У розных кутках Беларусі сёння нямала людзей, якім неабыякава мінулае і сучаснасць малой радзімы. Часам энтузіясты аб’ядноўваюцца і разам рэалізуюць цікавыя праекты. Так, восенню мінулага года ва ўсходнебеларускім Крычаве ўзнікла краязнаўчая ініцыятыва з сугучнай назвай “Крывічаў”, мэтай якой з’яўляецца захаванне і папулярызацыя гісторыі Крычаўшчыны як краю, багатага на падзеі мінулага.
На мясцовым узроўні праца краязнаўцаў сёння вельмі важная, бо яна фарміруе зацікаўленасць людзей рознага ўзросту да свайго населенага пункта ці рэгіёна, напаўняе любоўю і пачуццём гордасці за сваю краіну.
Крычаў праз прызму часу
— Унікальнасць Крычава і Крычаўшчыны ў багатай гісторыі, — расказвае ініцыятар “Крывічава” гісторык Аляксандр Крыжэвіч, — горад быў усходнім фарпостам часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Дарэчы, да сённяшняга часу захавалася частка цагляных умацаванняў Замкавай гары — дзядзінца, на якім знаходзіўся старадаўні горад. Невялікія цагляныя ўмацаванні драўлянага замка — рэдкае збудаванне абарончага тыпу для Магілёўшчыны, а можа, і для усёй Усходняй Беларусі. У самім горадзе знаходзяцца ажно два гарадзішчы: Гарадзец і Замкавая гара. Менавіта на Гарадцы ўзнікла першае ўмацаванае паселішча яшчэ ў жалезным веку. На ім жа першапачаткова і ўзнік горад. Няшмат гарадоў у Беларусі, на тэрыторыі якіх маюцца два гарадзішчы! Менавіта Крычаўскае староства як складовая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Мсціслаўскага ваяводства стала арэнай Крычаўскага паўстання (1740—1744 гг.) — самага буйнога паўстання ў беларускай гісторыі пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы.
У некалькіх кіламетрах ад Крычава знаходзіцца вельмі цікавы аб’ект культуры і экалогіі “Святая крыніца” ці “Святы калодзеж”, што знаходзіцца ля в. Прудок. Гэта крыніца ў ранейшыя часы была святой, а вада яе лічылася лекавай. Першыя згадкі пра крыніцу адносяцца да канца XVIII стагоддзя. Іх пакінуў рускі ваенны і гісторык саксонскага паходжання Андрэй Меер у сваёй працы “Описание Кричевского графства, или бывшаго староства”, якая датуецца 1786 годам. Дарэчы, этнографы адзначаюць, што гэта наогул адна з першых згадак у літаратуры пра культ крыніц у беларусаў.
Юбілеі года
Сёлета Крычаву споўнілася 885 год з часу першай згадкі пад назвай “Кречют” у статуце князя смаленскага Расціслава Мсціславіча, датуецца 1136 годам. Наступная згадка ў летапісах датуецца толькі 90-мі гадамі XIV ст. Тады горад пад цяперашняй назвай упершыню трапляе ў ліку літоўскіх гарадоў на старонкі “Спіса рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх”.
Яшчэ адной важнай падзеяй 2021 года з’яўляецца 100-годдзе з часу нараджэння Міхаіла Фёдаравіча Мельнікава — заслужанага работніка культуры БССР, заснавальніка Крычаўскага краязнаўчага музея і родапачынальніка музейнай справы на Крычаўшчыне. Міхаіл Фёдаравіч быў няспынным краязнаўцам і шукальнікам, дзякуючы якому існуе не проста музей, а ўстанова з даволі цікавымі фондавымі зборамі.
Ах, старыя фотаздымкі…
Краязнаўцы з “Крывічава” сёння працуюць над праектам па выданні кнігі старых фотаздымкаў “Крычаў — скрозь прызму часу”, у якой будуць сабраны фотаздымкі дарэвалюцыйнага і даваеннага Крычава, а таксама сучасны від тых месцаў і аб’ектаў, якія былі выяўлены на старых фатаграфіях. Краязнаўчае выданне стане дэманстрацыяй таго, што ў горадзе са старадаўнім мінулым не знікла цікавасць да ўласнай гісторыі, што краязнаўства жыве і высілкі Міхаіла Мельнікава ў галіне мясцовага краязнаўства таксама аказаліся недарэмнымі.
Энтузіястамі знойдзена каля двух дзясяткаў даваенных і дарэвалюцыйных фотаздымкаў Крычава, на якіх выяўлены розныя краявіды горада, культавыя збудаванні (касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і плябанія, Свята-Уваскрасенская царква), палац Пацёмкіна-Галынскіх, навучальныя установы (рамесная вучэльня, Крычаўская другакласная школа), паштовая станцыя і вакзал. Работа па пошуку старых фотаматэрыялаў уключала працу ў фондавых зборах Крычаўскага гістарычнага музея, Нацыянальнага гістарычнага архіва, а таксама вывучэнне краязнаўчай і гістарычнай літаратуры.
Ідэя выдання кнігі-альбома была ў тым, каб паказаць розныя месцы Крычава ці архітэктурныя збудаванні ў даваенны час і яго сучасны выгляд. Бясспрэчна цікавымі з’яўляюцца фотаздымкі, якія паказваюць краявіды Крычава пачатку ХХ стагоддзя. Адзін з іх, напрыклад, ілюструе мост праз раку Сож, якая цячэ ў горадзе. Няшмат хто з мясцовых жыхароў зможа паказаць гэтае месца сёння. Драўляны мост, выяўлены на фотаздымку, згарэў у час акупацыі нямецка-фашысцкімі войскамі і не быў адноўлены пасля вайны. Даволі моцна змяніўся той раён і вуліца каля Сожа, якая ў ранейшы час, відаць, была больш густанаселеная. Выклікаюць інтарэс і фотаздымкі палаца Пацёмкіна-Галынскіх аўтарства А. Вінэра 1939 года, якія былі адшуканы ў Нацыянальным гістарычным архіве. Судзячы па гэтых фотаздымках, уваход у палац быў не такім, якім выглядае цяпер. Вядома, што першапачатковая анфіладная, калі ў сценах палаца размясцілася школа-інтэрнат. Фатаграфіі, знойдзеныя ў архіве, таксама сведчаць аб тым, што некаторыя элементы палаца не захаваліся да нашых дзён, напрыклад, ганак архітэктурнай пабудовы. Між іншым, палац Пацёмкіна-Галынскіх цяпер з’яўляецца візітоўкай горада, у якім размешчаны Крычаўскі гістарычны музей.
Плануецца таксама выданне паштовак з выявамі старога горада, што дазволіць папулярызаваць гісторыю Крычава сярод мясцовага насельніцтва.
Вынікам рэалізацыі праекта стане не проста выданне кнігі-альбома старых фотаздымкаў Крычава, аднак і асобны сайт, дзе ўсе аматары гісторыі змогуць азнаёміцца з кнігай у электронным варыянце. На электронным рэсурсе гэтаксама будзе размешчана інфармацыя, якая раскажа пра з’яўленне і рэалізацыю задумкі, для таго каб падштурхнуць краязнаўцаў іншых гарадоў да ініцыявання краязнаўчых праектаў падобнага кшталту.
Колькасць сяброў ініцыятывы на цяперашні момант невялікая, аднак матываваная купка людзей ужо мае пэўныя поспехі. У пазітыўны вопыт можна аднесці вывучэнне гісторыі вёскі Чырвоная Буда з мэтай выдання кнігі. Былі даследаваны сведчанні людзей, дакументы, музейныя калекцыі школьнага музея і сельскага Дома культуры Чырвонай Буды, назапашаны пэўныя матэрыялы і напісаны шэраг даследчых тэкстаў.
Краязнаўцы “Крывічава” вывучаюць старажытную гісторыю горада (з ХІІ па ХІХ ст.), даследуюць водныя аб’екты Крычаўшчыны (пераважна крыніцы), збіраюць вусныя ўспаміны людзей і дакументальныя сведчанні пра падзеі апошняй вайны і імкнуцца сфарміраваць у людзях так званы “лакальны патрыятызм”, які затым можа маштабавацца на ўсю краіну, выхоўваць культурай і ўласнай гісторыяй. І тады, жывучы ў іншым раёне ці нават у суседняй краіне, чалавек успомніць свой родны кут, які так мілы сэрцу.
Вольга НАВАЖЫЛАВА