— Фестываль прайшоў, і па першых адчуваннях — што атрымалася, а што не?
— Галоўнае, што, нягледзячы на ўсе складанасці, мы справіліся і правялі “Лістапад” на добрым узроўні. Ён сабраў вялікую колькасць гасцей, праз яго мы годна прадставілі нашу краіну. За конкурсную праграму нам не сорамна — у ёй удзельнічала нямала фільмаў, што ўжо мелі гучную фестывальную гісторыю. Акрамя таго, гледачам мы паказалі і насычаную пазаконкурсную праграму, у якой былі асобныя дні грузінскага, кітайскага, узбекскага, расійскага, інданезійскага кіно, былі іншыя знакамітыя фільмы, былі беларускія праграмы. “Беларусьфільм” апрабаваў сябе ў якасці фестывальнай дырэкцыі і атрымаў каласальны досвед. Нягледзячы на ўсю крытыку мы проста працуем і шукаем варыянты існавання і ажыццяўлення планаў. Цяпер будзем праводзіць работу над памылкамі, каб пазбегнуць іх у будучыні.
— А якія памылкі вы бачыце?
— Я лічу, што ў першую чаргу нам не хапіла часу, каб зладзіць паўнавартасную інфармацыйную кампанію. Натуральна, пачынаць рабіць праграму і прадстаўляць яе публіцы, забяспечваць належную рэкламу фільмам і паказам трэба значна раней, чым гэта атрымалася ў нас сёлета. Бо фестываль рыхтаваўся ў вельмі кароткія тэрміны і якраз на прэзентацыю конкурсных і фестывальных падзей часу не ставала. Былі і нейкія нашы ўнутраныя тэхнічныя складанасці — звязаныя, напрыклад, з лагістыкай, з арганізацыяй мерапрыемстваў. Мы бачым, што і дзе можна палепшыць: на пасяджэннях аргкамітэта абавязкова ўсё абмяркуем, прааналізуем і зробім высновы. Напрыклад, можна было б нават трохі зменшыць колькасць кінапаказаў, прынамсі ў Мінску, бо з такой насычанай праграмай мы самі, арганізатары, падчас не ўсюды паспявалі. Хаця з іншага боку — атрымалася шырокая палітра кіно. Яшчэ — у далейшым мне хацелася б прыцягнуць да “Лістапада” менавіта маладое пакаленне гледачоў і творцаў. Хацелася б і большага прадстаўніцтва Беларусі ў конкурснай праграме, каб у асноўным конкурсе ігравога кіно ўдзельнічала беларуская стужка, каб прысутнічала прадукцыя не толькі “Беларусьфільма”, але і іншых студый, і г. д.
Зазначу, дарэчы, што карціны, зробленыя на “Беларусьфільме”, не траплялі ў конкурс “Лістапада” аўтаматычна — мы далі магчымасць адбору тым, хто фарміраваў праграмы, праграмным дырэктарам. Кінастудыя падавала значна большую колькасць стужак, і далёка не ўсе з іх прайшлі адбор — толькі тры. У раздзеле “Кіно маладых” удзельнічаў яшчэ фільм студэнта Акадэміі мастацтваў Кірыла Халецкага, а іншага багатага выбару беларускіх фільмаў і не было.
— Думаеце ўжо над фестывалем будучага года?
— Канешне. Спадзяемся, што кінастудыя і застанецца ў якасці пастаяннай дырэкцыі і мы выбудуем доўгатэрміновую стратэгію, прадставім “Лістапад” на кінарынках, будзем глядзець фільмы, сачыць за падзеямі ў кінасвеце, знаёміцца, шукаць сяброў, запрашаць да сябе… Павінна пачацца актыўная, але планавая, сістэмная праца — не ў аўральным рэжыме, як гэта было зараз.
— Цягам фестывалю адбыўся шэраг афіцыйных сустрэч з падпісаннем пагадненняў аб супрацоўніцтве. Асобна “Беларусьфільм” заключыў дамову з узбекскімі калегамі. У чым яе змест?
— У супрацоўніцтве з Узбекістанам мы маем ужо канкрэтныя вынікі, усё ўжо працуе. Фільм “Ілхак”, што атрымаў Гран-пры “Лістапада”, — як адно са сведчанняў: ён зняты пры ўдзеле кінастудыі “Беларусьфільм”. На фестывалі мы правялі прэзентацыю нашага супрацоўніцтва і падпісалі дамову. І надалей узбекскім кінематаграфістам мы будзем аказваць максімальнае спрыянне ў здымках. Распрацавана цэлая праграма. Сярод пунктаў — фільм “Казбек”, над якім ужо ідзе праца. Гэта сумесная карціна кінастудый “Беларусьфільм” і “Узбекфільм” на парытэтнай аснове: 50% фінансавання — з узбекскага боку, 50% — з нашага. Якраз зараз рэжысёр фільма Мухамад Алі Іскандараў працуе ў Мінску з беларускай камандай над рэжысёрскім сцэнарыем. Таксама ёсць дамова, што ўзбекскія калегі прыедуць у Мінск здымаць фільм “Узбечка”. Абедзве карціны прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Ішла гаворка і пра дыстрыбуцыю нашых фільмаў ва Узбекістане і пра іх паказ на тамтэйшым тэлебачанні. Аналагічнае ж пытанне — пра ўзбекскія фільмы на беларускім тэлебачанні — абмяркоўвалася на сустрэчы генеральнага дырэктара Агенцтва кінематаграфіі Рэспублікі Узбекістан Фірдаўса Абдухалікава са старшынёй Белтэлерадыёкампаніі Іванам Эйсмантам. Плануецца, што да канца года ў Ташкенце мы працягнем гэтую размову.
— Кіраўнікі дзяржаўных кінастудый з дзевяці краін таксама сустракаліся на “Лістападзе” і абмяркоўвалі будучую сумесную працу…
— Пасля таго, як студыі Арменіі, Беларусі, Грузіі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана падпісалі 9-баковае пагадненне аб супрацоўніцтве, нашае згуртаванне павінна атрымаць юрыдычны статус — канфедэрацыяй кінастудый гэта будзе называцца, асацыяцыяй ці неяк інакш. Наступнае пасяджэнне савета дырэктараў адбудзецца неўзабаве, і там мы паглядзім, якая падтрымка магчымая з боку Выканкама СНД. Мяне прапануюць уключыць у рабочую групу Выканкама СНД па кінематаграфіі — будзем прапрацоўваць нарматыўныя акты, вывучаць фінансавыя магчымасці, вырашаць, як мы можам працаваць з узаемнай карысцю.
— Як вы можаце патлумачыць неабходнасць такога супрацоўніцтва кінастудый?
— У нас агульныя праблемы — пасля распаду Савецкага Саюза мы ўсе апынуліся кожны ў сваёй прасторы, найперш — у сваёй інфармацыйнай прасторы, прасторы кінапракатнай. Дзяржаўныя кінастудыі засталіся, але якімі яны павінны быць? У дадзеным выпадку мы шукаем алгарытм правільнага суіснавання ў новых умовах. Мы можам дапамагчы адно аднаму: хто з нарматыўнай базай, хто з ідэямі фінансавання, хто з пітчынгамі, хто з кадрамі. Да таго ж мы вырашылі, што кожная кінастудыя абавязкова павінна прымаць удзел у кінафестывалях, якія ладзяцца ў той ці іншай краіне-партнёры, у правядзенні Дзён кіно. Так, нядаўна беларуская дэлегацыя ездзіла на адроджаны Ташкенцкі кінафестываль, каб падтрымаць калег. Больш за тое, мы будзем імкнуцца, каб фестывалі і Дні кіно праходзілі максімальна эфектыўна — не проста паказалі ды забылі, а каб пасля гэтага пачынаўся пракат фільмаў.
Мяне радуе, што пасля вялікага перапынку ў нашу краіну пачалі прыязджаць узбекскія кінематаграфісты, казахскія, адразу пасля савета дырэктараў да нас звярнуліся з Кыргызстана — хочуць здымаць у нас кіно, Грузія прапаноўвае сцэнарыі для сумеснага фільма — жыццё актывізавалася, і ў “Беларусьфільме” ўбачылі партнёра, якому можна давяраць. Камусьці патрэбна дапамога ў падрыхтоўцы кадраў, хтосьці шукае аператараў, некаму не хапае ўласнага рэжысёрскага патэнцыялу… З азіяцкіх краін ужо прагучала просьба аказаць спрыянне ў рэстаўрацыі іх айчыннага кінафонду — бо мы ў Беларусі са сваім кіно зараз гэтым шчыльна займаемся, маем і вопыт, і абсталяванне.
І калі мы хочам зняць кіно, якое будзе запатрабаванае, то чаму б не рабіць яго разам? Падобных прыкладаў у свеце дастаткова. Нават па сёлетняй праграме “Лістапада” можна заўважыць, колькі не самых вялікіх краін аб’ядноўвалася ў стварэнні аднаго фільма — падчас было да пяці вытворцаў! А потым жа гэты фільм і пракатваецца па ўсіх пяці краінах. Бо не сакрэт, што ўваход у капрадукцыю дае магчымасць выхаду на новыя рынкі. А давайце шчыра прызнаемся, што акрамя Расіі ўсе астатнія рынкі — маленькія. Таму і трэба нам разам з краінамі Закаўказзя і Цэнтральнай Азіі выступаць разам. У кожнай з іх ёсць свае дадатковыя сувязі — той жа выхад на Кітай, як у Казахстана, на Паўднёва-Усходнюю Азію… Такім чынам, можа адбывацца і абмен сувязямі.
— Ці ёсць запланаваныя падзеі, пра якія ўжо можна казаць?
— Мы дамовіліся, напрыклад, што вясною наступнага года ў Санкт-Пецярбургу будзе прадстаўлена “Залатая калекцыя кіно краін СНД” і там жа пры падтрымцы нашай кінастудыі пройдуць адукацыйныя форумы і семінары. Але многія пытанні яшчэ толькі прапрацоўваюцца. Магу сказаць, што думаем над сумесным расійска-беларускім фільмам — да вясны падрыхтуем прапанову, каб атрымаць пацвярджэнне ад Мінкультаў нашых дзвюх краін. Гаворка пра супрацоўніцтва з “Ленфільмам”: Санкт-Пецярбург і Беларусь гістарычна звязвае вельмі многае, і нават першая беларуская кінастудыя мастацкіх фільмаў “Савецкая Беларусь”, папярэдніца “Беларусьфільма”, у 1928 годзе была ўтворана менавіта ў гэтым горадзе на Няве. Дарэчы, а ці ведалі вы, напрыклад, што вялікая колькасць адміралаў Балтыйскага флоту былі беларусамі?
— Госцем “Лістапада” стаў і Тэцура Сімагуці з Японіі, кіраўнік самурай-шоу, знакаміты працай у якасці пастаноўшчыка баявых сцэн у фільмах Квенціна Таранціна. Якія планы ў “Беларусьфільма” на работу з японскім майстрам?
— Тэцура Сімагуці сапраўды зацікаўлены ў супрацоўніцтве, ім з жонкай — а яна кампазітар, піша музыку для кіно, — вельмі спадабалася ў Беларусі. І ёсць ідэя пра прыгодніцкі фільм, у якім Тэцура мог бы прыняць удзел: я лічу, што атрымаць у нашу скарбонку такога спецыяліста для стварэння баевікоў вельмі няблага. Увогуле, мы зараз збіраем вакол сябе саюзнікаў, тых, хто хоча з намі сябраваць, хто можа нас падтрымаць, хто можа да нас прыехаць. Без сувязяў у сучасным кіно вельмі складана вырашаць любыя пытанні, будзь то ўваходжанне на новыя рынкі ці арганізацыя фестывалю: максімальна эфектыўнай праца кінастудыі можа быць толькі з выхадам на знешнія рынкі.
— Не магу не спытаць, якая праца зараз вядзецца на кінастудыі?
— Як я ўжо казаў, рыхтуем сумесныя фільмы з Узбекістанам, з Расіяй. І рыхтуем адзін вялікі нацыянальны праект — пакуль не маю права нічога казаць. Гэта што тычыцца ігравога кіно. У вытворчасці — поўнаметражны анімацыйны фільм “Песня Сірын”. З актуальнага для студыі — да канца года адпаведна з дзяржаўнай праграмай “Культура” мы павінны здаць 1320 хвілін адрэстаўраваных карцін з нашай класікі. Падрыхтаваны пакеты для продажу нашый кінапрадукцыі ў Расію і краіны Паўднёва-Усходняй Азіі. Думаем пра больш шчыльнае супрацоўніцтва з Акадэміяй мастацтваў, каб у летні перыяд пачаць здымкі фільма са студэнтамі Акадэміі. Ідзе работа над анімацыйнымі і дакументальнымі стужкамі. Многае ў планах, многае ў распрацоўцы.