Пад Жлобінам Рагачоўскага павета
Дык вось - наш зямляк, праўда, даволі-такі прызабыты, выдатны мастакілюстратар і жывапісец Міхаіл Сяргеевіч Башылаў. Вось пра яго я зараз трошкі і распавяду, бо ён заслугоўвае таго, каб вярнуцца на радзіму, хаця пасля яго нараджэння прайшло роўна 190 гадоў. Упершыню гэтае імя я сустрэў у канцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя, калі ў часопісе "Новый мир" (№ 8 за 1978 г.) прачытаў мемуары жонкі Л.М. Талстога - Соф'і Андрэеўны Талстой "Маё жыццё". Там яна, успамінаючы 1866 год, расказвае: "Льву Мікалаевічу захацелася выдаць "Войну и мир" з ілюстрацыямі. Для гэтага ён увайшоў у зносіны з Башылавым Міхаілам Сяргеевічам, мастаком, дырэктарам у той час школы жывапісу і скульптуры на Мясніцкай (Памылка: той быў не дырэктарам, а інспектарам.- Б.К.). Гэты Башылаў быў стрыечным братам маёй маці, пражыў з бацькам проста ад бестурботнасці вельмі вялікую маёмасць, бо цікавіўся больш музыкай Бетховена і жывапісам Рафаэля, чым колькасцю сена альбо жыта, што паступае ў продаж з іхніх маёнткаў. У рэшце рэшт, іх абакралі, разрабавалі. Міхаілу Сяргеевічу давялося зарабляць свой хлеб, а галоўнае- утрымліваць вялікую сям'ю. Башылаў вызваўся намаляваць ілюстрацыі да "Войны и мира", за што адразу і ўзяўся, і дамовіўся пра цану. Гравіраваў іх Рыхау, цудоўны майстар сваёй справы..." Тады я і ўявіць сабе не мог, што мастак Башылаў мае нейкае дачыненне да Беларусі. Аказваецца, мае - і самае непасрэднае. Дык вось, Міхаіл Башылаў нарадзіўся 22 снежня 1820 года (па старым стылі) пад Жлобінам Рагачоўскага павета тагачаснай Магілёўскай губерні. Дзяцінства і юнацтва яго прайшлі на радзіме, але потым, у 18-гадовым узросце, ён паехаў на Украіну і ў Харкаве паступіў ва універсітэт, які паспяхова скончыў у 1844 годзе. Адразу ж увайшоў у групу перадавой дэмакратычнай інтэлігенцыі, якая групавалася вакол украінскага альманаха "Молодик", дзе аўтарамі былі такія знакамітыя асобы, як гісторык М.Кастамараў, пісьменнікі Я.Грабенка і Г.Квітка-Аснаўяненка, славіст І.Сразнеўскі, у каго ў Пецярбургу вучыліся М.Чарнышэўскі і М.Дабралюбаў. Тут упершыню друкуюцца паэмы і вершы Т.Шаўчэнкі, а таксама цудоўныя літаграфіі нашага героя - Башылава. Міхаіл Сяргеевіч пазнаёміўся з аўтарам "Кабзара" і першым з мастакоў, сумесна са стрыечным братам - графам Якавам дэ Бельменам, зрабіў у 1844 годзе да гэтай кнігі унікальныя ілюстрацыі. Брат праз год загінуў на Каўказе. Яму, свайму сябру, Шаўчэнка прысвяціў верш "Каўказ". Падкрэслю, што Тарас Рыгоравіч таксама вельмі паважаў і Міхаіла як мастака і чалавека. І было за што. Башылаў быў таленавітай асобай ва ўсім: ведаў некалькі замежных моў, пісаў батальныя карціны, ляпіў скульптуру, займаўся разьбой па дрэве. Вялікай папулярнасцю карысталіся яго жывапісныя палотны "Атрыманне ліста ад сына", "Селянін у бядзе", "Апошні дзень вайны", "Тры пакаленні". У канцы 1840-х гадоў мастак пераязджае ў Маскву, працуе перакладчыкам у архіве Міністэрства замежных спраў, наведвае ў якасці вольнага слухача Вучылішча жывапісу і скульптуры. Потым быў Кіеў, праца над вялікай серыяй малюнкаў "Сцэны сялянскага побыту", па душэўным настроі падобных да работ А.Венецыянава і П.Фядотава. А потым ізноў - Масква, дзе М.Башылаў і становіцца інспектарам мастацкага вучылішча "на Мясніцкай". Шмат займаецца творчасцю: стварае ілюстрацыі да камедыі А.Грыбаедава "Гора ад розуму", да "Губернскіх нарысаў" М.Салтыкова-Шчадрына, да кнігі А.Галіцынскага "Вулічныя тыпы", шмат малюнкаў і карыкатур друкуе ў часопісах "Зритель" і "Забавки".
"Подбавить нежности и доброты..."
Але ілюстрацыі Башылава да рамана Л.Талстога "Война и мир" - гэта тэма, якая патрабуе асобнага мастацтвазнаўчага матэрыялу, тым больш, што наш зямляк быў першым ілюстратарам гэтай талстоўскай эпапеі. Больш за тое: ён маляваў пад непасрэдным наглядам пісьменніка, і, такім чынам, гэтыя ілюстрацыі з'яўляюцца бліскучым прыкладам прамога гарманічнага супрацоўніцтва вялікага пісьменніка і вядомага мастака. Але пра ўсё гэта скажу "тэлеграфным стылем", бо газетныя рамкі не дазваляюць "ахапіць неабдымнае". Дык вось, у 1866 годзе, калі толькі пачалі з'яўляцца першыя часткі "Войны и мира", мастак узяўся за галоўную справу свайго жыцця. І хаця гэтая справа не была даведзена да канца, яна засталася ў гісторыі сусветнай ілюстрацыі як прыклад найвышэйшага прафесіяналізму і вельмі тонкага пранікнення мастака ў псіхалогію не толькі вобразаў рамана, але і ў псіхалогію самога аўтара - Льва Талстога. Талстой, працуючы над творам, знаходзіў час уважліва сачыць за башылаўскімі малюнкамі, даваў ілюстратару каштоўныя заўвагі ў плане рашэння вобразаў, сустракаўся з мастаком і перапісваўся з ім. Захаваліся лісты Талстога да Башылава, у якіх, напрыклад, ён прасіў змягчыць вобразы графа Растова і Мар'і Дзмітрыеўны ў час іх танца, "подбавив нежности и доброты". У лісце да жонкі 12 лістапада 1866 года Талстой выказвае сваё захапленне ілюстрацыямі Башылава да свайго рамана. У снежні таго ж года пісьменнік, аналізуючы вобраз князя Андрэя, піша: "...Старый князь очень хорош, особенно там, где он с сыном. Это именно то, что я желал..." З ліста Талстога да Башылава: "В поцелуе нельзя ли Наташе придать тип Танечки Берс? (Пазней- Т.А. Кузьмінская. - Б.К.) Её есть 13-летний портрет... Чувствую, что бессовестно говорить Вам теперь о типе Наташи, когда у Вас уже сделан прелестный рисунок; но само собой разумеется, что Вы можете оставить мои слова без внимания. Но я уверен, что Вы как художник, посмотрев Танин дагерротип 12-ти лет, потом ее карточку в белой рубашке, 16 лет, и потом ее большой портрет прошлого года (Г. зн. 1865га. - Б.К.), не упустите воспользоваться этим типом и его переходами, особенно близко подходящим к моему типу..."
Нават у чарнавіках
Пад час працэсу працы над раманам Талстой даводзіць да ведама Башылава пра асобныя этапы сваёй работы і просіць мастака "делать эти рисунки и гравировать их как можно скорее с тем, чтобы, как только Вы кончите их, я бы мог Вам присылать текст для следующих". І яшчэ з ліста Талстога мастаку: "Пожалуйста, присылайте мне свои рисунки в самом черновом виде, я чувствую, что могу быть полезен Вам своими замечаниями, я всё-таки всех их знаю ближе Вас, и иногда пустое замечание наведет Вас на мысль. А я буду писать по случаю Ваших черновых рисунков всё, что придется, а Вы уже выберете, что Вам нужно". У вялікім лісце ад 28 лютага 1867 года Талстой дае ацэнку ілюстрацыям Башылава і закранае найдрабнейшыя дэталі малюнка, напрыклад, у вобразах Кутузава, Долахава, князя Андрэя, Растова, Білібіна. У іншых лістах падрабязна аналізуе "башылаўскія" вобразы Анны Міхайлаўны, князя Васілія, княгіні Балконскай, П'ера Безухава. "Лицо его хорошо, - піша Талстой пра П'ера,- (только бы на лбу ему придать побольше склонности к философствованию- морщинку или шишки над бровями), но тело его мелко - пошире, и потучнее, и покрупнее". Пра партрэт Іпаліта: "...Прекрасен, но нельзя ли, подняв его верхнюю губу и больше задрав его ногу, сделать его более идиотом и карикатурным?" Шматлікія ілюстрацыі Башылава Талстой адзначае словамі "прелесть", "прекрасно"; "...выбор сцен и портретов я весь одабриваю..."; "...вообще, я не нарадуюсь Вашему предприятию..."; "...пересмотрев еще все рисунки, я не мог оторваться от них. Они необыкновенно хороши... То, что Вы сделали, превзошло все мои ожидания..."
* * *
Башылаў паспеў зрабіць 30 малюнкаў, а гравёр Рыхау выканаў паводле іх 20 гравюр і здаў у друкарню. Але ў друкарні здарыўся пажар, і клішэ згарэлі. Такім чынам, першае выданне "Войны и мира" выйшла, да вялікай скрухі Талстога, без ілюстрацый. 23 ацалелыя арыгіналы-малюнкі Башылава і сёння захоўваюцца ў Дзяржаўным музеі імя Л.М. Талстога ў Маскве. Некаторыя з іх упершыню былі апублікаваны ў часопісе "Галасы мінулага" (верасень, 1913 г.), там жа была прадстаўлена перапіска Л.Талстога і яго "сааўтара". Пасля Башылава "Войну и мир" ілюстравалі многія мастакі. Сярод іх былі і таленавітыя, як Леанід Пастэрнак і Дзмітрый Шмарынаў. Але малюнкі Башылава так і засталіся непераўзыдзенымі. Дарэчы, калі Сяргей Бандарчук і кінамастакі Міхаіл Багданаў і Генадзь Мяснікоў здымалі аднайменную кінаэпапею і распрацоўвалі выяўленчае рашэнне сцэн і эпізодаў карціны, яны перш за ўсё звярнуліся да выдатных малюнкаў Міхаіла Башылава, бо справядліва лічылі, што лепшы погляд, чым у яго, на "псіхалогію" рамана, з пункта гледжання вобразна-выяўленчага рашэння, знайсці складана. Жыццё Башылава абарвалася ў Ціролі 3 студзеня 1870 года, куды ён паехаў лячыцца ад сухотаў. Яму было 50 гадоў...