Чачэрскі раённы цэнтр рамёстваў, фальклору і этнаграфіі — гэта пяць майстроў народна-мастацкіх рамёстваў і кіраўнік Цэнтра Юлія Фенік. Больш дакладна, гэта пяць майстрых — усе жанчыны: яны і вышыўкай займаюцца, і саломкай, і лозапляценнем, і выцінанкай, і ткацтвам… Але цяпер адметнасцю Цэнтра стане, канешне, Музей беларускай лялькі, які з’явіўся менавіта па ініцыятыве саміх супрацоўніц. Зразумела, гэта не музей у звыклым разуменні, не нейкая асобная ўстанова — гэта вялікі музейны пакой, стылізаваны пад беларускую хату: у ёй і традыцыйная печка, і кут з іконай. А яшчэ многа-многа лялек, што стаяць на паліцах, і многа вялікіх манекенаў у беларускіх нацыянальных строях, створаных па ўсіх гістарычных канонах: на ўваходзе ў музей гасцей сустракаюць хлопец і дзяўчына ў чачэрскім убранні. Менавіта з чачэрскага традыцыйнага касцюма і пачалася гісторыя стварэння музея.
У звыклай этнаграфічнай класіфікацыі чачэрскі касцюм лічыцца падвідам краснапольскага строю, які адметны вялікай разнастайнасцю і форм адзення, і кампазіцыйных варыянтаў, і арнаментаў, і іншых дэталяў: што вышыўкі, што ткацтва, што аплікацыі ці карункапляцення. Да таго ж для розных людзей і на розныя выпадкі жыцця былі і розныя прадметы. У Чачэрскім гісторыка-этнаграфічным музеі ў фондах захоўваюцца ўзоры традыцыйнага мясцовага адзення канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, але іх не многія могуць пабачыць. І летась у Чачэрску вырашылі, што неабходна стварыць поўныя строі ў мясцовых традыцыях: і для прэзентацыі сваіх мясцін, і для таго, каб у шырокай публікі, найперш у дзяцей, якія часта наведваюць Цэнтр рамёстваў, была добрая магчымасць з імі пазнаёміцца і лепей ведаць гісторыю продкаў.
Майстрыхі ўзяліся за справу — зразумела, пасля кансультацыі з гісторыка-этнаграфічным музеем. І стварылі не адзін касцюм, а некалькі — і жаночых, і мужчынскіх. Штосьці выткалі і пашылі самі, нейкія элементы ім падарылі жыхары горада і вёсак — з таго, што захоўвалі з вельмі даўніх часоў. Так што чачэрскія строі часткова атрымаліся нават аўтэнтычнымі, а не наноў зробленымі. А былі яны і святочныя, і на кожны дзень. Зразумела, база — гэта белы лён і чырвоныя ніткі, але здараліся самыя розныя варыяцыі колераў. Святочныя касцюмы — з багатымі арнаментамі, з вышыўкай, з дэкаратыўным каўнерчыкам. Юныя дзяўчаты насілі абадок ці вянок, замужнія жанчыны — наміткі і хусткі. У чачэрскай традыцыі — камізэлькі са складачкамі ў выглядзе кліноў, якіх магло быць да васьмі штук, — гэта дадавала касцюму выкшталцонасці. У мужчынскай вопратцы, асабліва ў верхняй, выкарыстоўваліся аплікацыі з фабрычных тканін — чырвоных, сініх. І жаночыя спадніцы маглі быць не абавязкова аднатоннымі, а нават і ў клетку. Спадніцы завязваліся спераду, а зверху апранаўся фартух. Увогуле шмат прадметаў адзення ёсць у чачэрскім строі — нешта, паўтаруся, агульнае з краснапольскай традыцыяй, нешта — адметна мясцовае.
Калі задача са стварэннем чачэрскіх народных касцюмаў была паспяхова вырашана, Цэнтр рамёстваў захапіўся ідэяй стварыць увогуле ўсе магчымыя беларускія строі. Як расказвае дырэктар Юлія Фенік, яны звярнуліся да славутых выданняў этнографа і мастацтвазнаўцы Міхася Раманюка, прысвечаных беларускаму нацыянальнаму касцюму. Міхась Раманюк, дарэчы, таксама быў з Гомельшчыны, і адна з яго кніг называецца “Народны касцюм Чачэрска і ваколіц” — думаецца, у Цэнтры рамёстваў гэтае выданне ацэняць.
Да моманту адкрыцця музея лялькі на праваслаўнае Раство майстры Цэнтра пашылі 20 строяў з розных мясцін Беларусі і апранулі іх на лялек — вялікіх і маленькіх. Увогуле, даследчыкі вызначаюць на тэрыторыі Беларусі каля 30 разнавіднасцей народнага строю, кожная з якіх даволі жорстка прывязаная да пэўнай мясцовасці. І, зразумела, адзенне з Палесся адрозніваецца ад адзення, напрыклад, з Віцебшчыны. Таму чачэрскія майстры, паставіўшы перад сабой задачу стварыць усе-ўсе строі, нават і не паўтараліся. Гатовыя ўжо пінска-івацэвіцкі, кобрынскі, пухавіцкі, лепельскі, буда-кашалёўскі і г. д. Натуральна, што для ўсяго гэтага багацця патрэбна было месца, патрэбна была асобная экспазіцыя. Так і з’явілася ідэя ўтульнай беларускай хаткі, у якой можна ўбачыць традыцыі нашай краіны. Паўтаруся, працэс яшчэ ідзе, і неўзабаве ўсе магчымыя касцюмы можна будзе ўбачыць у адным месцы — у Музеі беларускай лялькі ў Чачэрскім цэнтры рамёстваў.
Але ж у экспазіцыі не толькі касцюмы на ляльках і на манекенах. Экспанатаў больш за сотню, і большасць з іх — гэта менавіта лялькі. А ў беларускай традыцыі яны былі самыя разнастайныя: і проста для дзіцячых забаў, але ў асноўным з функцыяй абярэга. У Цэнтры даўно працуюць гурткі для дзяцей па вырабу лялек — дзецям, зразумела, лялькі падабаюцца. Але і для дарослых гэта вельмі ўдалы сувенір — менавіта лялек ахвотна купляюць: а не трэба забывацца пра планы платных паслуг, якія Цэнтр павінны выконваць. Усё сышлося, так і паўстаў музей. Музейныя экспанаты набыць, канешне, нельга, але можна заказаць аналагі, і майстрыхі зробяць. Можна набыць іншыя цікавыя лялькі — можа, не толькі з беларускай традыцыі, можа, і зусім не з традыцыі, але з абяцаным выкананнем функцыі аховы і абярэга — і ад злога духа, і для мужчынскай сілы, і для сямейнага ладу… Людзям падабаецца — яны купляюць. Здараецца, што замаўляюць і народныя строі: калі з Чачэрску якая дэлегацыя едзе за мяжу, то лялька ў мясцовым строі — выдатны сувенір. А калі хто прыедзе ў Чачэрск, то цяпер там ёсць яшчэ адно месца, куды не сорамна прывесці гасцей. У Цэнтры рамёстваў рыхтуюцца да таго, што паток наведнікаў значна вырасце — музей не проста змястоўны, але і вельмі прыгожы. І гэта вы можаце самі пабачыць на фотаздымках.
Фота прадастаўлены Чачэрскім раённым цэнтрам рамёстваў, фальклору і этнаграфіі.