Садоўнікі і сад “Magnificat”

№ 35 (1006) 27.08.2011 - 03.09.2011 г

Духоўная кінадакументалістыка ў фестывальным разрэзе

/i/content/pi/cult/338/6263/6-1.jpg"Ut Unum Sint" - "Каб усе былі адно". Пад такім біблейскім дэвізам з 6 па 10 верасня пройдзе Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм "Magnificat-2011", на які сёмы раз у Беларусь з'едуцца кінематаграфісты з розных частак свету. Унікальнае не толькі ў межах нашай краіны мерапрыемства пачнецца ў сталіцы, а затым будзе мець працяг на Глыбоччыне, дзе ўпершыню пабачыла свет і нязменна праводзіцца з сярэдзіны двухтысячных. Нязменны старшыня і мастацкі кіраўнік фестывалю, лаўрэат Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне", кінарэжысёр і сцэнарыст Юрый ГАРУЛЁЎ распавёў карэспандэнту "К" не толькі пра асаблівасці чарговага форуму, але і аб сваім пункце погляду на развіццё духоўнага кіно, работу дакументаліста ў сучасных умовах.

Духоўнае - значыць цікавае

 - Як і ў мінулыя гады, сёмы па ліку "Magnificat" прапануе сваім удзельнікам і гледачам шмат цікавых стужак і тэлепраграм духоўнага кірунку, - распавёў Юрый Мікалаевіч. - Зразумела, называць канкрэтныя стужкі і імёны ў якасці фаварытаў да пачатку фестывалю, мне як мастацкаму кіраўніку форуму не выпадае, але магу адзначыць: праграма сёлета падабрана насычаная і вельмі якасная. Што да колькасці краінудзельніц, то, пачынаючы з трэцяга фестывалю, мы выйшлі на аптымальную колькасць - 13 - 15 дзяржаў. Вось і гэтым разам у нас будзе 30 конкурсных стужак з 13 краін, але, як і кожны год, мы адкрыем для сябе новыя імёны і часткі свету. Скажам, у "Magnificat"е ўпершыню прыме ўдзел стужка з Ізраіля, у другі раз будзе карціна са Злучаных Штатаў. Астатнія фільмы прыедуць з краін, з якімі мы даўно і плённа супрацоўнічаем: Польшчы, Расіі, Украіны, Італіі, Чэхіі, Францыі... Зразумела, вялікую праграму прадставяць нашы кінематаграфісты. Такім чынам, склад "садоўнікаў", якія, па традыцыі дададуць яшчэ адно дрэўца да "Саду сяброўства" падчас Свята кіно ў Івесі, і гэтым разам акажацца вельмі прадстаўнічым.

- Як можна вызначыць канцэпцыю сёлетняга форуму? Ці моцна яна трансфармавалася за тыя шэсць гадоў, якія прайшлі з першага фестывалю?

- Тая канцэпцыя, якую мы некалі вынайшлі разам з Канферэнцыяй каталіцкіх біскупаў на Беларусі, лічу, вельмі ўдалая і застаецца, фактычна, нязменнай. Наша галоўная задача - весці людзей да Веры, павышаць узровень духоўнасці грамадства, садзейнічаць яго евангелізацыі. І нічога новага і лепшага дадаць тут нельга. Іншая справа - якімі мастацкімі сродкамі кінематаграфісты імкнуцца дасягнуць дадзенага выніку, што за ўзровень майстэрства яны пры гэтым дэманструюць? І тут "Magnificat" выконвае вельмі важную функцыю творчай пляцоўкі для абмену ведамі і задумамі паміж рэжысёрамі. Дарэчы, вельмі прыемна, што з года ў год мастацкі ўзровень работ, прадстаўленых на наш фестываль, толькі ўзрастае.

- І гэты факт не можа не радаваць на фоне агульнай "стандартызацыі", падгонкі пад тэлевізійныя "рамкі" дакументальнай кінапрадукцыі...

- Ведаеце, прагрэс у плыні дакументальнага кіно, якое можна назваць духоўным, відавочны. Розніца ў лепшы бок паміж стужкамі сёлетняй і мінулагодняй праграм і тым, што мы паказвалі ў 2006-2007-м, вялікая. Іншая справа, што ў розных краінах адносіны да духоўнага кіно адрозніваюцца. Ёсць краіны (Італія, Польшча, Расія), дзе існуюць тэлеканалы адпаведнай тэматыкі, на чыю замову ствараюцца стужкі як ігравыя, так і дакументальныя. У іншых дзяржавах духоўная тэматыка цікавіць хіба толькі асобных рэжысёраў, але і адзінкі ў стане зрабіць вельмі цікавае кіно, што мы неаднаразова бачылі па карцінах, прадстаўленых на нашым фестывалі.

Кінабрэнд Глыбоччыны

 - На культурна-фестывальнай карце Беларусі, а мо нават Еўропы, "Magnificat" - з'ява адметная, якая даўно перарасла не толькі межы Глыбоцкага раёна, але і Віцебшчыны ў цэлым. Ці існуюць задумы пашырыць межы і павялічыць маштабы фестывалю? Тым больш, што ўдзельнічаюць у яго падрыхтоўцы прадстаўнікі розных куткоў нашай краіны...

- Так, падобныя задумы ў арганізатараў існуюць не першы год. Пэўныя змены пачаліся ўжо летась, калі першы дзень фестывалю прайшоў у Мінску. Дарэчы, такая схема аказалася вельмі паспяховай - са стужкамі форуму пазнаёмілася вялікая колькасць сталічных гледачоў, але і глыбачане нічога не страцілі, хоць аб тым хваляваліся прадстаўнікі гэтага раёна. Таму сёлета мы адкрываем фестываль таксама ў Мінску. Цікавай, мяркую, можа аказацца наступная схема: кожны першы год "Magnificat" адбываецца на Глыбоччыне, а кожны другі праводзіцца ў іншым беларускім горадзе. Наогул, такіх фестываляў, як наш "Magnificat", у Еўропе толькі шэсць. Зразумела, вельмі хочацца, каб ён развіваўся далей, бо Беларусь у гэтым кантэксце мае вельмі добрае рэнамэ, якое трэба падтрымліваць. Да слова, усе арганізатары, уключаючы прадстаўнікоў Глыбоччыны, добра разумеюць, што фестывалю патрэбны далейшае развіццё, пошук новых форм існавання.

Пра моладзь у кіно

- Тэма духоўнасці ў мастацтве, і дакументалістыка тут не выключэнне, традыцыйна звязваецца са сталым узростам, калі, як лічыцца, майстра падыходзіць да ключавых пытанняў чалавечага існавання... Гэтая тэматыка цікавая кінематаграфічнай моладзі?

- Канешне! Якраз на сёлетнім фэсце прадставім стужкі пяці маладых рэжысёраў, каго ў сваёй своеасаблівай кінашколе аб'яднала расійская дакументалістка Наталля Кандыбіна, уладальніца Гран-пры вядомага фестывалю духоўнага кіно ў польскім Непакалянаве. У якасці эксперымента мы запрасілі ў Глыбокае некалькі яе вучняў, каб яны мелі магчымасць атрымаць веды ад іншых удзельнікаў форуму. Калі эксперымент акажацца ўдалым, то падобныя формы працы з творчай моладдзю могуць стаць рэгулярнымі.

- Зусім нядаўна на Нацыянальнай кінастудыі быў створаны так званы "Савет мэтраў", які закліканы, у тым ліку, курыраваць беларускую кінематаграфічную моладзь. Чым ён, на ваш погляд - погляд аднаго з яго членаў, - можа дапамагчы айчыннаму мастацтву экрана?

- Пасля трыццаці гадоў працы на "Беларусьфільме" я ўпэўніўся: справа далёка не ў адным тым, каб прадстаўляць моладзі "зялёную вуліцу", хоць, безумоўна, у паспяховай працы з ёй закладзена будучае нашага кіно. Я маю на ўвазе арганізацыйную схему кінастудыі як буйнога прамысловага прадпрыемства. Уявіце сабе: тры, абсалютна розныя па сваіх мэтах і маштабах вытворчасці падраздзяленні працуюць па адных і тых жа правілах ды ў адных і тых жа ўмовах! Пры падобным становішчы творчай групе дакументальнай карціны трэба праходзіць тыя ж фармальнасці, што і групе вялікай мастацкай карціны... Дакументальная вытворчасць, каб адпавядаць патрабаванням часу, павінна быць куды больш кампактнай і мабільнай. Што да "Савета мэтраў", то яго паўнамоцтвы не сягаюць далей пэўных парад.

Неігравы прадукт - на экран!

- У апошнія гады на паказах дакументальных стужак мы бачым значны прыток гледача, пераважна маладога. Але ў масавай свядомасці для кінадакументалістыкі амаль не існуе месца, да шырокай аўдыторыі яна не даходзіць. Якім чынам можна змяніць гэтую сітуацыю да лепшага?

- Сучаснае становішча з паказамі айчыннай дакументалістыкі звязана, у першую чаргу, з яе незайздросным месцам на тэлебачанні. Еўрапейская асацыяцыя вытворцаў дакументальнага кіно штогод выдае даведнік з пералікам тых каналаў, якія транслююць неігравы прадукт. Гэта, заўважу, даволі тоўстае і змястоўнае выданне, бо існуе мноства кампаній, што спецыялізуюцца менавіта на якаснай дакументалістыцы, безумоўна, прыбытковай, аб чым сведчыць вялікая цікавасць да яе глядацкай аўдыторыі ў розных краінах. Спецыялізаваныя студыі дакументалістыкі існуюць пры кожным буйным канале, што прыносіць някепскі вынік. Дарэчы, спецыялізаваны кругласутачны канал з поспехам працуе ў нашых суседзяў расіян. Што да нашага ТБ, то "традыцыйна" творы кінадакументалістыкі ставіліся ў эфір не ў самы зручны час, калі іх патэнцыйная аўдыторыя тэлевізар не глядзіць. Іншая справа, што нам, дакументалістам, неабходна самім фарміраваць сваю аўдыторыю, рыхтаваць яе да ўспрымання стужак. Тым больш, што цяпер гэта прасцей - не трэба вазіць на сустрэчы з гледачом грувасткія каробкі са стужкай: творчая біяграфія кожнага рэжысёра можа змясціцца ў невялікай скрыні з дыскамі. Для добрай, якаснай дакументалістыкі заўсёды знойдзецца зацікаўлены глядач. Я ў гэтым перакананы!

- Якія парады вы як член "Савета мэтраў" можаце даць тым, хто толькі абірае свой творчы шлях і выбірае паміж дакументальным кіно і ігравым? У чым вы бачыце перавагу дакументалістыкі?

- Ведаю, што шмат маіх калегдакументалістаў доўгімі гадамі песцяць у глыбіні душы мару зняць ігравую стужку, але я ніколі не думаў аб тым, каб перайсці ў мастацкае кіно. Праца ў ім не можа дазволіць рэжысёру зразумець біццё пульсу жыцця, існавання чалавека - нашага сучасніка, сапраўднага героя. Дапамагчы яму "раскрыцца" ў кадры - галоўная мэта працы дакументаліста. Зразумела, такое не кожны дзень адбываецца, але калі ўдалося "раскрыць" героя, то рэжысёр-дакументаліст атрымлівае неверагоднае задавальненне, якое не можа атрымаць ніводны іншы творца...

 Гутарыў

Фота брата Карнэліуса КОНСАКА