Народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі і прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, прафесар М.А.Казінец быў адной з самых яркіх фігур у гісторыі беларускай музыкі апошніх дзесяцігоддзяў.
Міхаіл Казінец нарадзіўся 18 мая 1938 года ў вёсцы Цынцавічы Вілейскага раёна. У 1965 годзе скончыў Беларускую акадэмію музыкі па класе баяна, а затым у 1973 годзе і па класе оперна-сімфанічнага дырыжыравання. З 1985 года па 2005 год быў рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, стваральнікам і кіраўніком аркестра “Маладая Беларусь”. Пад яго кіраўніцтвам былі выхаваны сотні выдатных музыкантаў, якія складаюць колер беларускай акадэмічнай школы.
Як мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча Міхаіл Казінец з’яўляўся першым выканаўцам і ў сваёй творчасці папулярызаваў творы беларускіх кампазітараў Я.Глебава, У.Кур’яна, А.Крамко, А.Мдывані, Г.Суруса і іншых. Пад яго кіраўніцтвам аркестр выканаў творы, створаныя сучаснымі беларускімі кампазітарамі па матывах беларускай народнай музыкі: сюіты В.Помазава “Вясковыя музыкі”, “Батлейка”, сімфоніі для аркестра народных інструментаў і акадэмічнага хору “Памяць зямлі” А.Мдывані і многія іншыя.
Аркестр правёў больш за тысячу канцэртаў у нашай краіне, а таксама за яе межамі: у Германіі, Індыі, Кітаі, Польшчы, Турцыі. На працягу апошніх канцэртных сезонаў Казінец М.А. ажыццявіў цыклы канцэртных праграм “Віртуозы цымбалаў”, “Галасы бацькаўшчыны”, “Мы можам усё”, творчыя вечары да 100-годдзя І.Жыновіча, памяці В.Вуячыча, канцэрт “Прысвячэнне сябру” з удзелам народнага артыста СССР Іосіфа Кабзона (2009) і іншыя значныя творчыя праекты, якія мелі шырокі рэзананс у мастацка-культурным жыцці Беларусі.
Памёр 30 снежня 2021 г. на 83 годзе жыцця.
А.М. Маркевіч, К.М. Дулава, А.І. Мікіта, Н.У. Карчэўская, Ю.М. Гільдзюк, А.В. Атрашкевіч, А.М. Анісімаў, В.І. Гаявая,
В.У. Дудкевіч