“Дотык” адбыўся. Ніхто не абпаліўся

№ 20 (940) 15.05.2010 - 21.05.2010 г

“Калектыўны партрэт” у мазаіцы Фестываль “Art.Intouch”, што прайшоў у сценах Музея сучаснага выяўленчага мастацтва і Нацыянальнай школы прыгажосці, рызыкаваў стаць чарговай бязладнай сумессю “бульдогаў і насарогаў”. Лік удзельнікаў фэсту — нешта каля 30 — ад пачатку ўнушаў перасцярогу. Але… Яна аказалася дарэмнай. Цікаўны чалавек, які даўно хацеў даведацца, што ўяўляе з сябе сучаснае беларускае мастацтва, урэшце здолеў атрымаць уцямны ды пераканаўчы адказ.

/i/content/pi/cult/263/4014/7-2.jp.jpg

Сваім памкненнем “праявіць беларускі кантэкст сучаснага культурнага працэсу” куратары “Дотыку” відавочна не адкрылі Амерыкі. За апошнія пару гадоў мінчане ўбачылі не адзін і не два праекты з прэтэнзіяй на падобную рэпрэзентацыйнасць. Таму асаблівую ўвагу выпадае звярнуць на адметнасці дадзенага фэсту: менавіта яны абумовілі тое, што “калектыўны партрэт” сучаснага беларускага мастацтва гэтым разам сапраўды атрымаўся. Вядома, перадусім — у галаве гледача.

Галоўная з гэтых адметнасцей — без сумневу, праца куратараў. Паняцце, якое ў айчынным арт-працэсе паранейшаму здаецца неалагізмам, урэшце набыло сэнс. “Art.Intouch” прадэманстраваў не толькі яго змест, але і важнасць. Як выявілася, артпраект ад так званай “брацкай магілы” ў выглядзе выстаўкі адрознівае менавіта наяўнасць куратараў — сапраўдных, а не намінальных. У дадзеным выпадку іх спіс выглядае досыць разнародным: знаны мастацтвазнаўца, выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Яўген Шунейка, аўтар ідэі “Дотыку” Зміцер Ладзес (у мастацкай частцы фэсту ён, зрэшты, выконваў, перадусім, “тэхнічную” функцыю) і два незнаёмыя прозвішчы, на якія, аднак, варта звярнуць асаблівую ўвагу, — Ганна Родзіна і Вольга Рыбчынская.

Менавіта яны выступілі аўтарамі эксплікацый, якімі суправаджаўся кожны выстаўлены твор. Гэтая тытанічная праца адметная не маштабам, але якасцю: мастацкія практыкі папраўдзе вартых увагі творцаў былі асэнсаваны і прадстаўлены гледачам з дапамогай адпаведнай іх глыбіні славеснай метамовы. Думаецца, на Беларусі ёсць не адзін аўтар, што можа паскардзіцца на брак тых рэфлексій адносна ўласнай творчасці, чый узровень быў бы адэкватны яго ўласнай свядомасці.

І нічога страшнага, што чытаць тыя філасафічныя тэкстоўкі было трохі складана! Публіка стамілася выключна ад агульных фраз. Стамляцца ад глыбіні куратарскай думкі наведвальнікам выставак не было калі.

У адрозненне ад некаторых сваіх замежных калег, куратарыДотыкуне імкнуліся стварыцьмарыянеткавы тэатр”, “выкарыстоўваючыаўтараў дзеля адлюстравання ўласных ідэй. Яны зрабілі тое, што і павінны рабіць куратары: якасна рэпрезентаваць матэрыял. Адабраны, зрэшты, імі самімі, прычым з усёй адказнасцю за гэты асабісты выбар.

Творам, без якіх можна было б і абысціся, у экспазіцыі месца не знайшлося. Ля кожнага з іх варта падоўгу затрымацца: гэта шматпластавыя кампазіцыі Наталлі Залознай, з іх папраўдзе непадуладнай вербалізацыі метафізікай; вывераныя фармалістычныя эксперыменты Сяргея Кірушчанкі; своеасаблівы “трыб’ют” Магрыту ад Андрэя Бур’яка, які ніяк не зблытаеш з эпігонствам; свядомыя скажэнні ракурсу Таццяны Радзівілкі; вырабы са шкла Вольгі Сазыкінай, мэта якіх — быць прызмай для пераўвасаблення святла звычайных музейных лямпаў; геаметрычная выверанасць “серыйных” вобразаў Аляксея Іванова… Шматкроп’е — невыпадковае: пералік можа доўжыць.

Частка праекта, якая прайшла ў прасторным фае Нацыянальнай школы прыгажосці, была арганізавана паводле вядомай грузінскай прымаўкі: каб адчуць смак віна, не трэба выпіваць бочкудастаткова некалькіх глыткоў. Вялізную прастору запоўнілі з дзесятак аўтараў — і столькі ж твораў. Затое кожны з іх з’яўляецца своеасаблівым акенцам у свет свайго стваральніка. Такая лаканічнасць дазволіла сфармуляваць (або актуалізаваць?) паняцце “культура экспазіцыі”. Нічога залішняга, ніякіх “слабых звенняў”… Затое — сапраўднае адкрыццё: у адну абойму з ужо вядомымі Алесем Родзіным, Леанідам Хобатавым і Канстанцінам Селіханавым трапіў і зусім малады мастак — Захар Кудзін, з яго надзіва зачэпістым экспрэсіяністычна-беканаўскім уменнем класці фарбы на палатно.

Тры сцяны маленькай залы Музея сучаснага выяўленчага мастацтва пароўну падзялілі тры карыфеі беларускагаканцэптуальнагафота: Ігар Саўчанка, Сяргей Кажамякін і Сяргей Ждановіч. Іх выказванні былі на адну тэму, якая многім можа падацца банальнай: родны горад Мінск. Але ж гэты своеасаблівы міні-праект — у адрозненне ад плоймы падобных — дасягнуў даўгачаканага сацыяльнага выніку: мінчане здолелі ўбачыць сталіцу ў іншым святле. Прычым без дапамогі абрыдлых “фоташопных” дзівосаў. Кожны з трох аўтараў здолеў па-свойму ўвасобіць амбівалентную ўласцівасць фатаграфіі — яе рэалістычнасць і, адначасова, іррэальнасць. Прастора паміж гэтымі двума палюсамі — жыццядайная глеба іх натхнення. Цэнтральны твор экспазіцыі — camera obscura, усталяваная Сяргеем Ждановічам проста на акно музея, з відам на гарадскі тлум. Наватарства або традыцыяналізм? Аўтарская практыка.

…Від мастацтва, дзе можа быць выкананы партрэт сучанага арт-працэсу,— гэта, безумоўна, мазаіка. Прычым у дадзеным выпадку яго належыла ствараць з разнародных кампанентаў, надаваць якім патрэбныя для аўтара колер і форму — катэгарычна забаронена. Але ў выніку вобраз, здаецца, склаўся. Таму падсумуем: contemporary-art — гэта не эпатаж (яго куратары ветліва абмінулі ўвагай), а глыбокія аўтарскія практыкі, якім уласцівы арыгінальныя ды спецыфічныя формы выяўлення. А таксама — інтэлект і асабістая культура іх стваральнікаў. Для многіх такі партрэт атрымаўся трохі нязвыклы. Але менавіта за гэты кагнітыўны дысананс варта асабліва падзякаваць куратарам. Таму… “Дотык” да сучаснага мастацтва — адбыўся. Ніхто не абпаліўся.

На здымках: фрагменты экспазіцыі ў Нацыянальнай школе прыгажосці.