Паступова прыйшло разуменне: не важна, пра што піша творца, галоўнае — як ён гэта робіць. Фазіля Іскандэра, да прыкладу, можна чытаць бясконца і без аскомы. Дарэчы, менавіта ён зрабіў калісьці выснову: галоўным з’яўляецца не колькасць прачытаных кніг, а колькасць зразуметых. Залатое правіла чытача, на якое не павінен забывацца бібліятэкар!
Зразумець прачытанае… Тут без дыскусійных чытацкіх канферэнцый не абысціся. І падлеткаў маю на ўвазе, і сталых людзей. Вучыцца ніколі не позна. На ўсё жыццё запомніў пазіцыю хрэстаматыйнага коласаўскага Лабановіча, які імкнуўся выхаваць у вяскоўцаў крытычнае мысленне, каб яны мелі на ўсё свой погляд, а не карысталіся чужым. Пагадзіцеся, такая якасць заўжды была ў дэфіцыце. Аднак толькі той, хто шукае, супастаўляе і аналізуе, здольны на самастойны пошук свайго месца ў жыцці.
Мой сябра, філосаф і паэт Сяргей Залеўскі, напісаў і выдаў кніжку “Ключ да тайнаў светабудовы (трыцэнтрычнасць свядомасці)”. Не скажу, што я яе зразумеў. Калісьці меў шчасце бачыць у ПЭН-цэнтры: Рыгор Барадулін імкнуўся ўзяць з верхняй паліцы томік Васіля Быкава, росту не ставала; востраязыкі Адам Мальдзіс адрэагаваў імгненна: “Да Быкава не дацягнуцца!” Гэтак і мне — да Залеўскага. Прынамсі, пакуль.
І выснова. Мяне як рэдактара аддзела рэгіянальнай культуры вельмі цікавіць, што канкрэтна чытаюць наведвальнікі абласных, раённых ды сельскіх бібліятэк. І як уплываюць на дадзены працэс нашы работнікі культуры?
Сённяшняя пошта прынесла вельмі цікавае пісьмо, якое ўтрымлівае пэўныя адказы на мае вышэйвыкладзеныя пытанні. Аўтар — супрацоўнік цэнтральнай гарадской бібліятэкі горада Жодзіна Ірына Хілюціч. Яна піша (увага!) пра талент чытача. Цудоўнае, не збітае словазлучэнне! Цягам года ва ўстанове рэалізоўваўся праект “Літаратурны SOS для моладзі. Кніга па душы”. Але даю слова спадарыні Ірыне: “Нам захацелася пры дапамозе літаратурных твораў сфармаваць у маладых духоўна-маральныя арыенціры, павысіць статус чытання і яго якасць… Быў прапанаваны тэст “Ці ўмееш ты чытаць мастацкую літаратуру?”. У ліку пытанняў былі і такія: “Ці ўзнікае ў цябе вобразнае ўяўленне чытаемага?”, “Ці суадносіш ты чытаемае з асабістым вопытам?”, “Ці ўключаешся ў тэкст эмацыйна?” Потым маладыя людзі запаўнялі чэк-лісты, прааналізаваўшы якія бібліятэкары складалі для сябе карціну далейшага бачання работы з чытачамі”. Далей неабыякавая аўтарка распавядае пра тое, што складнікам праекта сталі і літаратурныя дэбаты, заняткі па самаўдасканаленні. “А 18 снежня, — працягвае Ірына Хілюціч, — мы падсумоўвалі вынікі праекта, ладзілі літаратурны баль “Партрэт маладога чытача XXI века”.
Свой допіс загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Навагрудскай раённай бібліятэкі Святлана Чубрык назвала вельмі лірычна: “Цеплыня кніжных старонак”. Гаворка — пра дабрачынную акцыю “Нашы дзеці”, старт якой быў дадзены ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Лідар”, дзе працуе бібліятэчны пункт. Інтэрактыўная пляцоўка так і называлася — “Цеплыня кніжных старонак”. І былі тут конкурсы, майстар-класы па вырабе кніжных закладак, падарункі і новыя кніжкі для цікавага чытання.
“Астравецкая раённая бібліятэка, — распавядае бібліятэкар Вольга Заянчкоўская, — перамагла ў рэспубліканскім конкурсе творчых работ да Года народнага адзінства ў намінацыі “Мова зямлі маёй” і заняла другое месца. Так высока быў ацэнены відэаролік “Матуліна мова жыве ў нашым краі” пра жыццёвы і творчы шлях Казіміра Сваяка (Канстанціна Стаповіча) — паэта, святара, мысліцеля, які на пачатку мінулага стагоддзя адным з першых праводзіў богаслужэнні на беларускай мове”. Першае прызначэнне вікарыем Казімір Сваяк атрымаў у Камайскім касцёле, што на Пастаўшчыне. Мяне вельмі ўразіла тое, што ў гэтым касцёле дзейнічае музей знакамітага святара.
Яшчэ адна навіна ад Вольгі Заянчкоўскай. Бібліятэкар Вольга Багдановіч арганізавала ў Міхалішкаўскай сярэдняй школе акцыю #Ялюблюсваюкраіну. Маленькія грамадзяне прыгадалі асноўныя гістарычныя падзеі, дзеячаў навукі, культуры і мастацтва. Казалі пра адметнасці прыроды, спартыўныя і прамысловыя аб’екты.
Супрацоўнікі Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці напісалі пра адкрыццё рэзідэнцыі Бераст-Зюзі і спадарыні Завеі ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Бераставіцкі”.
А Малабераставіцкая інтэграваная сельская бібліятэка ладзіла вандроўку “Чараўніца зіма”. Гучалі ўрыўкі твораў пра зіму, песні, прыказкі ды прымаўкі.
Навагодні настрой цягам мінулага тыдня стваралі бібліятэкары Гродзенскага раёна. Ладзіліся кніжныя выставы, працавалі майстэрні Дзеда Мароза па вырабе навагодніх цацак, маланаселеныя ды аддаленыя вёскі наведала перасоўная бібліятэка.
Лілія Рэйшаль, старшы навуковы супрацоўнік Гудзевіцкага (Мастоўскі раён) дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея, распавяла: “Прайшло штогадовае мерапрыемства “Літаратурная гасцёўня”. У чарговы раз да нас завіталі гродзенскія пісьменнікі Людміла Кебіч, Мікалай Іваноўскі, Людміла Шаўчэнка, Андрэй Татур. На светлую згадку аб цёплай снежаньскай сустрэчы творцы падарылі на захаванне ў музей новыя кнігі.”
І напрыканцы навіны, так бы мовіць, музычныя. Смаргонскім найгрышам нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гэта элемент мясцовай музычна-інструментальнай традыцыі.
Добра знаёмая нам Вольга Заянчкоўская з Астравецкага раёна распавядае пра музычны талент Веры Сходкінай. Дзіцячая школа мастацтваў у Росі, Гродзенскі музычны каледж, праца ў Росі… На сёння Вера Валер’еўна — прызнаны педагог. Яе выхаванцы становяцца лаўрэатамі прэстыжных замежных конкурсаў. А сама Сходкіна з’яўляецца актыўнай удзельніцай ансамбля народнай песні “Кемяліна”.
Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Печкур піша пра 70-гадовы юбілей роднай установы: “На сёння ў нас навучаюцца 489 школьнікаў, працуюць 49 настаўнікаў. Большая палова з іх — колішнія нашы выпускнікі. Юбілей пераўтварыўся ў шырокамаштабны канцэрт”.
З Новым годам, шаноўныя нашы падпісчыкі! Шчасця вам ды здароўя!
Сустрэнемся праз тыдзень.