Міхась Станіслававіч Яўневіч — вядомы беларускі мовазнавец, доктар філалагічных навук, прафесар, заслужаны настаўнік Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Ён нарадзіўся 25 сакавіка 1922 года — роўна сто гадоў таму! — у вёсцы Кліны Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці. У 1940 годзе паступіў на літаратурны факультэт Магілёўскага настаўніцкага інстытута. Але вучобу перапыніла вайна.
Як успамінаў сам Міхась Станіслававіч пазней, “аб пачатку вайны мы, група студэнтаў, даведаліся ў той жа сумна-гістарычны дзень — 22 чэрвеня 1941 года, рыхтуючыся да экзамену на ўскрайку горада. Каля нас праходзіла незнаёмая жанчына і паведаміла гэту страшэнную вестку”.
У часы Вялікай Айчыннай вайны Міхась Станіслававіч быў сярод партызан, актыўна дапамагаў ім пры правядзенні партызанскіх аперацый. Так, яшчэ ў красавіку 1941 года ў Бялыніцкім раёне Магілёўскай вобласці з ваеннаслужачых, якія не выйшлі з варожага тылу, была арганізавана партызанская група на чале з М.І. Абрамавым. У маі 1942 года яна была пераўтворана ў 121-гі партызанскі атрад, які потым быў уключаны ў склад Клічаўскага аператыўнага цэнтра. Менавіта з 121-м партызанскім атрадам стаў супрацоўнічаць Міхась Станіслававіч.
Пра першую сустрэчу з партызанамі Міхась Яўневіч расказваў так:
“У жніўні 1942 года я ўпершыню ўбачыў партызан, якія прайшлі праз нашу вёску. Гэта былі партызаны 121-га партызанскага атрада. У гэтым жа годзе наладзіў сувязь з начальнікам асобага аддзела атрада Рославым Арсенам Іванавічам і камандзірам узвода Шараевым Уладзімірам”.
Міхась Станіслававіч стаў сувязным партызанскага атрада, таму даволі часта атрымліваў ад партызан даручэнні-заданні. Малады хлопец са сваімі абавязкамі спраўляўся выдатна, дапамагаў партызанам так, як толькі мог. Ён ніколі не выкрэсліваў з памяці бясконцыя выпрабаванні тых жахлівых дзён, калі штохвіліны экзаменаваўся на мужнасць.
Але нават гады ваеннага ліхалецця не закрылі перад юнаком мару пра далейшую вучобу. Пасля вызвалення Беларусі ён зноў стаў студэнтам настаўніцкага інстытута, які закончыў у 1945 годзе. Пазней была вучоба на стацыянары i завочнае навучанне на філалагічным факультэце Магілёўскага педінстытута. Пасля яго заканчэння ў 1947 годзе М.С. Яўневіч працаваў настаўнікам роднай мовы i літаратуры, дырэктарам Радчыцкай школы на Століншчыне, завучам i дырэктарам у школах Валожына i Барысава. Як знайсці падыход да няўрымслівай дзіцячай душы, як навучыць чалавечнасці, як правільна правесці ўрокі — з гэтымі пытаннямі настаўнікі пастаянна звярталіся да Міхася Станіслававіча. І ён заўсёды дапамагаў, раіў, падтрымліваў.
У 1952 годзе М.С. Яўневіч паступіў у аспірантуру пры кафедры беларускай мовы Мінскага педагагічнага інстытута і ў 1956 годзе паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў 1981 годзе — доктарскую. Яго лёс быў назаўсёды звязаны з педагагічным універсітэтам, дзе ён працаваў да выхаду на пенсію, да 2005 года (50 гадоў у адной установе!), займаючы пасады выкладчыка, дацэнта, прафесара, а ў 1982—1993 гадах — і загадчыка кафедры беларускага мовазнаўства.
Міхась Станіслававіч Яўневіч — слынны навуковец, які з’яўляецца аўтарам і суаўтарам больш за 50 навуковых прац па сінтаксісе беларускай мовы, праблемах сінтаксічнай сінанімікі. Сярод іх вылучаецца грунтоўная манаграфія “Сінтаксічная сінаніміка ў сучаснай беларускай літаратурнай мове: прыназоўнікава-склонавыя канструкцыі з прасторавым значэннем” (1977), дзе ўпершыню ў беларускім мовазнаўстве на багатым фактычным матэрыяле была даследавана сістэма сінанімічных сродкаў выражэння прасторавых адносін. Бясцэнны вопыт выкладчыка і грунтоўныя веды вучонага дапамаглі яму ў стварэнні шэрагу навучальных дапаможнікаў i падручнікаў для вышэйшай i сярэдняй школы. Але самае значнае з напісанага ім — падручнікі, па якіх вывучалі родную мову ўсе школьнікі Беларусі на працягу 30 гадоў. Так, М.С. Яўневіч у суаўтарстве з У.К. Андрэенкам напісаў тры школьныя падручнікі: “Беларуская мова” для 6-7 класаў школ з рускай мовай навучання (1963—1992), “Беларуская мова” для 6—7 класаў школ з беларускай мовай навучання (1971—1992), “Беларуская мова” для 8—9 класаў (1964—1993). Імі карысталіся вучні з 1963 года, іх агульны тыраж — каля 7 млн экзэмпляраў. У 1990 годзе аўтары гэтых падручнікаў былі адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі.
Шмат увагі аддаў прафесар М.С. Яўневіч і пытанням нацыянальнай культуры. Так, Міхась Станіслававіч як член Камісіі Вярхоўнага Савета БССР прымаў самы актыўны ўдзел у падрыхтоўцы Закона “Аб мовах у Беларускай ССР” і “Дзяржаўнай праграмы развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларускай ССР”. Да ўсяго ён уваходзіў у склад Дзяржаўнай камісіі па ўдасканаленні беларускага правапісу (1993), чые заўвагі і прапановы былі пазней улічаны пры ўдакладненні беларускага правапісу 2008 года. За вялікую грамадскую, навуковую, педагагічную дзейнасць у галіне беларускай навукі і культуры ў 1992 годзе Міхась Станіслававіч Яўневіч быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Міхась Станіслававіч не толькі вучоны, педагог, ён вельмі ганарыўся сваёй сям’ёй: жонкай, дзецьмі, унукамі. Добрай памочніцай і дарадчыцай была жонка — Надзея Іванаўна, якая на працягу 27 гадоў выкладала беларускую мову і літаратуру ў 23 школе горада Мінска.
Па шляху бацькі пайшла і дачка Міхася Станіслававіча — Алена Міхайлаўна Цясевіч. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага яна працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, потым перайшла на працу ў БДПУ імя Максіма Танка, паступіла ў аспірантуру і ў 1989 годзе паспяхова абараніла кандыдацкую дысертацыю, а пазней была абраная на пасаду дацэнта кафедры беларускага мовазнаўства. Алена Міхайлаўна паспяхова спалучала выкладчыцкую дзейнасць з навукова-метадычнай працай: яна суаўтар шматлікіх дапаможнікаў для школьнікаў і студэнтаў: “Сучасная беларуская літаратурная мова: Марфалогія” (1997), “Беларуская мова: дапаможнік для абітурыентаў” (1998), “Беларуская мова: тэорыя, тэсты” (2008) і іншыя. Разам з Міхасём Станіслававічам працавала над новай рэдакцыяй беларускага правапісу.
Педагагічны шлях абралі і дзве дачкі Алены Міхайлаўны, унучкі Міхася Яўневіча. Старэйшая, Вольга, вучылася ў Беларускім гуманітарным ліцэі і шмат увагі надавала вывучэнню беларускай мовы, гісторыі і культуры, удзельнічала ў Рэспубліканскай алімпіядзе школьнікаў па беларускай мове і атрымала на ёй Дыплом ІІІ ступені. У 1995 годзе яна працягнула вывучэнне роднай мовы разам з англійскай на філалагічным факультэце БДУ, а пасля яго паспяховага заканчэння ўжо 22 гады з’яўляецца выкладчыцай англійскай мовы на гістарычным факультэце гэтай установы. Малодшая ўнучка, Надзея, скончыла Мінскую педагагічную гімназію №3 і ў 2000 годзе паступіла на дэфекталагічны факультэт БДПУ імя М. Танка. Да 2016 года працавала ў Цэнтры карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі Фрунзенскага раёна настаўнікам-дэфектолагам.
Усе, хто ведаў Міхася Станіслававіча Яўневіча, запомнілі яго не толькі як добрага спецыяліста, але і як чалавека, які вызначаўся незвычайнай працавітасцю, сур’ёзным падыходам да любой справы, цярпеннем і ўважлівасцю, прынцыповасцю і патрабавальнасцю. Такім ён застаўся ў памяці родных, вучняў, студэнтаў і калег-выкладчыкаў.