У сучасным свеце канкурэнтаздольнасць дзяржавы вызначаецца не запасамі прыродных рэсурсаў, а інтэлектам і творчым патэнцыялам людзей. Культура з’яўляецца важным рэсурсам дыпламатыі, які можа быць выкарыстаны для прамоцыі інтарэсаў дзяржавы і паляпшэння ўзаемаразумення паміж народамі. З 24 па 26 лістапада ў Мінску на базе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбыўся Расійска-беларускі форум новых культурных ініцыятыў, арганізатарамі якога выступілі Міністэрствы культуры Беларусі і Расійскай Федэрацыі.
Пленарнае пасяджэнне форуму было прысвечанае культурным ініцыятывам як аснове развіцця творчых індустрый у Беларусі і Расіі. Генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аксана Кніжнікава распавяла аб асноўных напрамках супрацоўніцтва між беларускімі і расійскімі бібліятэкамі, узаемадзеянні ў сферы міжнароднага дакументаабмену, фарміраванні агульных лічбавых калекцый, аднаўленні помнікаў кніжнай культуры. Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі заключаныя дванаццаць пагадненняў аб супрацоўніцтве з бібліятэкамі і іншымі ўстановамі сферы культуры шэрагу адміністратыўна-тэрытарыяльных адзінак Расійскай Федэрацыі.
БІБЛІЯТЭКА
Найбольш актыўна развіваецца сфера міжнароднага дакументаабмену. За апошнія паўтара года каля тысячы сямісот дакументаў былі перададзеныя расійскім бокам у Нацыянальную бібліятэку Беларусі, у зваротным жа напрамку было перададзена каля тысячы васьмісот дакументаў. Актыўна вядзецца работа па стварэнні агульных лічбавых калекцый дакументаў: тут можна адзначыць праект “Залатая калекцыя Еўразіі”, накіраваны на прэзентацыю найбольш выдатных і каштоўных выданняў, якія прадстаўляюць культуры краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў. У рамках гэтага праекта Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі былі прадстаўленыя сто пяць выданняў — зрэшты, Беларусь з’яўляецца лідарам сярод усіх краін-удзельніц па колькасці выданняў, даступных у праекце.
Сумесна з Прэзідэнцкай бібліятэкай імя Б.М.Ельцына Нацыянальная бібліятэка Беларусі бярэ ўдзел у стварэнні электроннай калекцыі “Памяць аб вялікай перамозе”, у якую беларускім бокам было прадстаўлена каля шасцісот дакументаў. Расійскія ж калегі, у сваю чаргу, перадалі для нашых лічбавых калекцый копіі амаль усіх памятных кніжак беларускіх губерняў, якія выдаваліся штогод у часы Расійскай імперыі і з’яўляюцца каштоўнымі крыніцамі ў гісторыі гэтага перыяду нашай агульнай мінуўшчыны. Сёлета Нацыянальная бібліятэка Беларусі далучылася таксама да праекта агульнаеўрапейскага культурнага маршрута “Святыні непадзеленага хрысціянства”, накіраванага на папулярызацыю агульнахрысціянскай культурнай і духоўнай спадчыны.
МУЗЕЙ
Намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Сяргей Вечар распавёў аб перспектывах развіцця гэтай установы. Галоўны корпус, збудаваны ў 1957 годзе, даўно зрабіўся цесным для размяшчэння ўсіх экспазіцый, фондаў і службаў музея. Роўна праз паўстагоддзя, у 2007 годзе, быў узведзены новы корпус, які прымыкае да старога з боку двара. Сёння калекцыя музея налічвае больш за трыццаць дзве тысячы твораў мастацтва, таму ў пэўны момант узнікла пытанне аб чарговым пашырэнні плошчаў.
Старт стварэнню новага музейнага комплексу быў дадзены ў 2011 годзе, і ў выніку сёлета ў сярэдзіне снежня мусяць быць здадзеныя два будынкі па вуліцах Карла Маркса і Кірава — абодва яны не наваўзведзеныя, а збудаваныя яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя, а цяпер рэстаўраваныя і прыстасаваныя пад новыя патрэбы. У адным з іх, што па вуліцы Кірава, 25, размесцяцца рэстаўрацыйныя майстэрні, а таксама фонды. Рэстаўрацыйная служба музея — найвялікшая ў краіне, тут працуюць тры дзясяткі рэстаўратараў, якія здзяйсняюць работы па дзесяці спецыялізацыях, таму пашырэнне плошчаў для яе патрэб даўно наспела. А ў другім будынку, па вуліцы Карла Маркса, 24, адкрыюцца новыя экспазіцыі — такім чынам дадаецца 900 м плошчы. Размесцяцца тут таксама кавярня і зона для гандлю сувенірнай прадукцыяй. Выставачны корпус злучаны з галоўным будынкам музея надземнай галерэяй. Да адкрыцця новых прастораў музей рыхтуе адмысловую выставу сваіх шэдэўраў.
ДЫЯСПАРЫ
Нязменным застаецца і клопат аб нашых суайчынніках за мяжой. З 21 па 27 лістапада ў Беларусі адбывалася стажыроўка прадстаўнікоў творчых калектываў і грамадскіх арганізацый беларусаў замежжа, арганізатарам якой традыцыйна выступаў Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур. Сёлета ў ёй бралі ўдзел трыццаць чалавек з Расіі, Казахстана, Латвіі, Эстоніі, Украіны, Узбекістана і Італіі. Прадстаўнікі дыяспары знаёміліся з беларускімі песнямі, танцамі, нацыянальнымі абрадамі, для іх праводзіліся майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, вакале і харэаграфіі. Адбыліся таксама выезды ў рэгіёны — у Магілёў, Ракаў і Івянец, падчас якіх госці здолелі бліжэй і глыбей азнаёміцца з культурным жыццём краіны.
А 26 лістапада землякоў чакала экскурсія па будынку Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета. Удзельнікі стажыроўкі здолелі наведаць службовыя памяшканні тэатра, завітаць за сцэну, зблізку азнаёміцца з тэатральным рэквізітам і нават пабываць у памяшканнях пад сцэнай і агледзець ліфты, якія падчас спектаклю падымаюць акцёраў уверх у патрэбны момант. Многія з гасцей са здзіўленнем даведаліся, што будынак тэатра, узвядзенне якога было завершана яшчэ ў 1939 годзе, мае васямнаццаць паверхаў — сем падземных і адзінаццаць над зямлёй.
Пасля экскурсіі ўдзельнікаў стажыроўкі чакала сустрэча з міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Анатоліем Маркевічам. Па выніках дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў беларусаў замежжа прадстаўнікі дыяспары былі ўзнагароджаныя ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь альбо падзякай міністра. Узнагароджанне адбылося ў камернай зале тэатра, а на завяршэнне нашы землякі атрымалі музычны падарунак ад тэатра — перад імі выступілі вядучыя салісты оперы, лаўрэаты дзяржаўных і міжнародных прэмій.
Напрыканцы ж сустрэчы самі ўдзельнікі стажыроўкі зрабілі падарунак у адказ для гаспадароў, выканаўшы знакамітую песню Ігара Лучанка на словы Алеся Ставера “Жураўлі на Палессе ляцяць”.
На развітанне з землякамі Анатолій Маркевіч заўважыў: “За тыя пяць дзён, якія вы правялі ў Беларусі, узнікла ўражанне, нібыта мы былі разам усё жыццё — і так і ёсць, бо душа, тая таямніца, якой мы не ведаем, сама робіць за нас гэтую справу: далучае да мастацтва і аб’ядноўвае ва ўсіх нашых марах і дзеяннях, а гэта сведчыць аб тым, што мы разам працуем дзеля таго, каб было добра на зямлі беларускай і на зямлі кожнай дзяржавы, якую сёння вы прадстаўляеце”.