Падаецца, адна з першых публікацый, у якой згадваўся праблемны палац Валовічаў, у “К” выйшла яшчэ ў ліпені 2014 года (гл. “К” № 30 і 38). Менавіта тады нашы калегі пабывалі ў велатуры па ваколіцах “каралеўскага горада” Гродна і, вядома, не абмінулі адну з будучых турыстычных жамчужын рэгіёна. На той момант ніякіх бачных воку аднаўленчых прац яшчэ не распачалі. Але з расповедаў Тарэзы Геда, былога галоўнага ўрача санаторыя, які месціўся ў палацы да 2005 года, вынікала, што праца ішла. Над будучыняй палацавага комплексу (у яго, акрамя самога палаца, уваходзілі гаспадарчыя будынкі, родавая капліца-пахавальня, ставы і старадаўні парк) у цішы працоўных пакояў і архіўных сховішчаў разважалі архітэктары і гісторыкі. Не абыходзілася без гучных спрэчак. Даволі востра стаяла пытанне формы даху палаца. Частка рэстаўратараў, напрыклад Людміла Іванова, выступала за тое, каб пазбавіць палац мансарднага паверха, які нібыта не адпавядаў першапачатковаму выгляду. Іншая частка спецыялістаў не менш катэгарычна адстойвала гэты паверх. Іх канцэпцыя, на шчасце, перамагла. А зараз аб усім па чарзе.
ВАЛОВІЧЫ І СВЯЦК
Магнацкі род Валовічаў — адзін з найдаўнейшых у Беларусі. Свой радавод яны выводзілі ад Ходкі (Ходзькі, Фёдара), які жыў у Гарадзенскім павеце Вялікага Княства Літоўскага яшчэ ў першай палове XV стагоддзя. Сярод Валовічаў было нямала цікавых гістарычных персанажаў, але найбольш вядомым прадстаўніком роду з’яўляецца выдатны дзяржаўны дзеяч, канцлер ВКЛ Астафій Валовіч (1520—1587). Важнымі вехамі яго жыцця сталі праца над другой рэдакцыяй Статута ВКЛ (1566), у які ім быў пралабіраваны пункт аб забароне іншаземцам (у тым ліку палякам) набываць зямлю ў ВКЛ.
Што ж датычыцца гісторыі палаца ў Свяцку, то яна насычаная падзеямі не менш, чым жыццё вялікага канцлера ВКЛ. Лічыцца, што будаўніцтва распачалося каля 1779 года, калі Антоній Валовіч атрымаў землі Свяцка ад свайго бацькі Юзафа. Праект палаца быў створаны каралеўскім архітэктарам Джузэпэ Сака. Але дакументаў, якія б сведчылі аб гэтым, небагата. Каля 1780 года палац быў узведзены, але працы па аздабленні працягваліся яшчэ шмат гадоў. Вядома, што архітэктар назіраў за гэтым працэсам да сваёй смерці ў 1798 годзе. Гісторыкі лічаць, што найбольш верагоднымі аўтарамі фрэсак былі вядомыя ў тыя часы мастакі Антоній Смуглевіч і італьянец Тамбары.
Палац неаднаразова перабудоўвалі. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя паабапал яго паўсталі афіцыны, якія былі злучаны з цэнтральным будынкам каланадамі. Каля таго часу закладзены парк і ўзведзены каменныя гаспадарчыя пабудовы (на адной з іх бачна дата “1841 г.”, пакінутая будаўнікамі). Валовічы валодалі Свяцкам да канца ХІХ стагоддзя, а далей гаспадары пачалі мяняцца даволі часта.
У 1909 годзе там гаспадарыў мяшчанін Абрам Мерацкі, а за ім у Свяцку атабарыўся род Гумніцкіх з Польшчы. У 1928 годзе палац, які быў у вельмі незайздросным стане, стаў уласнасцю дзяржавы. Тады ж распачалася першая рэстаўрацыя.
ПРАЦЭС РЭСТАЎРАЦЫІ, РАСЦЯГНУТЫ НА СТАГОДДЗЕ
У перыяд з 1930 па 1933 гады спецыялістамі была праведзена каласальная работа па фіксацыі ўсіх фрэсак, ляпніны і іншага ўпрыгажэння палаца. Як сцвярджае гісторык Андрэй Вашкевіч, у справаздачах па аднаўленні гісторыка-культурнай спадчыны міжваеннай Польшчы справа палаца характарызавалася як “адна з найважнейшых рэстаўрацыйных работ”. Асноўная частка работ была завершана ў 1933 годзе, але некаторыя працы працягваліся да пачатку Другой сусветнай вайны.
У тым жа 1933 годзе ў Свяцку быў адкрыты мужчынскі санаторый-лячэбніца для хворых. Псіхааналіз, гідратэрапія, працатэрапія і іншыя самыя сучасныя на той момант сродкі — усё гэта знайшло сваё месца ў Свяцку. У савецкі час рэстаўрацыйныя працы праводзіліся ў 1960—1980-я гады. Але былі яны не надта маштабныя. У выніку шмат што з роспісаў інтэр’ераў палаца беззваротна страчана. Пасля 2005 года палац некалькі гадоў стаяў пусты, што моцна адбілася на ягоным стане. Сапсаваная сістэма вадасцёкаў прывяла да таго, што ў “сценах з’явіліся прамоіны, а самі сцены палаца знутры пакрыліся цвіллю”. І тады забілі ў набат гродзенскія гісторыкі. Праўда, вадасцёкі былі адноўлены толькі пасля таго, як у 2009 годзе палац быў перададзены санаторыю “Азёрны”. Прычым бязвыплатна, бо на аўкцыёнах ахвочых набыць родавае гняздо Валовічаў не знайшлося.
Цягам 2012-2013 гадоў былі праведзены працы па асушэнні і ачышчэнні сажалак. Што ж да самой гісторыка-культурнай каштоўнасці, то першыя суцяшальныя навіны з’явіліся ў 2013 годзе. Тады ў публікацыі Святланы Мурынай у газеце “Гродзенская праўда” быў падрабязна распісаны план вяртання палацавага комплексу да жыцця. У ім сярод іншага быў шакавальны для гісторыкаў пункт аб “вызваленні” палаца ад “мансарды”, якая нібыта была надбудовай савецкага часу. Акурат аб гэтым няўдалым рашэнні мы згадалі ў пачатку артыкула. Уласна кажучы, было аб чым спрачацца. Дастаткова было глянуць на формы дахаў падобных рэзідэнцый таго часу ды звярнуцца да іншых праектаў архітэктара Джузэпэ Сака. Спрэчка гісторыкаў і аматараў завяршылася перамогай першых.
Што ж паводле меркавання новых гаспадароў павінен быў уяўляць сабой палаца-паркавы комплекс “Свяцк” пасля рэстаўрацыі і прыстасавання?
У самім палацы, дзе раней была актавая зала, павінен быў размясціцца рэстаран. Галерэі, якія лучаць палац з афіцынамі (флігелямі), мусілі ператварыць у зімовы сад. У гаспадарчых пабудовах ХІХ стагоддзя планавалася адкрыць кавярню, стайню і кузню, у якой кожны ахвочы мог бы паназіраць за працай каваля. Валуны, закінутыя ў Свяцк ледавіком тысячы гадоў таму, думалі перамясціць у створаны на тэрыторыі комплексу музей камянёў. Вырашана было аднавіць яшчэ і “рыбны цэх”, стварыць поле для гульні ў крыкет і міні-гольф, пракласці веладарожку і сцежкі для пешаходаў.
Нягледзячы на амбітны, але цалкам рэалістычны план развіцця, да з’яўлення першых рэстаўрацыйных рыштаванняў прайшло нямала часу. Толькі напрыканцы 2016 года на тэрыторыі комплексу з’явіўся інфармацыйны стэнд, на якім пазначаны даты пачатку і завяршэння работ. Што і як было зроблена за пяць гадоў, мы раскажам у наступнай частцы.
Працяг будзе.