Мабыць, многім знаёмая сітуацыя, асабліва калі гаворка пра беларускія стужкі і беларускія тэлеканалы: стары добры фільм падчас можна ўбачыць, але глядзець яго вельмі нязручна — якасць ужо не тая, да якой мы ў нашым часе прызвычаіліся. А нешта дык і не паказваецца ўвогуле, бо плёнкі, на якіх фільмы здымаліся, у лічбавы фармат не пераведзены. Прынамсі, многа казаць пра неабходнасць рэстаўрацыі старога кіно не даводзіцца, бо гэта зразумела само сабою: захаванне нашай культурнай спадчыны — справа выключнай важнасці.
СТАНДАРТ ДЛЯ РЭСТАЎРАЦЫІ
Ва ўсім свеце займаюцца рэстаўрацыяй, і займаюцца даўно. У Беларусі, канешне, таксама нешта пераводзілася ў лічбавы фармат, сканіравалася — падобныя працы ішлі з 2008 года, але пра паўнавартасную рэстаўрацыю гаворка пакуль не ішла. Але тое, што патрэба даўно наспела, ні ў кога сумненняў не выклікала. І на 2021 год кінастудыя “Беларусьфільм” з гэтым праектам трапіла ў дзяржаўную праграму “Культура”. Па выніках года зроблена 16 стужак, і праца будзе весціся далей. Адноўлены такія карціны, як “Я родам з дзяцінства”, “Прыгоды Бураціна”, “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Канстанцін Заслонаў”, “Дрэвы на асфальце”, “Горад майстроў”, “Палёт у краіну пачвар”, “Ветразі майго дзяцінства”, з параўнальна нядаўніх, ужо ХХІ стагоддзя, ёсць нават “Анастасія Слуцкая” і “Масакра”. А пачыналася праца з фільма “Не пакідай” 1989 года — на ім тэхналогіі, можна сказаць, і адпрацоўваліся. Ёсць у сёлетнім спісе і дагэтуль папулярная анімацыя даўніх часоў — “Дыназаўрык”, “Цімка і Дзімка”, “Светлячок і расінка”…
Па вялікім рахунку, рэстаўрацыі патрабуюць фільмы і параўнальна нядаўняга часу — бо так хутка з’яўляліся ўсё новыя і новыя тэхналогіі: HD, Full HD, 4K і да таго падобнае. Але на “Беларусьфільме” пакуль звярнуліся да больш даўніх кінатвораў. Па якім прынцыпе адбіраліся фільмы, якімі рэзонамі кіраваліся? Адзін з іх, і немалаважны, такі — пра яго распавяла намеснік начальніка прадзюсарскага цэнтра кінастудыі Кацярына Тарасава.
— Мы заняліся вывучэннем замежнага кінарынку і таго, каму магло б быць цікавым старое беларускае кіно, напрыклад для рэтрапаказаў. І ўбачылі, што цікавасць да нашых фільмаў ёсць, і досыць вялікая: у Еўропе, у Злучаных Штатах, у Кітаі, Карэі… Але ж паказваць гэтыя стужкі ў іх першапачатковым выглядзе ўжо немагчыма — на вялікім добрым экране карцінка проста развальваецца; свае тэхнічныя стандарты маюць і інтэрнэт-платформы, і тэлеканалы. Паўстала пытанне, што трэба з гэтым нешта рабіць.
У свеце сам працэс рэстаўрацыі старых кінаплёнак добра вядомы, але як раней на “Беларусьфільме” не ставілася такой задачы, то і абсталявання належнага не было. Хаця сёе-тое, зразумела, мелася, і нейкія падобныя дзеянні, скіраваныя на штодзённыя вытворчыя патрэбы, адбываліся і раней. Насамрэч рэстаўрацыя — не самая простая справа і з вялікім мноствам падводных камянёў. Як з “жывога” аўтэнтычнага фільма не зрабіць нешта глянцавае і гламурнае, як не атрымаць эфект, паводле выразу Кацярыны Тарасавай, “лысай тэлевізійнай карцінкі”, як захаваць і дух часу, і асаблівасць колераў, і нават самую структуру кінаплёнкі, якая дае выяве ў кадры вялікую колькасць адметнасцей — а іх гледачы так цэняць у старым кіно? Мабыць, многія з нас бачылі якія-небудзь адрэстаўраваныя фільмы, прынамсі з ліку савецкіх, і былі расчараваныя — нешта няўлоўнае знікала, чароўнасць страчвалася, атмасфера была не той. А калі згадаць і спробы расфарбаваць чорна-белую кінакласіку… Меліся такія гучныя няўдалыя прыклады.
АЎТАРСКАЯ МЕТОДЫКА
Пра расфарбоўку ў нашым выпадку гаворка не ідзе, але зразумела, што займацца справай павінны людзі, дасведчаныя не толькі ў тэхніцы, але і ў самім кінамастацтве. І ў нас такія знайшліся — у падраздзяленні постпрадакшану, якое зараз на кінастудыі называецца вытворчым комплексам “Кінапост”. І для іх Кацярына Тарасава не шкадуе добрых слоў. Увогуле, кажа, што нашы выдатныя тэхнічныя спецыялісты прыдумалі сваю сістэму рэстаўрацыі, і вяртаюць на экраны сапраўды “жывое” кіно.
Але ж чаму спатрэбілася прыдумляць нешта сваё, калі ўвесь свет гэтым займаецца? У дэталі рэстаўрацыйнай справы ўводзіць Валерый Грашэўскі, вядучы спецыяліст па лічбавых тэхналагічных працэсах ВК “Кінапост”. Зразумела, справа і ў абсталяванні, і ў спецыяльных камп’ютарных праграмах — немагчыма адразу займець усё неабходнае. Але беларуская кінастудыя сутыкнулася і з наступным фактам, з-за якога давялося неяк выходзіць з сітуацыі. Як вядома, кіно здымалася на плёнку і арыгіналам гэтай плёнкі быў так званы негатыў. Потым рабіліся ўжо пазітыўныя кінакопіі для паказу ў кінатэатрах. Але ўсе арыгіналы — гэта значыць негатывы — стужак “Беларусьфільма”, знятых да часу набыцця Беларуссю незалежнасці, захоўваюцца ў спецыяльных, добра абсталяваных кінаархівах на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі: так павялося за савецкім часам — там негатывы ашчадна даглядаюць. Але цяпер нашы мясцовыя майстры, каб адрэстаўраваць якую стужку, вымушаны працаваць не з арыгіналамі фільмаў, а з тымі пазітыўнымі копіямі, якія рабіліся з негатываў для паказу ў кінатэатрах. Вось і даводзіцца ўключаць фантазію, вось так і атрымалася амаль што аўтарская методыка. Канешне, “аўтарскасць” абумоўлена яшчэ і тым, што не ўсё належнае ёсць магчымасць набыць адразу. А што трэба рэстаўраваць: і драпіны, і часам цвіль на кінаплёнцы, і проста пустыя плямы без выявы, дзе фарбавальнікі цалкам зніклі, і выцвілыя колеры, і гукавую дарожку… А яшчэ трэба захаваць структуру кінаплёнкі, баланс колераў і многае іншае — каб не зрабіць карцінку “стэрыльнай”, не сапсаваць аўтарскую задуму і перадаць дух таго часу. Як кажа Валерый Грашэўскі: “Наша асноўнае крэда — уносіць мінімальныя змены”. Дарэчы, пытанне вяртання негатываў стужак, створаных на “Беларусьфільме”, на Радзіму, даволі складанае, ёсць у ім юрыдычныя і фінансавыя аспекты, таму рэстаўрацыя і далей будзе адбывацца такім чынам.
НАСТАЛЬГІЯ ПА РЭТРА
Акрамя ўласна захавання фільмаў, ёсць неабходнасць і ў іх вяртанні да гледача. І калі пытанне ў тым, каму патрэбныя нашы фільмы ўнутры краіны, не стаіць — нам самім і патрэбныя, то ці можна імі зацікавіць сусветны кінарынак? Як ужо згадвалася на пачатку артыкула, можна. Гэтая работа вядзецца і ёсць вынікі. Кінастудыя “Беларусьфільм” супрацоўнічае з агентамі, з дыстрыб’ютарскімі кампаніямі, якія гатовыя прасоўваць нашае кіно ў розныя часткі свету. Увогуле, у сусветным кінапракаце старое кіно попытам карыстаецца: ладзяцца спецыяльныя рэтрапаказы, рэтрапраграмы, збіраюцца рэтракалецыі, і людзі ідуць у кінатэатры, каб паглядзець і чорна-белыя фільмы, і нават нямыя — у суправаджэнні тапёраў, і тое, што цяпер выглядае экзотыкай, што дыхае гісторыяй і незнаёмымі ў сучасным часе эмоцыямі. Так і беларускія фільмы выдатна ўпісваюцца ў гэтую канцэпцыю. Па сведчанні Кацярыны Тарасавай, беларускія мульцікі выклікаюць ажыятаж у краінах Азіі — і пагадненні з гэтым рэгіёнам ужо рыхтуюцца. “Анастасія Слуцкая” знайшла прыхільнікаў у Еўропе, а “Канстанцін Заслонаў” — у ЗША, сярод стужак, што карыстаюцца попытам, — “Ветразі майго дзяцінства”, якую, можа, і ў Беларусі не ўсе адразу прыгадаюць, — а гэта фільм 1981 года Леаніда Нячаева пра часы Кастрычніцкай рэвалюцыі з галоўным героем-хлопчыкам. Зразумела, што легендарныя музычныя казкі таго ж Леаніда Нячаева, такія як “Прыгоды Бураціна” ці “Не пакідай”, цікавыя ўсім… Увогуле, рыхтуюцца цэлыя пакеты фільмаў, і праграма дзеянняў у гэтым напрамку распрацаваная на доўгія гады — у сэнсе, гэта не разавая акцыя. Даводзіцца вырашаць, канешне, і момант з дубляжом ці субцітрамі. Ці пытанні з аўтарскімі правамі — штосьці здымалася па заказе ўсесаюзных органаў: а цікавасць у замежных пракатчыкаў ёсць, напрыклад, да тэлефільма 80-х гадоў “Дзяржаўная граніца”. Зусім старыя, яшчэ нямыя стужкі таксама ёсць у планах — ідзе праца над фармальна першым беларускім мастацкім фільмам рэжысёра Алега Фрэліха “Прастытутка” 1926 года: ён прыцягальны для замежнага кінарынку, як і іншыя фільмы таго часу.
“ДА” І “ПАСЛЯ”
Дарэчы, на афіцыйным канале Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” на Youtube ёсць спецыяльны раздзел, які называецца Belarusfilm Digital. Вось там ужо можна ўбачыць і некаторыя адрэстаўраваныя ігравыя фільмы, такія як “Я родам з дзяцінства” Віктара Турава, “Канстанцін Заслонаў” Аляксандра Файнцымера і “Альпійская балада” Барыса Сцяпанава, і цэлы шэраг анімацыйных. Можна ўбачыць і фрагменты работ з розных кінастужак, і нават цікавыя прыклады, як было “да” і як стала “пасля”. Думаю, гэты працэс рэстаўрацыі прынясе мноства адкрыццяў для сучаснага гледача: менавіта што адкрые шматлікія арыгінальныя, незвычайныя, можа, нават і забытыя беларускія фільмы. Цікавага прагляду!