Сёння мы распавядзем, як нарадзілася ідэя стварэння часовай экспазіцыі і што чакае яе наведвальнікаў у верасні 2022 года. Але спачатку нагадаем, навошта на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў міжваеннай Польшчы з’явіўся гэты сумнавядомы лагер.
21 сакавіка 1921 года ў Рызе паміж РСФСР і УССР з аднаго боку (прадстаўнікі БССР на пасяджэнне дапушчаны не былі) і Польшчай з другога быў падпісаны дагавор, які падзяліў тэрыторыю Беларусі на дзве часткі. Так Заходняя Беларусь на 18 гадоў апынулася пад польскай акупацыяй. Неўзабаве польскія ўлады перадузята залічылі беларусаў у катэгорыю “нацыянальных меншасцей”… Іх правы год ад года пагаршаліся, што ў рэшце рэшт прывяло да “вырашэння праблемы”.
“МЕСЦА ІЗАЛЯЦЫІ”
Гісторыя лагера ў Бярозе пачалася 17 чэрвеня 1934 года, калі прэзідэнт ІІ Рэчы Паспалітай Ігнацы Масціцкі выдаў распараджэнне “Аб ізаляцыі грамадска-небяспечных элементаў”. У выніку быў створаны канцэнтрацыйны лагер (афіцыйная назва “месца ізаляцыі”) у Бярозе-Картузскай. Планавалася, што такіх лагераў будзе некалькі, але з’явіўся толькі адзін. Апошнім штуршком да яго з’яўлення стала забойства 15 чэрвеня 1934 года дзеячамі ўкраінскага нацыянальнага руху міністра ўнутраных спраў Польшчы Браніслава Пярацкага і намесніка кіраўніка Беспартыйнага блока супрацоўніцтва з урадам Тадэвуша Галуўкі.
Прычынамі такога радыкальнага кроку стала палітыка польскага ўрада, які ўціскаў правы “нацыянальных меншасцей” Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі .
Дзіўна, але 6 ліпеня першымі вязнямі лагера сталі не ўкраінцы, а два маладыя польскія адвакаты і тры беларусы-камуністы з Наваградчыны. Лагер у Бярозе-Картузскай у першую чаргу быў прызначаны для “перавыхавання” прадстаўнікоў розных палітычных груповак — ад “крайне левых” да “крайне правых”. Але траплялі туды і крымінальныя элементы. Аб тым, якое ўражанне на іх, “стрэляных вераб’ёў”, зрабілі ўмовы ўтрымання ў лагеры, кажуць словы, якія захавала гісторыя: “Лепш год прасядзець у камеры, чым дзень у Бярозе”.
Нацыянальны склад вязняў не абмяжоўваўся толькі палякамі (43%) і беларусамі (6%). Значную частку вязняў складалі украінцы (17%), яўрэі (33%), немцы (1%). Хаця даследчыкі да гэтага часу спрачаюцца, колькі сярод “палякаў” было этнічных палякаў, а колькі беларусаў. Агульная лічба вязняў, якія прайшлі праз гэты канцэнтрацыйны лагер, вар’іруецца ад 3 да 10 тысяч чалавек. У перыяд з 1934 да 1939 года польскія ўлады вялі скрупулёзны ўлік вязняў, і на сённяшні момант вядомы імёны 3097 асоб, справы якіх захоўваюцца ў Брэсцкім абласным архіве. Але з пачаткам вайны арганізацыя ўліку была парушаная.
АД ЧАСОВАЙ ДА СТАЛАЙ ЭКСПАЗІЦЫІ
Каб даведацца пра акалічнасці стварэння часовай экспазіцыі, прысвечанай гісторыі канцлагера ў Бярозе-Картузскай, мы звярнуліся да дырэктара Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, спадарыні Таццяны Леванюк.
Аказалася, ідэя распавесці пра гісторыю лагера нарадзілася яшчэ ў 1963 годзе, калі ў Бярозе быў адкрыты гісторыка-рэвалюцыйны музей (сённяшні гісторыка-краязнаўчы). На ўрачыстым адкрыцці музея прысутнічалі і былыя вязні лагера, якія добра памяталі ўмовы ўтрымання ў гэтай установе. Менавіта з таго часу і пачалася няспынная работа супрацоўнікаў музея па даследаванні і папаўненні архіва асабістымі справамі вязняў. Дарэчы, у 1962 годзе на тэрыторыі былога лагера быў усталяваны памятны знак. Пазней у бярозаўскім музеі з’явілася экспазіцыя пра гісторыю лагера.
А ў 2021-м, абвешчаным Годам народнага адзінства, стала пытанне аб пашырэнні экспазіцыі. Так як у Чырвоных казармах, дзе ў 1934—1939 гадах існаваў канцлагер, нішто, акрамя памятнага знака, не нагадвала аб драматычных падзеях беларускай гісторыі, а наведвальнікі галерэі актыўна цікавіліся гэтым, было прынята рашэнне аб стварэнні часовай экспазіцыі.
Аўтарамі канцэпцыі сталі супрацоўнікі гісторыка-краязнаўчага музея — дырэктар Таццяна Леванюк, старшы навуковы супрацоўнік Галіна Краўчук і навуковы супрацоўнік Андрэй Кухарэвіч. Яны правялі навукова-даследчую работу на тэрыторыі канцэнтрацыйнага лагера. Сабраныя матэрыялы былі прадстаўлены ў экспазіцыі, якая размясцілася ў трох залах, дзе быў праведзены касметычны рамонт. Сёння часовая экспазіцыя складаецца з “камеры вязняў”, экспазіцыйнай залы (гісторыя лагера) і адзіночнай камеры (карцара), дзе рамонт не праводзіўся, каб захаваць аўтэнтычную атмасферу.
Але ўжо тады было прынята рашэнне аб стварэнні на базе Чырвоных казармаў сталай экспазіцыі. Вядомы сваімі працамі ў Брэсцкай крэпасці мастак-афарміцель Юрый Сухаў падрыхтаваў мастацка-архітэктурны праект. На сённяшні момант музей праводзіць працэдуру дзяржзакупкі, абрана падрадная арганізацыя, якая зоймецца стварэннем сталай экспазіцыі. Яе адкрыццё запланавана на 17 верасня 2022 года, на Дзень народнага адзінства.
ДАПАМОГА АД МУЗЕЙШЧЫКАЎ БЕЛАРУСІ
Часовая экспазіцыя і пастаянная, якая праз некалькі месяцаў запрацуе у Бярозе-Картузскай, — вынік супрацы трох беларускіх устаноў: Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага, Брэсцкага абласнога краязнаўчага і Нацыянальнага гістарычнага музеяў. У 2021 годзе для часовай экспазіцыі з іх фондаў былі перададзены некаторыя экспанаты, датычныя гісторыі Заходняй Беларусі ў складзе міжваеннай Польшчы. Напрыклад, транспаранты, карціны і дакументы тых часоў. Акрамя таго, вялікую дапамогу аказаў калектыў Нацыянальнага гістарычнага музея. Гэта і навукова-метадычная дапамога па афармленні часовай і будучай сталай экспазіцыі, афармленні навуковай дакументацыі. Летась нашы навуковыя супрацоўнікі сумесна з адной з устаноў стварылі праграму віртуальнай рэальнасці канцлагера “Бяроза-Картузская”. З дапамогай акуляраў віртуальнай рэальнасці можна перанесціся ў лагерную атмасферу 1930-х гадоў, агледзіць тэрыторыю, стоячы на вышцы для аховы, пабываць у карцары і ў пакоі для допытаў. На сённяшні момант часовая экспазіцыя працягвае сваю працу.