СТАРОНКА ГІСТОРЫІ
У № 12 нашай газеты за 2007 год выйшаў артыкул Святланы Ішчанка “Жыліцкі палац як рухавік перамен”, у якім была надрукавана кароткая гісторыя Жыліцкага палаца. Ёсць матэрыялы пра Жылічы і ў №№ 18 (2009), 40 (2015), 3 і 6 (2021) “К”. Першыя згадкі маёнтка Добасна (а менавіта пад такой назвай яго трэба шукаць у шматтомніку па маёнтках былой Рэчы Паспалітай даследчыка Рамана Афтаназы) сягаюць у часы вялікага князя Вітаўта. Князь гэты за невядомыя заслугі перадаў Добасну ў рукі друцкага князя Дзмітрыя Сякіры. У далейшым маёнтак патрапіў да князёў Трабскіх, якія былі ў сваяцтве з князямі Гальшанскімі (нагадаем, што замак у Гальшанах таксама аднаўляецца). Ад Трабскіх у спадчыну маёнтак перайшоў да вялікага канцлера ВКЛ Альбрыхта Гаштольда. Важнае дасягненне гэтага дзеяча беларускага Сярэднявечча — падрыхтоўка Першага Статута ВКЛ, які выйшаў у 1529 годзе. Адным з важных параграфаў Статута стала забарона не ўраджэнцам ВКЛ набываць зямлю і займаць дзяржаўныя пасады. За Гаштольдамі ў Добасне загаспадарылі князі Хадкевічы.
Лічыцца, што абарончы замак быў пабудаваны вялікім гетманам Янам Каралем Хадкевічам, славутым пераможцам шведаў, туркаў і іншых ворагаў ВКЛ. Пазней, у пачатку ХІХ стагоддзя, на яго месцы Булгакамі быў узведзены палац. Ад самога замка на той момант заставаліся толькі земляныя валы, якія бачныя на малюнках Напалеона Орды. Дарэчы, яшчэ адным гістарычным мастком у іншы рэгіён будзе згадка другога замка Яна Хадкевіча, на Баранавіччыне, блізу вёскі Новая Мыш. Ад яго таксама засталіся магутныя земляныя валы. Ад Хадкевічаў маёнтак, дзякуючы шлюбным сувязям, перайшоў да князёў Сапегаў. А вось ужо ад іх у 1815 годзе Добасна, Жылічы і ваколіцы пераходзяць да Ігната і Вінцэнта Булгакаў. Князямі яны не былі, але мелі такое ж даўняе паходжанне, як і папярэднія ўладальнікі. Па ўсей верагоднасці, Булгакі мелі татарскі пачатак роду. Але яшчэ ў XV—XVI стагоддзях цалкам “акліматызаваліся”, распаўсюдзіліся па ўсёй тэрыторыі сённяшняй Беларусі і парадніліся з вялікай колькасцю мясцовых родаў. Прыкладам, Стаброўскімі, з якіх выйшлі вядомы мастак Казімір Стаброўскі і ягоны стрыечны брат Юзаф, стваральнік слонімскага краязнаўчага музея. Піянер беларускай фатаграфіі Ян Булгак таксама прадстаўнік гэтага роду, наваградскай галіны. Дадам, што род стагоддзе за стагоддзем стабільна выдаваў са сваіх шэрагаў мясцовых ураднікаў рознага калібру — войскіх, стольнікаў, лоўчых, чашнікаў, абозных, гродскіх пісараў і гэтак далей. А яшчэ і дэпутатаў на трыбунал. Дарэчы, апошні ўніяцкі мітрапаліт, Іасафат Булгак, які памёр у 1838 годзе, з гэтага ж роду. Так што ў музейнай экспазіцыі палаца Булгакаў будзе што распавесці.
КАРАЛЕЎСКІЯ АМБІЦЫІ ПАВЯТОВАГА МАРШАЛКА
Вакол Добасны ў ХІХ стагоддзі было нямала маёнткаў беларускай шляхты. Ольса належала Забелам, Старая Беліца — Перасвет-Солтанам, Малевічы —Жукоўскім, Турск — Сенажацкім. Але ніводная сядзіба ці палацык у гэтых маёнтках, нават вядомы сваім хараством палац Козелаў-Паклеўскіх у Красным Берагу, не мог параўнацца памерамі з амбіцыйным праектам Булгакаў. Яны пабудавалі ў Добасне (далей Жылічах) сапраўдную каралеўскую рэзідэнцыю. Ніякі часовы статус павятовага маршалка не змог бы скіраваць думку шляхціча на такі каласальны высілак. Было нешта іншае. Тут узгадваецца дзед нашага славутага кампазітара Станіслава Манюшкі, таксама Станіслаў. Прыйшоў ён з Падляшша ў ВКЛ “з адной торбай”, а памёр у 1807 годзе мільянерам. Дарэчы, уласнікі Жылічаў парадніліся і з Манюшкамі. І вось Ігнат-Казімір Булгак, пляменнік згаданых вышэй Ігната і Вінцэнта, распачынае ў 1823 годзе будоўлю сваёй рэзідэнцыі. Яна ад таго часу не раз перабудоўвалася і дабудоўвалася, пакуль не набыла сённяшні выгляд.
Жанаты Ігнат быў двойчы. Першай яго жонкай стала Ізабэла Слізень, а другой — яе сястра Тарэза. Захаваліся партрэты Ігната і Тарэзы, якія стварыў вядомы мастак Ян Дамель і якія калісьці захоўваліся ў Жылічах.
Згодна з апісаннем палаца, месца, дзе ён знаходзіўся, было надзвычай цікавае. Можна сказаць, культурны цэнтр Бабруйшчыны. У ім мелася каштоўная бібліятэка на 7000 тамоў, сярод якіх было першае выданне “Хронікі Мацея Стрыйкоўскага”, дзённікі соймаў і іншае. Мелася нумізматычная калекцыя і партрэтная галерэя. Захоўвалася 18 слуцкіх паясоў фабрыкі Маджарскіх (сваякі Манюшкаў і, такім чынам, Булгакаў). Ва ўсіх залах была цудоўная акустыка. Але… на пачатку ХХ стагоддзя ўсё змянілася навек.
НАЦЫЯНАЛІЗАЦЫЯ І АДУКАЦЫЯ. ПАЛОН І ВЫЗВАЛЕННЕ. ПАЧАТКІ РЭСТАЎРАЦЫІ
Гістарычныя лёсы сядзіб і палацаў усходняй часткі Беларусі вельмі падобныя (гл. “К” № 24, 2021). Пасля 1917 года ўсе яны, якія ацалелі, былі нацыяналізаваныя. У колішніх шляхецкіх гнёздах адкрываліся дзяржаўныя ўстановы — школы, амбулаторыі, калгасныя ўправы. У палацы Булгакаў спярша быў адкрыты дзіцячы дом, а ў 1930-1941-х дзейнічаў сельскагаспадарчы тэхнікум. У часы нямецкай акупацыі там знаходзіўся шпіталь. А пасля вызвалення — ізноў установы адукацыі: школа, тэхнікум, а потым — каледж. Менавіта дзякуючы гэтаму палац і дачакаўся рэстаўрацыі. Дарэчы, статус гісторыка-культурнай каштоўнасці яму быў нададзены яшчэ ў 1951 годзе. У 1956-м спецыялістамі Бабруйскай майстэрні інстытута “Белдзяржпраект” быў распрацаваны праект аднаўлення і рэканструкцыі. У 1961 годзе ствараецца новы праект, але працы не пачаліся і тады. Толькі ў 1972-1975 гадах дайшло да частковай рэстаўрацыі, на якую было выдаткавана 1 250 000 рублёў. Але ў 1980 годзе тэхнікум пераехаў у іншы будынак і палац застаўся сам-насам з рэальнай пагрозай. Яго стан пачаў імкліва пагаршацца. У 1990-1992 гадах прыйшлося праводзіць супрацьаварыйныя работы па захаванні ўнікальнай ляпной столі. А ў 2001-2003-х ужо прыйшлося рамантаваць дах палаца. І вось гэты час, па-
даецца, і стаў тым самым Рубіконам, які канчаткова вырашыў лёс палаца.
У 2005-2006 гадах міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь выдаткавала першыя сродкі на правядзенне інжынерна-тэхнічнага абследавання палаца. У наступным годзе сума выдаткаваных грошаў склала 400 мільёнаў недамінаваных рублёў. У 2008 годзе была падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя на правядзенне першай чаргі рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ (плюс 470 мільёнаў). Заказчыкам прац стала ўнітарнае прадпрыемства “Цэнтр рэстаўрацыі” Магілёўскага аблвыканкама. У 2009 годзе сума выдаткаў склала каля 2 мільярдаў рублёў. У тыя часы быў спадзеў, што ўсе працы ўдасца завершыць у 2015 годзе. Але…
ПАДСУМАВАННЕ ВЫНІКАЎ НА 2022 ГОД
Увесь праект рэканструкцыі з рэстаўрацыяй і прыстасаваннем палаца Булгакаў у Жылічах першапачаткова быў разбіты на пяць пускавых чэргаў. Першы з іх — аднаўленне корпуса “Школа мастацтваў”. Згодна з праектам, там адбылася поўная замена сталяркі, узмацненне падмурка, рэстаўрацыя фасаднага аздаблення, замена інжынерных сетак, уладкаванне маналітных перакрыццяў і шатровага даху з ацынкаванай сталі. Затым надышла чарга паўднёвага, галоўнага і паўночных карпусоў (гасцёўня, музей, карцінная галерэя, бібліятэка). Апошняя чарга прадугледжвае работы па аднаўленні парка і воднай сістэмы.
Каб даведацца пра тое, якім быў вынік сезона 2021 года і якія планы ў рэстаўратараў на 2022-гі, мы паразмаўлялі з Уладзіславам Кулакевічам, дырэктарам Жыліцкага гістарычнага комплексу-музея.
“За 2021 год у большай частцы пакояў палаца была праведзена рэстаўрацыя, залачэнне і афарбоўка ляпнога дэкору столі, а на падлогу ўкладзены паркет, — паведаміў нам ён. — Былі адрэстаўраваны парадныя сходы і вінтавыя лесвіцы. На 2022 год запланавана завершыць рэстаўрацыю ляпніны, укладку і шліфоўку паркетнай падлогі. Таксама ў планах набыць мэблю і неабходнае абсталяванне для залаў палаца. То-бок сёлета будзе завершана трэцяя пускавая чарга”.
Што і казаць, выдатная навіна! Спадзяюся, што сёлета ў нас будзе яшчэ адна нагода напісаць пра палац.