Сёлета Уладзімір атрымаў падзяку райвыканкама “За плённую працу ў галіне культуры і значны асабісты ўклад у справу захавання традыцыйнай культуры”. Шанаванне цалкам заслужанае, бо работнік сапраўды выключны. Бібліятэка знаходзіцца ў памяшканні СДК, на час ягонага рамонту чытачоў прыняць не можа, але вяскоўцы “абяскніжанымі” сябе ніяк не адчуваюць: кожнага з 300 чытачоў абслугоўвае бібліятэкар на асабістым легкавіку. Кніжны фонд — больш за 7 тысяч экземпляраў — захоўваецца, у асноўным, у сельсавеце. Прыкладна тысяча выданняў заўжды “на руках”.
А чытацкую картатэку і 300 — 400 кніг Раманцоў трымае дома. За год у пэўных вяскоўцаў разоў па 20 паспявае пабываць, таму для большай мабільнасці і ператварыў хатнюю майстэрню ў філіял кнігасховішча…
Але гаворка — не толькі пра любоў да кнігі і чытача. Уладзімір Раманцоў — яшчэ і разбяр па дрэве адмысловы. А пачалося ўсё... з бяды: чатыры гады таму ў выніку надзвычайнага здарэння на чыгунцы бібліятэкар згубіў нагу. Пакутаваў страшэнна. Не столькі ад фізічнага болю і неабходнасці прызвычайвацца да пратэза, колькі ад перажыванняў маральнага кшталту: маўляў, стаў непаўнацэнным. Пагадзіцеся, такая выснова магла б многіх зацягнуць у працяглую дэпрэсію. І невядома, як бы ўсё скончылася, калі б Раманцоў не паехаў у Мінск, у Цэнтр рэабілітацыі, і не ўбачыў там таварышаў па няшчасці, якія, праходзячы лячэнне, падтрымлівалі ўласны дух творчасцю: займаліся разьбой па дрэве. Гэтым жа, не маючы, здавалася б, асаблівых талентаў, заняўся і Уладзімір. Атрымалася. Яшчэ адно маральнае выратаванне, яшчэ адзін доказ, што любы чалавек — творца...
Цяпер драўлянымі скульптурамі Раманцова аздоблены вуліцы не толькі Данілавічаў, але і навакольных вёсак. А разныя шкатулкі і мініяцюры высока ацэнены прызнанымі спецыялістамі. Так бібліятэкар стаў яшчэ і кіраўніком дзіцячага гуртка разьбы па дрэве.
— Майстрам сябе не лічу, за прафесійнымі мастакамі не ганюся, проста, раблю тое, што падабаецца, — тлумачыць творчую пазіцыю Уладзімір Раманцоў. — У выніку больш светлым раблю не толькі ўласнае жыццё, але, як падаецца, і жыццё землякоў-вяскоўцаў.
Напэўна, у гэтым і ёсць сутнасць захавання традыцыйнай культуры раёна, які спаконвек славіўся народным мастацтвам, што не дае ачарсцвець душы...
Марына і Уладзімір— дзве палавінкі аднаго цэлага. Разам выхоўваюць трох дзяцей, разам працуюць на культуру Веткаўшчыны. Хоць і не дзейнічае пакуль СДК, але тэатр эстрадных мініяцюр, вакальны ансамбль выступаюць на збожжатоку, жывёлагадоўчых фермах, у школе.
— А ў перспектыве мяркуем зрабіць прылеглую да СДК тэрыторыю маляўнічай зонай адпачынку, — паведамляе Марына. — Вулічныя скульптуры Валодзя ўжо зрабіў, а ўвесну ля старадаўняй копанкі з’явяцца і лаўкі, і клумбы.
Яўген РАГІН