай камернай капэлы, вёску Удзела, дзе з н а х о дзіцца беларускі "Непакалянаў" - "родны брат" знакамітага польскага кляштара братоў-францысканцаў, і, нарэшце, Празарокі- месца, якое павінна быць Мекай усіх аматараў нацыянальнага тэатральнага мастацтва, бо менавіта тут нарадзіўся і займаўся творчасцю "бацька беларускага тэатра" Ігнат Буйніцкі. Не забыўся "Magnificat" і на Івесь, дзе да фестывальнай Алеі Сяброўства на беразе знакамітага возера Шо дадаліся яшчэ два дрэўцы - армянскае і ізраільскае.

Такая шырокая карта форуму дазволіла ўключыць Глыбоцкі раён у кінематаграфічную прастору практычна цалкам - прыкметныя афішы "Magnificat-2011" было відаць па ўсім маршруце фестывальнага аўтобуса. Не дзіва, што залы, дзе праходзілі конкурсныя і пазаконкурсныя прагляды, былі запоўнены, прычым (і гэта - таксама добрая традыцыя фестывалю "Magnificat") сярод гледачоў было шмат моладзі, у асноўным школьнікаў. Арганізатары ў гэтым плане ішлі на пэўную рызыку: лічыцца, што сучасны малады глядач, які вырас на перадачах забаўляльных тэлеканалаў, не заўсёды цікавіцца іншым экранным прадуктам, больш складаным па ўспрыманні. Тым не менш, сярод глыбаччан нават сярэдняга школьнага ўзросту былі такія, хто з вялікай цікавасцю глядзеў "дарослую" фестывальную праграму. А пра "дзіцячы" блок, які ішоў у сучасным будынку Глыбоцкай раённай бібліятэкі, нават гаворка не ідзе: яго прагляды сталі ці не самымі ўдалымі пунктамі праграмы "Magnificat-2011".

На шматканфесійнай, гістарычна і культурна разнастайнай Глыбоччыне Фестываль хрысціянскага кіно прыйшоўся даспадобы: кіраўніцтва раёна не раз паўжартам заяўляла, што "Magnificat" - такі самы мясцовы здабытак, як і вядомыя архітэктурныя і гістарычныя помнікі Глыбоччыны. Наступным разам кінафорум мае стаць арганічнай часткай святкаванняў Дня беларускага пісьменства, што толькі падкрэслівае яго значэнне для мясцовага культурнага ландшафту.

Прыклад веры

/i/content/pi/cult/342/6349/11-2.jpgУжо на першым фестывалі "Magnificat" (кінафорум атрымаў назву па першым слове лацінскай малітвы "Magnificat anima mea Dominum") было прадстаўлена 25 стужак з дзевяці краін свету. Сёлета карцін было ўжо чатыры дзясяткі, і паказальна, што найлепшай з іх прызнана амерыканска-польская -"Лабірынт" Джэйсана і Рона Шмітаў. Фільм амаль цалкам складзены з малюнкаў выжыўшага вязня Аўшвіца - Мар'яна Каладзея, які пасля перанесенага ў вельмі сталым узросце інсульту раптам пачаў маляваць і стварыў сюррэалістычны графічны летапіс самага жудаснага лагера смерці. "Лабірынт" вельмі ўражвае спалучэннем чорна-белай графікі, цяпер размешчанай у адным з каталіцкіх кляштараў паблізу сучаснага Асвенцыма, і нетаропкім, поўным падрабязнасцей, аповедам мастака, які роўным, спакойным тонам зачытвае голас за кадрам. Стужка пазбаўлена канкрэтных рэлігійных сімвалаў, што надае ёй агульначалавечае, неверагодна трагічнае гучанне, тым больш зразумелае для гледачоў на пакутніцкай беларускай зямлі.

Перагукалася з "Лабірынтам" перадача Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі "Подзвіг святога Максімільяна Кольбэ" аўтара Іны Сабалеўскай. Яна апавядае аб жыцці і пакутніцкай смерці ў Аўшвіцы каталіцкага святара, заснавальніка шэрагу кляштараў "Непакалянаў" па ўсім свеце, у тым ліку беларускім Удзеле, дзе і праходзіў прагляд. Цікава, што Максімільян Кольбэ ў свой час жыў і працаваў у Гродне, дзе выдаваў часопіс, а потым заснаваў першае каталіцкае радыё, якое дзейнічае і па сёння. Планаваў Кольбэ адкрыць і сваё тэлебачанне, але напад Гітлера на Польшчу перакрэсліў планы святара. Перагукаецца з гэтай перадачай і карціна беларусак Зоі Катовіч і Алены Антанішанай "Дзеці ксяндза Шаплевіча" - аб самаахвярным пастарскім служэнні і пакутах святара з Баранавіцкага раёна. Тэматычна падобным было дакументальнае даследаванне "Святыя. Ахвяры Бутаўскага палігона" вядомага расійскага дакументаліста Аляксандра Купрына - сталага госця фестывалю "Magnificat" і старшыні журы дакументальнай праграмы мінулага "Лістапада".

Духоўныя нашчадкі айца Максімільяна Кольбэ актыўна працягваюць яго працу па евангелізацыі медыйнай прасторы - праграма сёлетняга фестывалю складалася збольшага менавіта з тэлевізійных праграм, а не з кінафільмаў. Тэматыка перадач - вельмі шырокая: ад аповеду аб пэўных абрадах і святынях Праваслаўнай і Каталіцкай Царквы да паказу дзейнасці сучасных місіянераў у розных краінах свету. Відавочная цікавасць сучаснага тэлебачання да духоўнай праблематыкі: расійскія, польскія і італьянскія перадачы былі прапанаваны на "Magnificat" адпаведнымі спецыялізаванымі тэлеканаламі. Наша тэлебачанне - не выключэнне: на Першым Нацыянальным канале хрысціянская тэматыка прадстаўлена перадачамі пад агульнай назвай "Існасць".

Што да "чыстых" дакументалістаў, то стужкі з больш вобразным візуальным шэрагам прапанавалі на конкурс менавіта беларускія рэжысёры. Пра адкрыццё айчыннага дакументальнага кіно ў гэтым годзе - "Інакіню" Галіны Адамовіч - "К" ужо не раз пісала. Сюжэт яшчэ адной карціны, створанай на студыі імя Іаана Воіна Свята-Елісавецінскага манастыра ў Мінску - "Вялікдзень на Лысай гары" манашкі Іаанны (Арловай), - мае непасрэднае дачыненне да гісторыі, паказанай у стужцы Галіны Адамовіч. "Тры кіламетры да неба" Вольгі Дашук - кароткі эпізод існавання маладога чалавека, які прыкаваны невылечнай хваробай да ложка, але не страціў мару і надзею. З беларускай стужкай перагукаецца надзвычай эмацыйная карціна паляка Кшыштафа Жураўскага "Смерць дзіцяці" - аб прытулку для невылечна хворых малых і іх годным стаўленні да свайго непазбежнага сыходу.

Для абраных? Не: для кожнага!

/i/content/pi/cult/342/6349/11-3.jpgКрытык і сталы член журы фестывалю "Magnificat" Галіна Шур заўважыла пад час абмеркавання конкурснай праграмы гэтага года, што ў ёй шмат стужак і перадач, якія апавядаюць аб складаных момантах чалавечага жыцця, гістарычных катастрофах і пакутах. У прынцыпе, гэтым і адрозніваецца "Magnificat" ад іншых кінафорумаў: фестываль у Глыбокім прапануе гледачу зрабіць над сабой намаганне, правесці пэўную эмацыйную працу і тым самым вырасці духоўна. Прагляды на гэтым незвычайным фестывалі- не шараговы паход у кінатэатр: яны больш нагадваюць агульнае супрацоўніцтва ўсіх гледачоў у глядзельнай зале- гэта значыць, глядач на фестывалі "Magnificat" не адасоблены, як на праглядзе галівудскай стужкі, а, наадварот, аб'яднаны агульнай станоўчай ідэяй, што дакладна адпавядае яго лацінскаму дэвізу "Ut Unum Sint": "Каб усё стала адным".

Дарэчы, пачатак другога стагоддзя існавання кінамастацтва адзначаецца яго большай спецыялізацыяй, групаваннем па пэўных кірунках, што дакладна і ў адносінах да кінафестывальнага руху. Буйныя кінафорумы класа "А" даўным-даўно "падзелены" між краінамі, цяпер надыходзіць пара фестываляў спецыялізаваных, вузканакіраваных, адным з якіх і з'яўляецца наш "Magnificat". Дарэчы, такіх фестываляў у Еўропе - толькі шэсць, і Беларусь як краіна, дзе праходзіць адзін з іх, мае добрыя шанцы заняць яшчэ адно месца пад сусветным "кінематаграфічным сонцам".