Найбольшае ўражанне на мяне асабіста робяць крыжы простыя, пасівелыя ад часу, заімшэлыя, нават без таблічкі з надпісам. Для мяне важна, што тут пахаваны хрысціянін, які верыў у Бога і жыў з надзеяй на Уваскрэсенне. Моцна хвалююць крыжы, якія, не вытрымаўшы часу, зваліліся на зямлю, а чыясьці клапатлівая рука падняла, паставіла — але ўжо не на месца (няма рады яго знайсці), а толькі абаперла аб чужую агароджу, кволае дрэўца ці які кусцік непадалёк. Такі крыж я аднойчы ўбачыла на хутары каля вёскі Мішкенікі Гродзенскага раёна, дзе жыла мая другая бабуля. У такіх выпадках прыходзіць яснае разуменне, што крыж — рэч матэрыяльная і, як і ўсё матэрыяльнае, нявечная. Вечная толькі малітва.
Гледзячы на прыдарожны крыж, з удзячнасцю думаеш і пра тых людзей, чые рукі зрабілі яго, устанавілі, упрыгожылі кветкамі, каляровымі стужкамі, пра тых, хто наведвае яго ў дні хрысціянскіх свят і асобных набажэнстваў.
Таму наша з бібліятэкарамі даследаванне прыдарожных крыжоў было невыпадковым. Так распачалася рэалізацыя праекта “Прыдарожныя крыжы… Маўклівая гісторыя малой радзімы”.
Было сабрана шмат архіўных дакументаў, успамінаў і сведчанняў жыхароў, сучасныя і гістарычныя фотаздымкі. Даследчая праца пра крыжы ў раёне таксама знойдзе працяг у стварэнні інтэрактыўнай карты і ў распрацоўцы новага экскурсійнага маршруту. Экскурсія па прыдарожных крыжах, спадзяёмся, будзе абавязкова запатрабаваная жыхарамі раёна, асабліва з надыходам вясны. Менавіта жывое судакрананне з роднай гісторыяй выхоўвае не паказны — сапраўдны патрыятызм.
Свой сэнс, свой змест
Крыжы магільныя, масіўныя, з каменя, што прастаялі не адно дзесяцігоддзе, або крыжы з металу, аздобленыя, зробленыя майстрамі-кавалямі, а побач — драўляныя, амаль спарахнелыя ад часу… Так, кожны крыж мае свой сэнс, свой змест, сваю гісторыю, утрымлівае адказ на канкрэтную жыццёвую сітуацыю, толькі мы, хутчэй за ўсё, ні аб чым гэтым ніколі не даведаемся…
На першы погляд, што ж тут незвычайнага — крыж як сімвал веры суправаджае нас ад нараджэння і да самай смерці, гэта частка нашага разумення Бога і свету. А ўсё ж…
Прычын для ўстаноўкі крыжоў было шмат, таму людзі пачалі вызначаць назвы кожнаму крыжу ў залежнасці ад нагоды, з якой ён быў узведзены.
Памятныя крыжы. Яны ставіліся ў памяць пра якую-небудзь важную падзею або ў знак падзякі за выратаванне. Звычай памятных крыжоў прыйшоў на Русь з Візантыі разам з прыняццем хрысціянства і атрымаў шырокае распаўсюджванне.
Аброчныя крыжы. Набожныя людзі ў цяжкіх выпадках нярэдка давалі абяцанне ахвяраваць якую-небудзь прыналежнасць для царкоўнага богаслужэння. Такой ахвярай мог быць крыж.
Закладныя ўзводзіліся на месцы, дзе будзе будавацца храм, і гэты звычай захаваўся да нашых дзён.
Паклонныя, прыдарожныя ці, інакш, засцерагальныя крыжы ставяцца пры дарозе, каля вёскi, у вёсцы (блiжэй да цэнтра), на скрыжаваннях дарог, а таксама пры дарозе, якая выходзiць з вёскi. Лічыцца, што вёска — гэта абгароджаная прастора, а дарогі — асноўныя каналы ўзаемадзеяння з навакольным светам, таму ўваход у паселішча трэба абараніць. Усталяваныя на ўездзе крыжы не прапускалі нячыстую сілу і хваробы. Такія знакі вельмі шанаваліся.
Могілкавыя крыжы. У хрысціянскай традыцыі прыдарожны крыж мог быць і звычайным надмагільным крыжам, які ўказвае на месца, дзе пахаваны хрысціянін.
Найбольш захавалася прыдарожных крыжоў. Перш за ўсё ў крыжах знаходзяць адлюстраванне калектыўныя памкненнi сялян уратавацца ад бедаў ды нягодаў, што нясуць эпiдэмiя, стыхiя, вайна, пажар…
Адэльскія сведкі мінуўшчыны
Вандроўнік пры ўездзе ў Адэльск сустракае амаль на кожным кроку драўляныя і каменныя крыжы, крыжыкі і каплічкі або з разьбянымі выявамі Божай Маці ці Выратавальніка. Гледзячы на гэтыя помнікі хрысціянскай веры, ужо загадзя складаеш паняцце пра набожнасць жыхароў гэтага краю, за што Адэльск можна назваць не толькі краем ветракоў, але і краем крыжоў.
Ён сярод іншых населеных пунктаў нашага раёна вылучаецца тым, што тут захавалася шмат прыдарожных крыжоў, а па дадзеных мясцовых старажылаў іх было яшчэ болей. На сённяшні час іх — 13, у асноўным каменныя, драўляны ёсць толькі каля касцёла. Яны звычайна больш высокiя, чым надмагiльныя.
Усе нашы крыжы — абярэгі і ахвярнікі. Сярод іх ёсць і зусім незвычайны: каталіцкі з контурамі праваслаўнага, аснова якога пабудавана з каменя, хутчэй за ўсё, яшчэ ў язычніцкія часы. Кожны сімвал мае сваё значэнне. Адзін з іх, мармуровы, пабудаваў гаспадар, у якога не вялася жыўнасць. Да вайны крыж размяшчаўся ў самым цэнтры мястэчка, а пасля таго, як у яго трапілі кулі аднаго з ваюючых бакоў, людзі перанеслі святыню на могілкі. Расказваюць, што падчас вайны крыж — ахвярнік святому Станіславу — абараніў ад пажару і разбурэнняў чатыры дамы па вуліцы Крынскай. Гэта былі дамы менавіта тых гаспадароў, што паставілі гэты абярэг.
Асаблівасць адэльскіх крыжоў — іх назва па прозвішчы гаспадароў, якія іх ставілі ці на тэрыторыя якіх ён знаходзіўся. На ўскрайку вёскі па палявой дарозе на вёску Вішнеўка (Бераставіцкага раёна) захаваўся Варанэічаў крыж. Яго назва паходзіць ад прозвішча Варановіч, жыхара Адэльска, які ў гэтым месцы жыў, меў сваю гаспадарку, вялікі надзел зямлі. Каб зямля добра радзіла і давала багаты ўраджай, гаспадар і паставіў на сваім полі крыж.
Пры дарозе на ўездзе ў Адэльск па вуліцы Школьная — Ёдалеў крыж. Ахвяраваў сродкі і ўсталяваў яго гаспадар з прозвішчам Іодзель у далёкім 1903 годзе. Дарэчы, гэта прозвішча найбольш распаўсюджанае ў Адэльску. Па адной з версій назва Адэльск паходзіць ад слова іодзель, одэль, ёдэль, паводаль.
Драўляны Дубаўскі крыж знаходзіцца пры дарозе на выездзе з в. Старадубавая ў бок Адэльска і пазначаў у тыя часы месца, дзе заканчваліся надзелы зямлі жыхароў гэтай вёскі. Ёсць другая назва сярод мясцовых людзей — Сіні крыж. Магчыма, таму, што ён быў калісьці пафарбаваны ў сіні колер. Паблізу стаіць і Ізабэльчукаў крыж.
Як сцвярджае надпіс на крыжы, які быў усталяваны жыхарамі вуліцы Крынскай (суч. вул. Школьная) у 1902 г., крыж-ахвяра на працэсіі Божага Цела з просьбай аб апецы ад няшчасцяў.
Кавалёў крыж стаіць на месцы так званай Кавалёвай гары, узвышшы пры дарозе з Адэльска на вёску Скраблякі. На гэтай жа гары некалі стаяў млын. Крыж абвяшчае аб граніцах Адэльска, тут пачатак адэльскіх зямель з боку Скраблякоў.
Захаваліся крыжы Антонія Бароўскага па вуліцы Школьнай (устаноўлены ў 1901 годзе), Пятра Шанцілы па вуліцы Кандрусевіча ля дома сям’і Куклік і па вуліцы Школьнай, каля дома Марыі Іодзель. Толькі раней ён быў драўляны, прыйшоў у заняпад, але клапатлівыя гаспадары дома аднавілі крыж у 90-я гады. Локіцяў крыж зрабіў жыхар па прозвішчы Локіць і ўстанавіў яго на сваім полі па дарозе са Старадубавой у Адэльск.
Цікавая гісторыя крыжа Пятра Бароўскага. Жыхар паставіў крыж у канцы свайго поля, якое знаходзілася на завыгонні, цяпер гэта ўжо нейтральная паласа і граніца з Рэспублікай Польшча. Старажылы кажуць, у савецкі час у гэты крыж, праводзячы агляд граніцы, любіў часта страляць адзін памежнік. Калі прыгледзецца, то і сапраўды можна ўбачыць на ім выбоіны ад куляў. Потым нешта нядобрае сталася ў сям’і гэтага памежніка, і ён прыязджаў аж ці з Пскова, ці з Піцера, распытваў людзей, дзе дзеўся той крыж, каб папрасіць прабачэння за свае здзекі. Мясцовыя жыхары перанеслі гэты знак на могілкі...
Самы загадкавы крыж — каменны, які стаіць пры дарозе на самым уездзе ў Адэльск з боку Старадубавой. Старажылы не памятаюць, калі і пры якіх абставінах ён з’явіўся, але быў заўжды. “Магчыма, якісьці гаспадар паставіў яго на сваім полі. Можа, гэты крыж узяты з разбураных яўрэйскіх могілак, якія былі непадалёку, цяпер гэта тэрыторыя школьнага стадыёна. Бо многа было знойдзена камянёў з яўрэскім надпісам, вывезеных у бліжэйшыя лясы”, — успамінае Зоф’я Парэчанкава.
Кожны прыдарожны крыж мае сваю гісторыю, якую піша само жыццё.
Такім чынам, кожны крыж — гэта гісторыя, якая апавядае пра лёс чалавека, вёскі, цэлага народа, знаёміць з яго культурай, адметнасцямі побыту. Яна прысвечаная ўнікальным з’явам нашай культуры, якія трэба паспець зафіксаваць, бо яшчэ дзясятак гадоў — і яны знікнуць.
Наталля РАМАНОВІЧ, вядучы метадыст па рэалізацыі культурна-дзелавых праектаў і развіцці турызму