З ЧАГО ЎСЁ ПАЧЫНАЛАСЯ
Калектыў быў створаны на базе Горскага сельскага дома культуры ў лістападзе 1989 года. Я па адукацыі педагог, народную песню люблю з дзяцінства, таму і стала ініцыятарам стварэння і нязменным мастацкім кіраўніком ансамбля. У яго складзе — такія ж аматары фальклорнай спадчыны.
Усе спявачкі — звычайныя вясковыя жанчыны, якія добра валодаюць аўтэнтычнай манерай выканання. А актыўны рэпертуар ансамбля, які налічвае ўжо больш за паўтары сотні народных твораў, у асноўным складаецца з песень вёскі Горы і суседніх з ёй паселішчаў, што ўзмацняе каштоўнасць творчай дзейнасці ансамбля ў справе захавання і папулярызацыі традыцыйнай культуры Краснапольшчыны.
Аб’яднаўшыся ў ансамбль, жанчыны пачалі пераймаць “песні з сялянскіх хат”, вучыцца майстэрству выканання ад непасрэдных носьбітаў, асвойваць народную манеру спеваў. Гутаркі з майстрамі народных песень, вывучэнне іх асяроддзя, ладу жыцця вяскоўцаў, поглядаў, думак аб народнай песні, перайманне з жывога голасу дапамагалі ім засвойваць традыцыі мясцовага выканання, асаблівасці дыялекту, захаваць спецыфіку музычнай і песеннай фактуры.
НА ДВА ГАЛАСЫ
На сённяшні дзень спеўная манера калектыву “Горскія харашухі” характарызуецца натуральным, адкрытым, роўным гукам, моцным, яркім, гучным голасам, захаваннем выканальніцкай культуры.
Што характэрна для выканання песень гэтага памежнага рэгіёна? Часцей песні спяваюцца а капэла, адрозніваюцца імправізацыйнасцю. Многія з іх пачынаюцца на адзін голас, які потым падхопліваюць іншыя спевакі, сярод якіх абавязкова — галаснік. У большасці сваёй песні спяваюцца на два галасы.
Па змесце і характары выканання песні ў большасці тужлівыя, сумныя, часта заканчваюцца распевам “о-хо-хо”, маюць слова “ой”.
Вёска Горы знаходзіцца на мяжы паміж Краснапольскім раёнам Магілёўскай вобласці і Краснагорскім раёнам Бранскай вобласці. У творах гэтага руска-беларускага памежжа шырока прадстаўлены дыялектныя і запазычаныя словы, у словах ужываюцца памяншальна-ласкальныя суфіксы: -еньк-, -яньк-, -езн-. Тэксты насычаны састарэлымі і прастамоўнымі словамі, словы маюць шэраг фанетычных асаблівасцей.
Для гэтага рэгіёна характэрна працягласць гукавядзення, што робіць творы меладычнымі, пявучымі, плаўнымі і прыгожымі. Распеўнасць дасягаецца тым, што на адзін склад даводзіцца некалькі гукаў.
СЛУХАЦЬ ДЫ ДУМАЦЬ
“Горскія харашухі” захоўваюць і такую асаблівасць фальклорных твораў сваёй мясцовасці, як шырокая напеўнасць, меладычнасць, павольнасць, пачуццёвасць, якія прымушаюць слухача да роздуму. Што і казаць, многія з песень нараджаліся і спяваліся падчас выканання вялікай напружанай працы — у час жніва, калі браўся лён або пад гудзенне пралкі ці доўгімі вечарамі за кроснамі. Вось дзе жанчыны маглі выказаць свае пачуцці і думкі.
Такая асаблівасць ды яшчэ адкрытасць і палётнасць характэрная і для абрадавых песень, якія спяваліся на адкрытай прасторы. Голас павінен быў ляцець у паветры, дасягаць далечыні — гэта быў зварот да Бога, сонца, поля, жыта, вясны...
У жыцці заўсёды ёсць тыя, на каго раўняюцца. Гонарам ансамбля “Горскія харашухі”, сапраўднымі яго зоркамі доўгі час заставаліся старэйшыя яго ўдзельніцы — Ніна Мікалаеўна Раманенка, Вера Пятроўна Картузова, Лідзія Кузьмінічна Магілеўцава — сапраўдныя носьбіты аўтэнтычных твораў. На жаль, час бярэ сваё. Па стане здароўя спынілі творчую дзейнасць у складзе ансамбля Шатрукова, Раманенка, Магілеўцава, а Картузова пайшла з жыцця ў жніўні 2020 года, пакінуўшы пасля сябе цудоўную скарбонку фальклорнай аўтэнтычнай спадчыны.
МІЛЫЯ НЯПРАВІЛЬНАСЦІ
Вера Пятроўна Картузова, 1940 года нараджэння, заставалася ў ансамблі з першых дзён яго ўтварэння і да апошніх сваіх дзён і ўяўляла сабой прыклад выканальніцкага майстэрства, унікальнага і адказнага носьбіта фальклорнай песні. Яна мела цудоўны і непаўторны голас — чысты, палётны, з прыгожым тэмбрам, а ў песнях захоўвала мілыя сэрцу “нелітаратурнасці” мовы — мясцовыя дыялекты, састарэлыя словы. Менавіта дзякуючы Картузовай у рэпертуар ансамбля ўвайшлі ўнікальныя аўтэнтычныя творы, якія беражліва захоўваюць “Харашухі”.
У рэпертуары ансамбля шмат сапраўдных перлін песеннай фальклорнай спадчыны сваёй малой радзімы: “Ой, белая лябёдачка ваду замуціла”, “Удоль па вуліцы бяседа ідзе”, “Шэра вутачка”, “Каса мая русая”, “Жыцечка яравое”, “Ой, паходжана”, “А чом, салавейка, смуцён, невясёл”, “Як паехаў мой мілы ў дарогу”, “Узыйдзі, місячэнька, за камораю”, “Ой, паходжана, ой, паброджана”, “Адзін месіц сходзя”, “Ой, пара да двара”, “Ой, гаю мой, гаю” і іншыя.
Творчая дзейнасць калектыву выйшла за рамкі песеннага жанру, у творчых праграмах ансамбля — фальклорныя і абрадавыя праграмы, якія будуюцца на сабраным і засвоеным фальклорным матэрыяле сваёй мясцовасці. Пастаянна ладжу экспедыцыі, арганізоўваю працэс пераймання твораў, узнаўляю змест абрадаў. Натуральна, дзелімся досведам з усімі ахвотнымі. У рэпертуары ансамбля такія фальклорна-абрадавыя праграмы, як “Купалле”, “Юр’е”, “Талака”, “Зажынкі”, “Дажынкі”, “Пасхальнае валачобніцтва”, “Навіна”, “Шчодры”, інш.
НАШЫ МАРЫ
Аб чым марыць улюблёны ў родную матчыну песню калектыў “Горскія харашухі” і яго мастацкі кіраўнік сёння? Канешне, час няўмольна вядзе да таго, што вёска знікае, а разам з ёй і цэлы пласт народнай культуры. Мяняюцца густы, з’яўляюцца новыя сучасныя формы і плыні культурнага жыцця. Але, на думку “Горскіх харашух”, фальклор займае сваю сталую нішу, ён мае і будзе мець сваіх прыхільнікаў ва ўсе часы.
Заўсёды побач з “Горскімі харашухамі” — спадарожнікі маладога пакалення. Раней гэта быў дзіцячы фальклорны ансамбль “Крынічка”, а сёння спявачкі імкнуцца дзяліцца сваім вопытам і захаванай спадчынай з моладдзю Краснапольскага раённага цэнтра культуры — уцягваюць іх у абрадавыя дзеі і фальклорныя праграмы.
Галоўнай мэтай сваёй творчай дзейнасці калектыў лічыць захаванне, папулярызацыю і перадачу фальклорнай спадчыны ў ланцугу пакаленняў, таму з задавальненнем адгукваецца на прапановы даць майстар-класы, зрабіць адкрытыя паказы на раённых семінарах РЦК, выступіць з канцэртнымі і тэматычнымі праграмамі на Краснапольшчыне, на філарманічных пляцоўках…
НАШЫ ЗДАБЫТКІ
У 2021 годзе ансамбль прыняў удзел у абласным праекце “Скарбніца Падняпроўя” і рэспубліканскім семінары — стажыроўцы беларускіх дыяспар замежных краін. Актыўна выкарыстоўваў ён і магчымасці ўдзелу ў дыстанцыйных міжнародных конкурсах ва ўмовах пандэміі, прычым вынікова. У 2021 годзе “Горскія харашухі” сталі лаўрэатамі трох міжнародных конкурсаў і дыпламантамі 1 ступені рэспубліканскага конкурсу, абвешчанага НАН да Года народнага адзінства. А ўжо сёлета ансамбль зноў стаў лаўрэатам міжнароднага конкурсу і атрымаў Гран-пры міжнароднага фестывалю-конкурсу.
Адным словам, народны фальклорны ансамбль “Горскія харашухі” жыве клопатам пра тое, каб песні маці не забыліся і не згубіліся ў часе, каб іх змаглі пачуць і наступныя пакаленні, якія будуць жыць на гэтай зямлі, дзе вякамі жылі іх мудрыя і таленавітыя продкі.
Праз фальклорныя песні захоўваецца багацце народнай мовы, самабытнасць краю, гістарычная і культурная спадчына таленавітых продкаў. Фальклор — жывы летапіс пра далёкае гістарычнае мінулае.
Валянціна МАРЧАНКА, кіраўнік народнага фальклорнага ансамбля “Горскія харашухі”
Фота з архіва аўтара.