Ад “Зорачкі” да зор + рэпецітарскі “дазор”

№ 41 (909) 10.10.2009 - 16.10.2009 г

Сярод уганараваных знакам Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” — загадчык трупы балета Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Таццяна ШАМЕТАВЕЦ. Пры з’яўленні на сцэне Таццяны Шаметавец любая балетная класіка, падобная да дыстыляванай вады, адразу набывае найтонкія водары псіхалагічных адценняў. Дый сама гэтая танцоўшчыца — бы журавіна: салодка-кісла-горкая (але без саладжавасці, аскоміны ды горычы), чым бліжэй да “зімы”, тым адметнейшая, заўважнейшая, ярчэйшая. Адсвяткаваўшы днямі 30-годдзе творчай дзейнасці выхадам на сцэну ў партыі сіньёры Капулеці (“Рамэа і Джульета” С.Пракоф’ева), яна зрабіла сваю гераіню той “ракавой” жанчынай, што звязвае ўсіх персанажаў трагедыі ў тугі вузельчык нянавісці і кахання, рассячы які можа хіба смерць.


/i/content/pi/cult/230/3114/13-1.jpg "Я - да яго, а ён..."

Памятаю, як калісьці ў "Лебядзіным возеры" яна адным рухам рукі (зноў-такі, не ў партыі Адэты-Адыліі, а ў сціплым "праходзе па сцэне" ўплывовай прынцэсы - маці Зігфрыда) ледзь не цалкам скіравала ўсю канцэпцыю гэтага рамантычнага балета да псіхалагічнай дакладнасці. Яна ТАК працягнула да свайго "сцэнічнага сына" руку, што стала зразумела: Зігфрыд будзе шукаць сабе жонку з такімі ж выразна-пластычнымі рукамі-крыламі, таму і знойдзе яе сярод зачараваных лябёдак, а зусім не ў палацавым асяроддзі.

 - Ну што можна сказаць жэстам? Здавалася б, анічога. А хочацца сказаць так многа! Балет - "маўклівае" мастацтва. І сказаць мы можам штосьці толькі сваім целам. Таму, мабыць, я заўсёды так уважліва стаўлюся да кожнага руху, укладаючы ў яго сэнс і душу. Шкада толькі, што партнёры, здараецца, не заўсёды адказваюць: бывае, я- да яго, а ён у іншы бок глядзіць, паўтараючы завучаныя рухі. А пасля спектакля мяне заўсёды сумневы бяруць: ці зразумелі мяне гледачы, ці пачулі яны тое, што я хацела сказаць? У педагогіцы ж і рэпецітарстве ўсё гэтае "маўленне рухамі" даецца яшчэ складаней. Калі танцуеш сам, дык сам і адказваеш за вынік, а тут укладаеш усё ў іншых - і невядома, што з гэтага атрымаецца. З кожным вучнем таксама патрэбны своеасаблівы "тандэм", узаемаразуменне. Я чакаю ад іх, найперш, самааддачы. Але не ўсе здольныя ўспрымаць новыя веды, прапускаць іх праз сябе і выносіць на суд гледача ўжо штосьці сваё...

Пачатак - ля станка

 "Сваё" ў Таццяны - усё. Прычым з'явілася гэтая "САМАснасць", відаць, літаральна з нараджэння.

- У дзяцінстве балет быў для мяне не больш як фантазіямі, ілюзіямі, святочнымі блёсткамі, убачанымі па тэлевізары. Імітуючы пуанты, я прывязвала да ног усялякія смешныя рэчы. У пяць гадоў дзядуля прывёў мяне ў ансамбль "Зорачка" пры Доме піянераў. Пайшлі полькі, лявоніхі ды іншыя скокі ўперамежку з экзерсісам ля станка - вядома, у чэшках. Кіраўніца ансамбля, у сваю чаргу, адвяла мяне ў харэаграфічнае вучылішча. Ішоў апошні тур прыёмных іспытаў, але мяне пакруцілі-павярцелі- і ўзялі. Я ўзрадавалася: думала, адразу танцаваць пайду. Але ж не: пачалася сапраўдная катарга. Заняткі ішлі ў самім тэатры, на першымпаверсе, усе вакол - чужыя. Мяне нават выганяць збіраліся: маўляў, нічога з яе не выйдзе. Мабыць, сапраўды не было ў мяне гэткіх выключных прыродных даных, але ж было жаданне - танцаваць. І я прагна лавіла заўвагі, накіраваныя да іншых, больш адораных. Запомнілася, як у старэйшых класах адна з настаўніц кінула пра мяне фразу:

 "Хутка яна вас тут усіх пераскочыць". Але ўсё роўна: заканчваючы навучанне, адчувала сябе жудасна закамплексаванай, нейкай непаўнавартаснай. Нават здзівілася, што мяне адразу залічылі ў трупу. Але ж у тэатры мой лёс рэзка змяніўся: адразу ўзялі ў "Дон Кіхот", далі сольную варыяцыю. Потым пайшлі пастаноўкі Елізар'ева: "Спартак", "Шчаўкунок", "Карміна Бурана", "Балеро", "Вясна свяшчэнная", "Рамэа і Джульета"... Я была сярод іншых Джульет, але са сваім немалым ростам наўрад ці магла марыць аб прэм'еры. Адчуваў гэта і сам Валянцін Мікалаевіч - і раптам прапанаваў мне ролю сіньёры Капулеці. Потым ён прызнаваўся, што не быў упэўнены, ці зразумею я такую "ракіроўку". Але яму хацелася, каб гэтая партыя была больш значнай, чым здаецца на першы погляд. І хаця мяне ўсе ўхвалялі, цяпер усведамляю, што тады роля Капулеці была ў мяне гэткай "зробленай", і паступова я прыйшла да таго, што яе трэба адбудоўваць, як у драматычным тэатры, але яшчэ больш выразна і асэнсавана. Да гэтай ролі сапраўды трэба "дарасці", "дасталець", каб не раздорваць жэсты направа-налева, а быццам "торгаць" усіх навакольных за нябачныя нітачкі, змотваючы іх у нябачны клубок.

 Смех і слезы Капулеці

- Дзіўна, але менавіта з Капулеці ў мяне звязаны і самыя, бадай, смешныя ўспаміны. У любым тэатры любяць байкі, з задавальненнем іх расказваюць - вядома, ужо пасля таго, як перажылі сцэнічны шок ад "надзвычайных абставін". Ніводныя "пасядзелкі" не абыходзяцца без таго, каб не ўзгадаць, да прыкладу, як у другой дзеі "Жызэлі", дзе ўсё адбываецца ў свеце ценяў, па-за празрыстым заднікам прайшла "заблукаўшая" котка. Ці прыбіральшчыца з вядром: думала, яе не ўбачаць. З Капулеці ўсё было іначай: папраўдзе, смех скрозь слёзы. Ці нават праз роспач. Вазілі мы неяк "Рамэа і Джульету" ў Галандыю. А сцэна там аказалася куды меншая па памерах за нашу. Як змясціцьдэкарацыі?

Як нам рухацца на такой нязвыкла блізкай адлегласці? Але ўсё, здаецца, атрымалася - акурат да сцэны смерці Тыбальда. Маім партнёрам на тым спектаклі аказаўся Ігар Сядзько - артыст надзвычай пластычны, эмацыйны, парывісты. Ён у кожную сваю партыю дадаваў дадатковай пластычнасці і тэмпераменту. А тут яшчэ і нагода для гэтага мелася! Але ж бачу я: ад яго рухаў статуя Божай Маці з немаўляткам штосьці захісталася: нетрывала яе, мабыць, замацавалі на хісткім пандусе. А стаіць жа - побач, чаго добрага - упадзе. Так яно і адбылося! У самы непадыходзячы момант. Падае статуя - на Сядзько, следам за ёй - сам Сядзько. Трымае яе ў абдымках, ногі ўзляцелі дагары. А ў мяне ў тую хвіліну - рукі дагары. Абсалютна ідэнтычны "малюнак" - ну проста харэаграфічная знаходка! Краем вока бачу, што ўся трупа гатова за жывоцікі трымацца, але ж - устрымліваюцца. Дый я сама - рагачу ў душы, а на твары - жалоба...

Жаночыя характары, створаныя Таццянай на балетнай сцэне, - гэта папраўдзе ролі, а зусім не звыклыя партыі. Дый падрыхтаваны яны - штучна, а не праславутымі "партыямі". Сёння, пасля таго, як мінула шмат гадоў пасля нараджэння спектакляў, што ствараюць залатыя фонды нацыянальнай культурнай спадчыны, можна без ваганняў сведчыць: не было б ТАКОЙ Т.Шаметавец - многія спектаклі В.Елізар'ева былі б іншымі. З іншай расстаноўкай персанажаў і, адпаведна, іншай філасофскай канцэпцыяй. У свой час некаторыя крытыкі шкадавалі, што Таццяна крыху абдзелена цэнтральнымі партыямі ў елізар'еўскіх палотнах, бо ягоныя балетныя героі - гэта моцны, бы дрэва, мужчына, і празрыста-бесцялесная, бы ўвасабленне галінкі ці самой душы, жанчына. Можа, так яно і ёсць - у "Стварэнні свету", "Цілі Уленшпігелі". Але ж сёння, праз стос гадоў, відавочна: і "Карміна Бурана", і - асабліва - "Балеро" ствараліся не проста ў разліку на Таццяніны здольнасці, а менавіта для яе. Бо ейная Блудніца ў сярэднявечна-сучаснай "Карміне..." - гэта не ўвасабленне спакусы, а, хутчэй, гімн радасцям жыцця, якое ўспрымаецца не як "паступовы шлях да смерці", а як перамога над ёй. А ці не заклік да актыўных дзеянняў (замест "вольнага плавання" па цячэнні жыццёвай ракі) - яе Дзяўчына ў "Балеро"? Дыйроля Феі Карабос у елізар'еўскай рэдакцыі "Спячай прыгажуні" значна перапрацавана і пашырана (прытым, што сам спектакль - скарочаны).

Зноў-такі, ці не дзякуючы Таццяне? Гэтую партыю выконвалі, дарэчы, і мужчыны. Але толькі ў Т.Шаметавец гераіня ўспрымалася не састарэлай чараўніцай, а абуранай прыгажуняй, дзея ж набывала рысы не пародыі, не казкі, а... прытчы. Нечакана вымалёўваўся яшчэ адзін сюжэтна-філасофскі ход, не прадугледжаны ні Перо, ні Пеціпа, ні Чайкоўскім: Карабос - гэта "зваротны бок" юнай Аўроры, яе магчымая будучыня. І калі "злая" Фея Карабос прадракае прынцэсе раптоўную смерць - яна жадае ёй, на самой справе, ніколі не перажываць таго, што перажыла сама: крыўду ўсімі забытай старой, якая паранейшаму адчувае сябе моцнай жанчынай. Ці моцная сама Таццяна? Думаю, менавіта настолькі, каб ніколі не дэманстраваць гэта наўмысна, як выклік усяму свету. Звонку - сімвал вытанчанасці і безабароннасці, а ўнутры - нябачны стрыжань, які раз-пораз бліскае маланкай удумлівых вачэй. Дый сямейны саюз "Таццяна Шаметавец - Ігар Артамонаў" успрымаецца сімвалам гармоніі, дасканаласцю спалучэння мудрасці, тонкай інтэлігентнасці і творчай дзёрзкасці.

Што рабіць ніколі не позна?

 - Я ўдзячная ўсяму, што са мной адбылося. І асабліва - таму, што ў маім жыцці з'явіўся Ігар - цудоўны бацька (калі мы з ім з'ядналі нашы лёсы, майму сыну Віталіку было 3 гады, зараз - 18), муж, танцоўшчык [Таксама саліст нашага Вялікага тэатра. - Н.Б.], творчы дарадчык. Ва ўсіх гэтых іпастасях ён непадробны. Уяўляеце? Нават перавучваў мяне, як корпус трымаць, прычым ужо ў сталым узросце, калі, здавалася б, змяніць штосьці папросту немагчыма. Я стала лепей не толькі танцаваць - я ўвогуле сама зрабілася лепшай. І зразумела, што ўдасканальвацца ніколі не позна. А настаўнікамі могуць быць самыя розныя людзі, не абавязкова педагогі. Днямі ў наш тэатр прыязджала піцерская зорка Ульяна Лапаткіна, танцавала "Кармэн-сюіту" пад час Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета. Мне ўдалося паглядзець яе рэпетыцыю: гэта было нават цікавей, чым уласна спектакль. Тэмперамент і такт, глыбіня ў танцах і ў звычайных чалавечых зносінах, а позірк - бы з іншага часавага вымярэння. Асабліва мяне ўразіла, як далікатна і, разам з тым, дакладна яна тлумачыла Юрыю Башмету (ён жа не балетны дырыжор), што ёй як танцоўшчыцы патрэбна. І - пераканала маэстра! Без аніякіх "жаночых хітрыкаў". Гэтая сустрэча мяне дадаткова запэўніла: я на правільным шляху. Бо толькі цяпер, завяршыўшы танцавальную кар'еру, я, пэўна, дакладна ведаю, як трэба не толькі танцаваць, але і іграць. Галоўнае - як і колькі (гэта вельмі важна!), каб не пераігрываць, бо тут падсцерагае іншая крайнасць. Вось толькі - данесці б свае веды да іншых! Таму педагагічная дзейнасць - гэта і працяг твайго ўласнага жыцця ў вучнях, і вялікая адказнасць. Асабліва складана бывае на оперных пастаноўках. Там балетныя сцэны- быццам бы зусім не галоўныя. Але ж хочацца надаць ім вагу - эстэтычную, сэнсавую, у чымсьці нават "спеўную". А рабіць гэта даводзіцца не самой, а праз іншых - удвая цяжэй і адказней...

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"