50-60 гады мінулага стагоддзя – самы росквіт народных маляванак. На Нясвіжчыне асабліва шчыраваў на той кветкавай ніве мастак-самавук Юзік Мысліцкі з вёскі Сейлавічы. Маляваў найперш для аднавяскоўцаў, сяброў, суседзяў. Бывала, часцей у зімовы час, завітваў і ў аддаленую вёску, пасяляўся там на колькі дзён у добрага гаспадара — і неўзабаве ад хаты да хаты расходзілася пагалоска: мастак прыйшоў! І неслі яму хто што меў — кардон ці фанеру, шкло ці саматканае палатно — ды рабілі замову на свой густ. Адзін прасіў намаляваць лебедзяў на азерцы, другі — дыванок з вяночкам кветак, трэці — тыгра з ільвом. І не шкадаваў сваіх колераў-фарбаў сейлаўскі мастак! Спрактыкаванай рукой выводзіў бэз і мак, ружы і рамонкі, васількі і астры. Шчодра напаўняў імі шкляныя сінія вазы і плеценыя кошыкі.
Букеты, у якіх сабраны кветкі рознай пары – вясновай, летняй, асенняй,— ці не самае распаўсюджанае ў яго творчай спадчыне. Быў яшчэ адзін улюбёны сюжэт – паўлін у шматколернай кветкавай засені.
Прафесійныя мастакі на завяршэнне работы пакідаюць у ніжнім куце палатна прывычны росчырк-аўтогаф. Вясковыя аўтары народных маляванак не мелі гэткай багемнай звычкі. Не было яе і ў Мысліцкага. Было іншае: амаль у кожнай кветкавай кампазіцыі ў ніжняй палове, пераважна злева — сіняя ружа — як аўтарскі знак, як пячатка, як выклік традыцыйнасці і будзёншчыне, як дзівосная мара! Часам сінюю ружу замяняла такога ж колеру півоня ці вяргіня.
Шмат хто з даследчыкаў народнай творчасці адзначае, што маляванкі рэлігійнага зместу — рэдкая з’ява для беларускага інсітнага мастацтва. Набожны чалавек, Юзік Мысліцкі нават у часы ваяўнічага атэізму не ўхіляўся ад святой тэмы, перамалёўваў абразы, дапаўняючы іх ружамі, лілеямі, рамонкамі. Для іконы “Дабравешчанне” Прасвятую Дзеву Марыю нібыта змаляваў з вясковай беларускай дзяўчыны, загарэлай на сонцы ад паўсядзённай працы ў полі. Добрую вестку яна сустракае ў далікатнай белай сукенцы. Паабапал яе — квітнеючыя кусты ружаў, што дадаюць урачыстасці біблейнаму моманту. А каля ног — вястуння — галубка, прытомленая з нябеснай дарогі, п’е ваду з жывой ручаіны.
Юзік Мысліцкі не карыстаўся трафарэтам, не паўтараў адзін у адзін, хоць і замаўлялі часта на паўтор, як у суседа. Не ператвараў творчасць ў рамесніцтва, не прапаноўваў сваіх нарыхтовак. Меў заўсёды жывы кантакт з гаспадарамі.
З ахвотай браўся маляваць на шкле – і хутчэй, і зручней: з’яўляўся патрэбны фон. Пераварочваў тое шкло: няхай падсыхае, а на другім баку тут жа наносіў асноўную выяву – беларускую Венецыю з лебедзямі, тыгра з ільвом пад пальмамі, козліка на маляўнічым лужку. Але гэта не быў традыцыйны для Беларусі роспіс на шкле. Мастак з нясвіжскіх Сейлавіч ці не адзіны ў сваім родзе народны майстар, што не карыстаўся пяром і тушшу, не абводзіў контуры, не зафарбоўваў іх пасля. Тым больш, не выкарыстоўваў для фона тканіну, паперу ці фольгу. Пісаў пэндзлем і алейнымі фарбамі па шкле так, як гэта рабіў на палатне, на фанеры ці кардоне.
Працяг тэмы – у газеце "Культура" №16 за 16 красавіка.
Наталля ПЛАКСА,
краязнавец, збіральніца нясвіжскіх маляванак.