“У нас сёння вучацца 157 студэнтаў па спецыяльнасцях “дырыжыраванне”, “інструментальнае выканальніцтва” і “музыказнаўства”, — распавядае дырэктар Наталля Іванаўна. — У кожнай спецыяльнасці ёсць спецыялізацыя. Напрыклад, у інструментальным выканальніцтве — фартэпіяна, струнна-смычковыя інструменты, інструменты народнага аркестра і аркестравыя духавыя і ўдарныя інструменты. Дырыжыраванне ў нас падзяляецца на кіраванне акадэмічным ці народным хорам. А спецыяльнасць “музыказнаўства” самастойная, дзе навучэнцы атрымліваюць пашыраныя веды па музыцы.
Да нас прыходзяць пасля 9 класаў, як правіла скончыўшы школу мастацтваў альбо якія-небудзь гурткі па класе музычнага інструмента. У сваю чаргу мы вучым нашых выпускнікоў высокай прафесіі артыста, робім усё для таго, каб яны сталі добрымі кіраўнікамі творчых калектываў, настаўнікамі музычных школ. Мы стараемся забяспечваць такімі спецыялістамі культурныя ўстановы Віцебскай вобласці. Для нас гэтае пытанне важнае, каб таленавітыя дзеці з нашага рэгіёна паступалі ў наш каледж, а потым вярталіся на месцы на сваёй малой радзіме і падрыхтоўвалі нам абітурыентаў. Гэтым ствараецца пераемнасць і ўзаемны дабрабыт.
Вучацца ў нас чатыры гады. А пасля падрыхтоўкі мы арыентуем выпускнікоў да паступлення ў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі і БДУКМ. Прыкладна палова выпускнікоў каледжа ідуць туды. Ёсць і такія нашыя навучэнцы, якія працягваюць вучобу ў БДАМ, дзе аддаюць перавагу прафесіі гукарэжысёра, БДУ і нават у БДУФК. На першым курсе ў прыярытэце агульнаадукацыйныя дысцыпліны, пасля ўсё большы час надаецца спецыялізаваным прадметам. Як і ў іншых каледжах, тут ёсць спецыяльны для навучання інструмент і дадатковы. Адзначу, што спецыфіка адукацыі ў каледжы няпростая, тут навучэнцам трэба шмат займацца індывідуальна з выкладчыкамі, ад гэтага і навучанне ў каледжы каштуе даражэй. Але ў канчатковым выніку падрыхтоўваюцца высакакласныя музыканты.
Усе, хто мае патрэбу, у нас забяспечваюцца сучасным інтэрнатам з вельмі добрай матэрыяльна-тэхнічнай базай. У каледжы працуе цудоўны псіхолаг, які праводзіць мерапрыемствы па адаптацыі і прафарыентацыі навучэнцаў. Для першакурснікаў мы праводзім самыя розныя экскурсіі ў культурныя ўстановы. Таксама мы арандуем паслугі ФАЦ “Ізумрудны” каля каледжа, так што нашы навучэнцы могуць з карысцю для здароўя правесці час. Аднак у іх мала часу на забавы: шмат даводзіцца працаваць па выбраным спецыяльнасцям.
Паколькі Полаччына — калыска праваслаўя Беларусі, мы шмат супрацоўнічаем з Беларускай Праваслаўнай царквой. Цікава, што да нас прыходзяць вучыцца дочкі святароў, каб звязаць жыццё з музыкай і пасля стаць рэгентамі. Існуе праект “Духоўная прыгажосць”, па якім нашы хлопцы ездзяць у сацыяльныя прытулкі або запрашаюць іх насельнікаў у каледж, каб паказаць свае творчыя здольнасці. Акрамя гэтага ў нас ёсць унікальны ў рэспубліцы праект сумесна з Полацкім дзяржаўным універсітэтам, згодна з якім нашы навучэнцы разам з выкладчыкамі кожную сераду выступаюць у ПДУ, калі студэнты адпачываюць ад вучобы”.
Наталля Молісава сцвярджае, што гонар Наваполацкага музычнага каледжа яго супрацоўнікі. Тут працуюць кампазітары Віктар Малых і Леанід Маліноўскі, творы якіх іграюць аркестры рэспублікі і блізкага замежжа. З імі навучэнцы факультатыўна пішуць музыку. А гэта рэдкі досвед. У каледжы — дзевяць творчых калектываў, сярод якіх аркестр баянаў і акардэонаў са званнем народнага пад кіраўніцтвам Аляксандра Кандрацюка. Ён мае разнапланавы рэпертуар, які ўключае класіку, арыгінальныя фальклорныя партытуры, сучасную музыку. Адмысловая ўвага надаецца творам беларускіх аўтараў, фантазіям на народныя тэмы, якія нярэдка ўключаюць элементы тэатралізацыі. У каледжы вельмі яркі акадэмічны жаночы хор “Мірум”. Кіруе ім Святлана Трушына. Сёння тут 32 дзяўчыны, і кожны год на месца выпускніц набіраюць новых спявачак. Святлана Васільеўна — сапраўдны педагог, які любіць сваю справу. У хоры “Мірум” рэпертуар разнастайны, тут спяваюць ад сучаснай і лёгкай да сур’ёзнай музыкі. У 2020 годзе ансамблі “Рэчанька” і “Лаўрыта” сталі стыпендыятамі Прэзідэнцкага фонду. Распавядаць аб заслугах і дасягненнях калектываў каледжа можна шмат.
Хоць у наступным годзе каледжу споўніцца 55 год, але Наталля Молісава ва ўстанове ўсяго трэці дырэктар. Для Наталлі Іванаўны важна трымаць каледж у належным парадку, супрацоўнічаць з дзяржаўнымі службамі і апраўдваць традыцыі сваёй установы. Яе сакрэт — ствараць камфортную працу з калектывам выкладчыкаў. Нядаўна, у тым ліку дзякуючы заслугам дырэктара, каледжу перадалі тры мультыборды ад міністэрства адукацыі, якія нашмат дапамаглі палепшыць адукацыйны працэс.
Яшчэ адзін чалавек, якім ганарыцца Наваполацкі музычны каледж, — Міхаіл Івашкін, знакаміты настаўнік баяніста-віртуоза, лаўрэата разнастайных сусветных конкурсаў Уладзіслава Плігаўкі. Я не мог не спытаць, ці памятае Міхась Іванавіч Уладзіслава:
“Помню і вельмі рады за ўсе яго заслугі, атрыманыя вялікай працай, — кажа настаўнік. — Першыя крокі ў музыцы ён пачаў рабіць у пяць з паловай гадоў з маёй дапамогай. Яго бацька папрасіў пазаймацца з ім, бо ўбачыў, што іншыя дзеці ў малым узросце таксама ўмеюць добра граць. Я да яго працаваў толькі з падлеткамі, але ў той жа час у мяне была цікаўнасць паспрабаваць. Было бачанне, як вучыць малога граць. Я раздабыў яму маленькі баян, даваў спачатку вучыць невялічкія п’есы, каб развівалася памяць, і маторыка пальцаў, вучыў з ім ноты. У выніку Уладзіслаў цяпер — сусветнае імя ва ўсіх краінах, дзе шануюць музыку. Пагаварыце лепш з ім самі.
Ая сам не з музычнай сям’і. Стаў служыць гэтаму мастацтву выпадкова. На маёй радзіме ў Віцебску ў нас у пад’ездзе быў умелы гітарыст, па прафесіі пячнік, які пад настрой выходзіў граць на лавачцы. Мне вельмі спадабаліся яго навыкі, і я папрасіў бацьку купіць мне балалайку. Хутка разабраўся, што гэтая прылада не падыходзіць маёй натуры, і я папрасіў купіць мандаліну, дзе трэба было граць ужо медыятарам. Тады мне было 14 год. Неўзабаве мае сябры захацелі паступіць у Віцебскую музычную вучэльню, а мне стала крыўдна, што яны сыходзяць у новае жыццё, а я застаюся. Таму я таксама пайшоў туды. Але на мандаліне там не спецыялізаваліся, ды да таго ж я не ведаў нот. Тым не менш я спадабаўся прыёмнай камісіі, бо ў мяне было пачуццё рытму і слых, і да таго ж добрыя адзнакі ў школе. У выніку мне параілі паступіць на аддзяленне баяна. Я падаў дакументы і пазней убачыў сябе ў спісах на паступленне, чаму быў вельмі рады”.
Міхаіл Іванавіч — асаблівы чалавек для краіны, ён падрыхтаваў вялікую колькасць майстроў музыкі. Выкладчыкі Наваполацкага музычнага каледжа расказваюць, што ў краіне няма ніводнага падобнага выкладчыка яго ўзроўню. За сваю працу настаўнік быў узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”, але не менш шануе добрае стаўленне калег і павагу вучняў.
Здаецца, не ў кожным рэгіёне можна знайсці такую ўстанову адукацыі, дзе працуюць столькі заслужаных дзеячаў культуры, як на Наваполаччыне. Наваполацкі дзяржаўны музычны каледж па-сапраўднаму зможа зрабіць з дзіцяці прафесіянала сваёй справы. “Культура” будзе расказваць сваім чытачам і пра іншыя навучальныя ўстановы ў сферы культуры.