Без вясковай, як у нас казалі, цямкасці, без, так бы мовіць, аўтэнтычнай павагі да бацькоў і святой веры ў сваю сялянскую годнасць горад не пабудаваць і ў ім не пражыць. Горад — усяго толькі сын вёскі, а сын павінен час ад часу вяртацца туды, дзе пад ганкам закапана яго пупавіна. Мо ўсе нашы беды ад таго, што вёска застаецца без нашай цеплыні? Хто з вас бачыў папараць-кветку? Вось пра тое і гаворка.
Між тым роля беларускай літаратуры тут — лёсавызначальная. Як падаецца, мала наладзіць у сельскай бібліятэцы кніжную выставу з нагоды юбілею Песняроў, мала прыгожа яе назваць. Спярша варта патлумачыць чытачу, кім былі гэтыя вясковыя хлопцы, кім сталі, у імя чаго жылі і памерлі. Я пісаў ужо, як на вясковай вуліцы выпадковы мінак не старога яшчэ веку чытаў нам на памяць "Новую зямлю". Якуб Колас меў сталічную прапіску, але жыў у кожнай нашай вёсачцы. Вы разумееце, пра што я.
ЗА НАШУ ЛІТАРАТУРУ
Так, гарадская проза не ўзнікла сама па сабе. Коды жыцця і смерці каласяцца не толькі на палетку беларускага ручніка. Яны зафіксаваны на генным узроўні нават у душы тых, хто ніколі не бачыў весніц. Я магу памыляцца, аднак выяўленне і настройка гэтых генаў — частка бібліятэчнага клопату. Няхай чытач пазнаёміцца з "Яўгенам Анегіным" у перакладзе Аркадзя Куляшова. Страва — для сапраўднага гурмана. Не лішнім будзе прачытаць перастварэнні Уладзіміра Скарынкіна — уладальніка прэміі Італіі і прэміі міжнароднага таварыства "Дантэ" за пераклад "Боскай камедыі". Калі пераклады цудоўныя, дык што казаць пра самі беларускія кнігі! Як па мне, дык асноўны бібліятэчны абавязак — пераканаць на асабістым прыкладзе, што без ведання твораў Яна Баршчэўскага, Міхася Зарэцкага, Уладзіміра Караткевіча, Леаніда Дайнекі, Леаніда Галубовіча (і многіх, многіх іншых) жыццё наша не будзе такім яркім і незабыўным.
“ДЗЯРЖАВА — ГЭТА МЫ”
Маладзёжны квэст пад такой назвай прайшоў у Лідскім палацы культуры. Капітаны каманд па маршрутнай карце выпраўляліся ў вандроўку па "станцыях". На кожнай іх чакалі пытанні, звязаныя з дзяржаўнасцю Беларусі. Адказы, як пераконваюць супрацоўнікі ўстановы культуры, былі вельмі артыстычныя.
Намеснік дырэктара Зэльвенскай раённай бібліятэкі Вольга Камякевіч напісала: "Установы раёна адзначылі Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У Елкаўскай сельскай бібліятэцы ладзілі інфармацыйную гадзіну. У Каралінскай інтэграванай аформілі выставу-зварот "Асноўны закон нашага жыцця". У Князеўскай СБ прайшоў урок грамадзянскасці. Работнікі Зэльвенскай бібліятэкі аформілі экспазіцыю "Год гістарычнай памяці".
Інтэграваная бібліятэка аграгарадка Дворышча Лідскага раёна падрыхтавала інфармацыйна-асветніцкую выставу "Мы — дзеці адной гісторыі". Пра гісторыю вёскі казала мясцовая пісьменніца Людміла Шот. Распавяла пра гэта бібліятэкар Людміла Марціновіч.
Тэму працягвае загадчык аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці Ваўкавыскай раённай бібліятэкі Алена Цярэшка: "У Воўпаўскай сельскай бібліятэцы для мясцовых старшакласнікаў праведзена патрыятычная гадзіна. Чытачы паўдзельнічалі ў віктарынах. Гістарычны відэаконкурс "Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь" ладзілі ў Шылавіцкай СБ. Калектыў Ваўкавыскай раённай бібліятэкі сустрэўся з загадчыкам натарыяльнай канторы раёна Ірынай Саўко".
Бераставіцкі раён сёння прадстаўлены Масалянскай інтэграванай сельскай бібліятэкай. Юных чытачоў тут здолелі зацікавіць актуальным дыялогам "Усе падлеткі павінны ведаць асноўны закон краіны".
РЭДКІЯ ВЫДАННІ
Бібліятэкар Тамара Менская прапанавала гасцям (а гэта былі вучні гімназіі і сярэдняй школы №1) выставу пра жыццё і творчасць Цёткі. "Чытачы пазнаёміліся з кніжнымі навінкамі, дзесяцікілаграмовым альбомам "Радзівілы", — распавядае загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі Ірына Гудач. — А іерэй Сергій Сямашка прадэманстраваў "Апостал" 1863 года выдання з фонду царквы Святога Архангела Міхаіла". Як па мне, дык менавіта такія нестандартныя мерапрыемствы прышчапляюць любоў да чытання і кнігі. Ведаю некалькі бібліяманаў, якія збіраюць кнігі з абдрукоўкамі і паліграфічнымі памылкамі. Выстава такіх выданняў таксама прываблівае ўвагу патэнцыйнага чытача. А яшчэ адзін сябрук усё жыццё складае калекцыю мініяцюрных выданняў. Па ягоных словах, кніжка-"малышка" вершаў Іосіфа Бродскага пабачыла свет у адным з мінскіх выданняў. Асабіста я валодаю мініяцюрным выданнем карацелек Янкі Брыля з аўтографам аўтара. Ганаруся гэтым неймаверна!
ФЕСТЫВАЛІ, ФЕСТЫВАЛІ
Мастацкі кіраўнік Палаца культуры Бабруйска Наталля Чугуева паведаміла, што ўладальнікам Гран-пры абласнога агляду-конкурсу калектываў мастацкай творчасці ветэранскіх калектываў стаў народны хор ветэранаў працы Палаца мастацтваў. Кіраўнік — Лізавета Андрэйкіна, хормайстар — аўтарка допісу, канцэртмайстар — Міхаіл Рамашко. Гэткай жа высокай узнагароды ўдастоіўся ўдзельнік хору Анатоль Нартымаў, які мае да ўсяго яшчэ і здольнасці мастацкага чытальніка.
"Вось ужо восьмы раз адкрыты фестываль выканаўцаў на струнных інструментах збірае таленавітых падлеткаў у сценах Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў, — распавядае загадчык струннага народнага аддзялення Дар'я Антановіч. — Называецца конкурс "Звініць струна". Сёлета ён пашырыў межы, уведзена новая намінацыя для выканаўцаў-салістаў. Завочна ўдзельнічалі ў мерапрыемстве больш за 90 навучэнцаў струнных аддзяленняў дзіцячых школ мастацтваў і музычных школ рэспублікі. Геаграфія фестывалю ахапіла тры вобласці і Мінск!"
ЕДНАСЦЬ ПАМКНЕННЯЎ
Са Слонімскага раённага цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў паведамляюць. Гаворка пра тое, як работнікі культуры раёна дапамагаюць выхавальнікам дзіцячых садкоў. Яны рэгулярна наладжваюць сюжэтна-гульнявыя праграмы для тых, хто ўмее адкрыта цешыцца, шчыра дзівіцца і весела танцаваць. Дзеці прызвычаіліся да такога сяброўства і чакаюць гасцей з нецярпеннем.
З "СЕРПАНЦІНАМ" НЕ ДА СУМУ
У аграгарадках Граўжышкі і Кальчуны, што на Ашмяншчыне¸ на гастролях пабываў народны тэатр гульні і забаў "Серпанцін" Ашмянскага раённага цэнтра культуры. Дзеці названых вёсак убачылі чарговы спектакль, дзе галоўным дзейнымі асобамі выступілі мульцяшныя героі. Прагнозы здзейсніліся — пастаноўка прайшла з аншлагам.
КАЙФ ЦІ LIFE
У Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшла гадзіна папярэджання "Кайф ці Life". Студэнты другога курса мясцовага каледжа ўдзельнічалі ў гутарцы пра шкоду наркотыкаў. Напісала пра гэта Дар'я Марцінкевіч, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу.
Аналагічнае мерапрыемства правялі работнікі культуры Ашмянскага раёна. Вельмі дарэчным аказаўся буктрэйлер па кнізе Яўгена Хвалея "Прынцэса з тусоўкі".
Беражыце сябе, шаноўныя! Пішыце пра цікавае і падпісвайцеся на "К".
Сустрэнемся праз тыдзень.