Ці мае права дранік называцца нацыянальным прадуктам?

№ 21 (1564) 21.05.2022 - 27.05.2022 г

Як мы паведамлялі, на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навуковаметадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнайспадчыны пры Міністэрстве культуры, што адбылося 13 мая, была разгледжаная прапанова аб наданні статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці элементу “Стравы з таркаванай бульбы (бульбяныя бліны, бабкі, дранікі і іншыя) — традыцыі прыгатавання і спажывання”.

Ініцыятар намінацыі, доктар гістарычных навук, загадчык кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Тадэвуш Навагродскі выказаў меркаванне, што ўключэнне згаданага элемента ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей садзейнічае фарміраванню і развіццю ідэнтычнасці беларускага этнасу, і яго можна лічыць сапраўды знакавай падзеяй.

Даследчык адзначыў, што пра адметную ролю бульбы ў жыцці беларусаў сведчыць нават экзаэтнонім “бульбашы”, які з’явіўся ў дачыненні да беларусаў у нядаўнім мінулым. Часам яго ўспрымаюць як абразлівы, але, на думку дакладчыка, сам факт прыхільнасці беларусаў да страў, прыгатаваных з бульбы, не нясе ў сабе нічога крыўднага. Іншая справа, што для яго адэкватнага ўспрымання варта праводзіць работу па папулярызацыі адпаведных кулінарных пераваг і традыцый.

КА­РА­НІ ПЫ­ТАН­НЯ

Бульба з’явілася на тэрыторыі Беларусі адносна позна, і першыя згадкі пра яе ўжыванне на нашых тэрыторыях адносяцца да сярэдзіны XVIII стагоддзя, у часы панавання караля Рэчы Паспалітай Аўгуста ІІІ. Тады традыцыі спажывання толькі пачалі фарміравацца, і спачатку нашыя продкі нават не адразу ўсведамлялі, якую частку расліны можна есці, спрабавалі ўжываць у ежу ягады, якія ўзнікаюць на бульбе пасля квітнення, а іх кепскі смак і непрыдатнасць для харчавання выклікалі сярод сялян незадаволенасць і нават бунты.

Працэс прыняцця бульбы ішоў марудна, і нават у сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў структуры пасяўных плошчаў яна займала толькі 2,5%, але з другой паловы стагоддзя выкарыстанне яе ў ежу значна пашырылася. У гэты час даследчыкі, якія вывучалі сельскую гаспадарку Беларусі, адзначалі, што бульба зрабілася для мясцовых сялян своеасаблівым замяняльнікам жыта. Але гэтаму папярэднічала засвойванне бульбы і спосабаў яе спажывання сярод мясцовай шляхты. Рэцэпты існавалі самыя дзівосныя — як сведчаць архіўныя дакументы, бульбу часам фаршыравалі анчоўсамі і селядцом.

Зрэшты, сярод шырокіх мас сялянства больш прыжылося спажываць бульбу з салам і скваркамі. Святочна-абрадавага значэння стравы з бульбы не набылі, бо даволі позна з’явіліся на стале ў беларусаў, калі кулінарныя перавагі нашых продкаў ужо сфарміраваліся. Як паказваюць сведчанні, атрыманыя падчас этнаграфічных экспедыцый, нават у міжваенныя гады бульба лічылася не надта прэстыжным прадуктам. Відавочна, што спачатку беларусы гатавалі стравы з цэлай бульбы, і толькі потым перайшлі да здробленай, у тым ліку і таркаванай. Але важныя традыцыі не толькі прыгатавання, але і ўжывання, у тым ліку посуд, які выкарыстоўваецца, спосаб падачы на стол, нормы этыкету, якія пры гэтым выконваюцца.

ЖАР­СЦІ ВА­КОЛ ДРА­НІ­КА

Цікава, што наданне традыцыям гатавання і спажывання страў з таркаванай бульбы статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці выклікала ў сеціве бурлівую дыскусію як у колах адмыслоўцаў, так і сярод шараговых грамадзян. Са спрэчак з гэтай нагоды вынікае, што ў грамадстве пакуль яшчэ часам бракуе яснага ўсведамлення, што з сябе ўяўляе нематэрыяльная спадчына ды якія з’явы і на якіх падставах могуць прэтэндаваць на ўключэнне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Эксперт ад Беларусі ў Міжурадавым камітэце па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO Ала Сташкевіч падкрэслівае, што прадстаўленая намінацыя, якая ахоплівае ўсе рэгіёны Беларусі, адлюстроўвае менавіта каштоўнасныя характарыстыкі элемента спадчыны — тое, што называецца “прадметам аховы”: лакальныя асаблівасці рэцэптуры страў, традыцыі ўжывання, іх адлюстраванне ў фальклоры.

Для папулярызацыі традыцый гатавання і спажывання страў з таркаванай бульбы сёння ладзяцца дзясяткі гастранамічных фестываляў, свят і кірмашоў. Бульбяныя прысмакі і звязаныя з імі традыцыі даўно зрабіліся своеасаблівым нацыянальным брэндам, і застаецца спадзявацца, што рашэнне аб наданні ім статусу гісторыкакультурнай каштоўнасці будзе толькі спрыяць іх захаванню ды пашырэнню сярод беларусаў.