Так, у Новым драматычным тэатры прызямліцца сёння і застанецца на ўсе зімовыя канікулы “Іншапланяцёнак”, касмічным палётам якога кіруе малады артыст і яшчэ больш малады рэжысёр Арцём Пінчук. Адначасова з гэтым Музычная лабараторыя ArtGrand і Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага рыхтуюць чарговую сустрэчу скрыпачоў “Tutti — значыць, разам” (першая такая сустрэча ладзілася ўвесну). Звернем увагу, што гэта не проста канцэрт у атачэнні жывапісу, а больш вольная форма, што спалучае выступленні з чалавечымі стасункамі, пытаннямі-адказамі выкладчыкаў, навучэнцаў, аматараў музыкі усіх узростаў. Сярод удзельнікаў, дарэчы, будуць не толькі мінчукі, але і прадстаўнікі Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў. Можна будзе пачуць і акадэмічную скрыпку — як сола, так і ў ансамблі, — і электрычную. Так што забудзьце пра юных музыкантаў з “сапсаваным” дзяцінствам — вучыцца можна весела і з захапленнем.
Тэатр “Тэрыторыя мюзікла” сустрэне гледачоў адразу некалькімі адметнымі праектамі. Заўтра на сцэне Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў — незвычайны паказ спектакля “Маша і Віця супраць дзікіх гітар”. Разам з прафесійнымі артыстамі ў цэнтральных ролях выступяць глухія ад нараджэння дзеці Глеб Аўчароў і Сафія Вараб’ёва, якім дапамагла дзяржаўная праграма кахлеарнай імплантацыі: дзякуючы праведзенай аперацыі яны могуць цяпер чуць, размаўляць і нават спяваць, напоўніцу рэалізуючы свае таленты.
А наступным тыднем той жа тэатр прэзентуе прэм’еру мюзікла “Чараўнік Смарагдавага горада”. На сцэне Палаца культуры МАЗа будзе столькі цудаў — хопіць на ўсіх. Пастаноўшчыкі абяцаюць нават лятаючую хатку — усё ўсур’ёз.
Не менш феерычным відовішчам абяцае стаць падарунак ад Беларускай дзяржаўнай філармоніі і Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны Валянціна Дудкевіча. Знакаміты харэограф і рэжысёр даўно выношваў мары ўвасобіць “Шчаўкунка” сіламі свайго калектыву — ды яшчэ ў жанры мюзікла-балета. Нарэшце, 24 снежня ўсё павінна здзейсніцца.
— Мы працавалі два гады, — падзяліўся сакрэтам Валянцін Уладзіміравіч. — Былі зроблены адметныя аражыроўкі музыкі Чайкоўскага, пашыты касцюмы. Акрамя артыстаў ансамбля, задзейнічана наша студыя. Усё рабілася на вялікім творчым уздыме, каб юныя гледачы апынуліся ў казачным горадзе цукерак і салодкіх прысмакаў: менавіта туды, паводле Гофмана, трапляюць героі. Пераказваць гэта бессэнсоўна — трэба паглядзець.
Не абдзелены і дарослыя. Па-першае, усе дзіцячыя спектаклі апошнім часам “мадулююць” у сямейныя, каб іх цікава было глядзець таксама бацькам, бабулям і дзядулям. Па-другое, ладзяцца і вячэрнія прэм’еры — пра самае, бадай, галоўнае чалавечае пачуццё, што завецца каханнем. Заўтра Камерны драматычны тэатр упершыню паказвае ў Доме літаратара спектакль “Кружэлка на костках” у пастаноўцы расійскага рэжысёра Рамана Міхеенкава і сусветна вядомага мастака Тэадора Тэжыка. 23 снежня — прэм’ера ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры: вадэвіль “Каханне, каханне”. А непасрэдна ў пераднавагоднія дні адразу на некалькіх сцэнах — шэраг святочных тэатральна-канцэртных праграм. Сачыце за афішамі — і прыходзьце на імпрэзы, каб стварыць сабе добры настрой.