У шэрагу важных круглых дат сёлета, вядома, вылучалася павышанай увагай 80-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Не выпадкова, што асноўныя памятныя мерапрыемствы, прысвечаныя ўшанаванню гэтай даты, праходзілі ў Брэсце — на зямлі, якая першай прыняла ў 1941 годзе ўдар гітлераўскіх захопнікаў. А ў верасні тут урачыста адзначалася таксама і 50-годдзе Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”, які з гэтай нагоды быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.
2021 год, абвешчаны Годам народнага адзінства, адзначыўся таксама цэлым шэрагам мерапрыемстваў і праектаў, скіраваных на ўшанаванне памяці аб падзеях міжваеннага перыяду ў Заходняй Беларусі і яе далучэння да БССР у 1939 годзе. Сёлета 17 верасня ў краіне ўпершыню адбылося адзначэнне Дня народнага адзінства — да гэтай даты, між іншага, былі прымеркаваныя круглы стол на базе Нацыянальнага гістарычнага музея і агульнарэспубліканскі выставачны праект, а таксама ўрачыстае адкрыццё абноўленага мемарыяла на месцы канцэнтрацыйнага лагера ў Бярозе Брэсцкай вобласці, які дзейнічаў у 1934–1939 гадах, і прысвечанай яму музейнай экспазіцыі ў колішнім лагерным корпусе. Апошнія месяцы года таксама былі адзначаныя такімі важнымі юбілеямі, як 100-годдзе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і 130-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча.
Ёсць у рэстаўрацыі пачатак...
Сёлета працягваліся рэстаўрацыйныя работы ў Спаса-Праабражэнскай царкве ў Полацку, неагатычным палацы Пуслоўскіх у Косаве Івацэвіцкага раёна, палацы Булгакаў у Жылічах, што ў Кіраўскім раёне, колішнім корпусе кляштара базыльянаў і палацы Сапегаў у Ружанах Пружанскага раёна, комплексе былога калегіума езуітаў у Юравічах Калінкавіцкага раёна. Зробленыя першыя крокі па аднаўленні касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Будславе пасля наступстваў пажару, які адбыўся ў храме ў маі гэтага года.
Была здзейсненая рэстаўрацыя фасадных роспісаў унікальнага помніка ранняга барока ў Беларусі — касцёла Божага Цела ў Нясвіжы, дзе цяпер працягваецца добраўпарадкаванне крыпты. Адбываліся работы па кансервацыі з рэстаўрацыяй фрагментаў замкаў XIV стагоддзя ў Навагрудку і Крэве Смаргонскага раёна, рэстаўрацыі і прыстасаванні пад гісторыка-археалагічны музей Старога замка ў Гродне, дзе напрыканцы года была адкрытая музейная экспазіцыя. Музеефікаваная была і адна з вежаў замка ў Гальшанах, што ў Ашмянскім раёне.
У верасні ўпершыню адбыўся Форум рэстаўратараў культурнай спадчыны, у рамках якога былі прадэманстраваныя прадукцыя, інжынерныя рашэнні, работы і паслугі прадстаўнікоў праектных арганізацый і вытворцаў будаўнічых матэрыялаў для рэстаўрацыйных і аднаўленчых работ, зладжаныя майстар-класы і спаборніцтвы маладых спецыялістаў-рэстаўратараў у галінах манументальна-дэкаратыўнага мастацтва і рэстаўрацыі жывапісу, а таксама рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ па цаглянай муроўцы.
Бібліятэкі без межаў
У лютым Нацыянальная бібліятэка Беларусі ўрачыста прэзентавала Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь — базу дадзеных аб найкаштоўнейшых артэфактах кніжнай спадчыны краіны, якая цяпер даступная ў Сеціве на партале Нацыянальнай бібліятэкі па адрасе kp.nlb.by. Дзякуючы ёй кожны ахвочы можа бліжэй пазнаёміцца з найбольш выдатнымі беларускімі старадрукамі і рукапісамі альбо самастойна паўдзельнічаць у стварэнні іх максімальна поўнага спісу.
А ў кастрычніку ў Нацыянальнай бібліятэцы адбыўся VIII Міжнародны кангрэс “Бібліятэка як феномен культуры”, які сёлета быў прысвечаны абмеркаванню досведу, набытага бібліятэкамі ва ўмовах пандэміі, а таксама новым магчымасцям і рашэнням, звязаным з нязвыклымі і раней невядомымі абставінамі і выклікамі. Асаблівая ўвага была нададзеная пытанням выкарыстання лічбавых тэхналогій і прадастаўлення чытачам доступу да анлайн-рэсурсаў.
Не губляючы кантактаў з землякамі
Вялікая ўвага надавалася сёлета ўзаемадзеянню з дыяспарамі і клопату аб нашых суайчынніках за мяжой. У лютым у Мінскім храме-помніку ў гонар Усіх святых адбыўся круглы стол “Новыя формы работы рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь з грамадскімі аб’яднаннямі беларусаў замежжа”, прысвечаны актывізацыі супрацоўніцтва ўстаноў культуры рэгіёнаў з беларускай дыяспарай.
А ў лістападзе ў Беларусі адбылася стажыроўка прадстаўнікоў творчых калектываў і грамадскіх арганізацый беларусаў замежжа, арганізатарам якой традыцыйна выступіў Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур. Сёлета ў ёй узялі ўдзел трыццаць чалавек з Расіі, Казахстана, Латвіі, Эстоніі, Украіны, Узбекістана і Італіі. Адбыліся выезды ў рэгіёны — у Магілёў, Ракаў і Івянец, падчас якіх землякі здолелі бліжэй і глыбей азнаёміцца з культурным жыццём краіны.
Новыя далягляды
Своеасаблівым фінальным акордам года ў сферы захавання і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны і развіцця музейнай справы зрабілася ўрачыстае адкрыццё 17 снежня двух новых карпусоў музейнага квартала, які ствараецца ў сталіцы на базе Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. У адрэстаўраваных будынках па вуліцах Карла Маркса, 24 і Кірава, 25 размясціліся рэстаўрацыйныя майстэрні, навуковая бібліятэка і архіў, сувенірны магазін, кавярня і, вядома ж, выставачныя залы, што дазволіць істотна пашырыць экспазіцыю музея. Значна палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база рэстаўрацыйных майстэрняў, што, па сутнасці, закладвае падмурак для развіцця на базе музея буйнога рэстаўрацыйнага цэнтра. Акрамя майстэрняў у рэстаўрацыйным корпусе размешчаныя восем новых фондасховішчаў, абсталяваных спецыяльнымі сістэмамі захоўвання музейных прадметаў і калекцый.
У толькі што адкрытым выставачным корпусе музея ўжо дзейнічаюць дзве новыя выставы. На першай з іх, што мае назву “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці”, прадстаўленыя творы старажытнабеларускага, рускага і еўрапейскага мастацтва XVII-XX стагоддзяў са збораў музея, якія прайшлі рэстаўрацыю на працягу 2010–2021 гадоў. Гэтыя творы беларускага іканапісу, алтарнага жывапісу, скульптуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дастаўленыя ў музейныя сховішчы з экспедыцый, як правіла, знаходзіліся ў цяжкім стане захаванасці, бо былі знятыя з гарышчаў храмаў, закінутых званіц, сутарэнняў касцёлаў. Прайшоўшы пачатковую кансервацыю, многія з іх гадамі чакалі сваёй чаргі на паўнацэнную рэстаўрацыю, якая цяпер зрабілася магчымай. А на выставе “Рух зямлі” прадстаўленыя творы з калекцыі беларускага мастацтва ХХ-ХХI стагоддзяў, прысвечаныя тэме вобразаў нашай радзімы. Тут можна пабачыць работы такіх выдатных майстроў, як Міхась Філіповіч, Гаўрыіл Вашчанка, Май Данцыг, Мікалай Селяшчук, Валерый Шкаруба, і многіх іншых. Абедзве выставы будуць працаваць да 13 лютага наступнага года.
Сімвалічна, што акурат напярэдадні адкрыцця новых карпусоў у музеі прайшла выстава, прысвечаная 100-годдзю Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча, які фактычна з’яўляўся першым беларускім нацыянальным музеем, дзе была зробленая спроба сабраць і прадэманстраваць найлепшыя артэфакты беларускай мінуўшчыны і творы нацыянальнага мастацтва — такая сабе дэманстрацыя пераемнасці пакаленняў у айчыннай музейнай справе і сферы захавання гісторыка-культурнай спадчыны ўвогуле. Новы час нясе новыя выклікі — рух наперад працягваецца.