Аўтар праекта Мікалай Козенка называе “Ветразь” малодшым братам фестывалю “Берагіня”, бо яны маюць агульныя прынцыпы — выяўленне, аднаўленне, перайманне і папулярызацыя народнай спадчыны свайго краю. Да прыкладу, абавязковую праграму для ўсіх узроставых катэгорый складаюць “Лявоніха” і полькі. Але на конкурснай пляцоўцы не пабачыць цалкам ідэнтычных танцаў: кожны паказвае адметны варыянт, які бытаваў у іх мясцовасці. Дарэчы, геаграфія конкурсу шырокая. Да мінскіх танцораў далучыліся выканаўцы з Асіповіцкага, Віцебскага, Шчучынскага, Слуцкага і іншых раёнаў.
Барысаўшчыну прадставіў заслужаны аматарскі мастацкі калектыў “Берагіня” Мётчанскага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Удзельнік гурта, дзевяцікласнік Аляксей Кавальчук сёлета выступаў толькі ў конкурсе салістаў, бо яго партнёрка крыху старэйшая, ужо скончыла школу і працягвае навучанне ў Гомелі. “Адналюб! З іншымі дзяўчынамі не хоча танчыць”, — усміхаецца кіраўніца калектыву Антаніна Абрамовіч. Цяпер хлопец адстойвае гонар гурта сам у імправізацыйных танцах “Жабка” і “Яблычка”, якія патрабуюць яшчэ большай трываласці і спрыту, чым парныя. Але задача не пужае юнака. Ён займаецца ў калектыве з першага класа і імкнецца не прапускаць штотыднёвыя рэпетыцыі.
Моладзь з харэаграфічнай адукацыяй да спаборніцтваў не дапускалі. Найперш, ставіць прафесіяналаў у паядынак з самадзейнымі танцорамі няправільна праз розніцу ў падрыхтоўцы. Да таго ж арганізатары засяродзіліся не на кананічных завучаных формах, а на перанятых натуральным чынам, “з нагі ў нагу”, ад жыхароў свайго краю. Кожны рэгіён мае ўласныя асаблівасці пластычнага самавыяўлення, і дзіўна было б глядзець, як пары з Гомельшчыны выконваюць пэўны танец у варыянце, уласцівым Гродзеншчыне.
Вядома, ацэньваюць эксперты не толькі тэхніку і адпаведнасць мясцовай традыцыі. Яны сочаць, ці стасуюцца знешні выгляд і паводзіны танцораў з народным этыкетам, які будуецца на прынцыпе не прыніжаць годнасць іншага чалавека. І недарма адносіны паміж моладдзю на вячорках былі рэгламентаваныя, бо дзяўчына магла палічыць абразай занадта вольныя дотыкі партнёра. Як казалі папярэднія пакаленні, спіна дзяўчыны не гармонік, каб на ім іграць. Што да знешнасці, то эксперты могуць зняць балы нават за кідкі макіяж ці незаплеценыя валасы, бо гэта таксама парушэнне народнага этыкету. Нарэшце, важную ролю адыгрываюць касцюмы. Удзельнікі мусілі выходзіць на пляцоўку ў традыцыйных святочных строях свайго рэгіёна — арыгіналах ці копіях з тыповым кроем, арнаментальным аздабленнем і каляровай гамай. І галоўнае — душэўны стан танцораў, таму што менавіта эмацыйны запал робіць рытмічныя рухі мастацтвам.
— Першы падобны конкурс я ўбачыў у сярэдзіне 1990-х гадоў. І тое што на спінах танцораў віселі нумары, спачатку напружвала. Гэта было нязвыкла для фальклорных імпрэз. Але потым стала зразумела, што фактар спаборніцтва надае высокі эмацыйны градус выкананню. Танец становіцца не проста наборам рухаў, а сродкам самавыяўлення. І гэта моцна прываблівае дзяцей, бо па сваёй псіхалогіі яны імкнуцца выглядаць лепшымі. Элемент спаборніцтва натуральны для народнай харэаграфіі, бо адной з мэт танцораў, асабліва індывідуальных, была самапрэзентацыя, — кажа старшыня рады экспертаў, кандыдат культуралогіі Вячаслаў Калацэй.
Конкурс “Ветразь” можна лічыць гатовым рашэннем адразу дзвюх праблем, якія турбуюць дзяржаву, педагогаў і бацькоў, — як выхаваць патрыёта і як выцягнуць дзяцей са свету відэагульняў і сацыяльных сетак. Формула простая. Ператварыць знаёмства са спадчынай у захапляльную місію.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ